Калі перакласці літаральна, даслоўна, то атрымаецца цяжкавымоўнае гукавое спалучэнне. Але рабіць гэтага і не трэба, бо тэрмін «шрус» (ШРУС) па сутнасці няправільны, нелагічны.
Расшыфроўваецца рускамоўная абрэвіятура ШРУС (пішуць яе і малымі літарамі, бо ў асяроддзі аўтамабілістаў слова шырока распаўсюджана) як «шарнир равных угловых скоростей» (бел. «шарнір аднолькавых вуглавых хуткасцей»): гэты вузел перадае пад вуглом круцільны* рух ад каробкі** перадач да актыўнага*** кола. Але любы шарнір, якім бы ён ні быў (хоць карданны, хоць гэты самы «шрус», хоць завеса), прызначаны менавіта для работы пад вуглом, г.зн. згадка ў «шрусе» вугла лішняя, таўталогія («вуглавы вугал», «жалезнае жалеза», «вадзяная вада» і г.д.). Бадай, лішнім з’яўляецца і акцэнтаванне ўвагі на роўнасці (аднолькавасці) хуткасцей, бо шарнір у строгім разуменні гэтага слова перадае рух без змянення колькасці абаротаў: калі б ён прымаў ад каробкі перадач адну колькасць абаротаў, а перадаваў колу іншую (большую ці меншую), то гэта ўжо быў бы не шарнір, а рэдуктар, ці дадатковая каробка перадач, ці яшчэ што заўгодна (існуюць, напрыклад, шарнірныя муфты, шарнірныя варыятары і іншыя мудрагелістыя прыстасаванні, у найменнях якіх згадваецца шарнір). Такім чынам, ведучы гаворку пра вузел, які перадае рух ад каробкі перадач да кола, варта ўжываць слова «шарнір» з канкрэтызацыяй па яго месцазнаходжанні і функцыі: трансмісійна-колавы шарнір (з’яўляецца элементам трансмісіі і перадае рух колу) — без ніякіх абрэвіятур.
Калі ж вельмі карціць перанесці гэты тэрмін з рускай мовы ў беларускую ў абрэвіятурнай форме, ды каб яна яшчэ і вымаўлялася лёгка, то магу прапанаваць такі варыянт: шарнірны перадатчык (шарнірная перадача) руху актыўнаму колу — ШПРАК. Мяркую, што ў народзе яго сталі б называць «шпаком» — і гэта лепш, чым рускамоўная «граната». Да птушкі ён, вядома ж, не падобен, але, напрыклад, канцавы выключальнік стоп-сігналаў таксама не нагадвае ніякую жывёлу, а завуць жа яго жабаю (руск. «лягушка»)… Можна разгледзець і варыянт ШПРУК: шарнірны перадатчык (шарнірная перадача) руху колу, гэта крыху няправільная абрэвіятура, бо ад слова «рух» у ёй узятыя дзве літары, але такога кшталту адхіленні (устаўка ў абрэвіятуру лішняй літары або, наадварот, выпадзенне патрэбнай) у моўнай практыцы часам сустракаюцца.
А яшчэ, вядома ж, можна пакінуць усё, як ёсць: няхай сабе шрус застаецца шрусам — словам іншамоўнага паходжання.
__________
* У слоўніку — «вярчальны», але мне хочацца паэксперыментаваць.
** Гэтае слова мне не даспадобы, але альтэрнатывы я пакуль што не знайшоў, «скрынка» таксама здаецца недарэчнаю.
*** У лінгвістычнай літаратуры — «вядучае». Але суфікс «уч» у такога кшталту выпадках словаўтварэння малапрадуктыўны, не ўласцівы беларускай мове, успрымаецца як русізм.
© Сяргей Абрамовіч, 2025
__________