Дакладнага (на 100% ідэнтычнага сэнсава і стылёва) адпаведніка гэтаму рускаму слову ў беларускай мове няма. У розных кантэкстах у значэнні «беспредел» можна ўжываць словы «беззаконне», «бязладдзе», «усёдазволенасць», «беспакаранасць», словазлучэнне «адсутнасць парадку» і іншыя моўныя адзінкі, прыдатныя ў той ці іншай сітуацыі.
Калі паспрабаваць асвоіць слова «беспредел» шляхам калькавання (літаральнага перакладу кожнай яго часткі — прыстаўкі «бес» і кораня «предел»), то атрымаецца «бязмежжа» ці «бязмежнасць», але гэтая лексічная адзінка ўжо існуе ў беларускай мове і мае выключна прасторавае значэнне («вялікая тэрыторыя»), таму выкарыстанне яе для абазначэння нейкай абуральна непрымальнай сітуацыі, чыіхсьці абуральна непрымальных паводзін выглядае недарэчна і камічна.
На фотаздымку: бязмежжа, бязмежнасць — «беспределом» іх не назавеш.
© Сяргей Абрамовіч, 2025
