Малады нячысты на руку і прыдуркаваты п'яніца прайшоў усе калгасы ды пільні ў ваколіцах сваёй вёскі, нідзе доўга не затрымліваючыся: то за бесталковасць, то за крадзеж, то за прагулы і запоі ад яго пазбаўляліся, і настаў момант, калі шанцаў знайсці заробак блізка да месца жыхарства засталося нуль.
У пошуках дапяў аж да сталіцы — зрабіўся грузчыкам у гіпермаркеце. Далі дзе жыць і заробак 1700 рублёў, дома столькі ніколі не меў.
Уладкаваўшыся, з месяц на радзіме не паказваўся, але нарэшце завітаў — у яшчэ не зашмальцаванай фірменнай уніформе сваёй крамы, пазіраючы на землякоў, бы пан на сялян. Праўда, фанабэрыя трымалася нядоўга: шаноўнаму госцю налілі, за чаркаю ён зрабіўся ранейшым, простым і зразумелым, і распавёў, што зноў мае на руках працоўную кніжку, бо папаўся, украўшы на складзе гіпермаркета выпіць і закусіць.
© Сяргей Абрамовіч, 2025
