Пахмурным вераснёўскім днём у гастраном на ўскраіне панылага, нічым не адметнага райцэнтрыка ўвайшоў п'яны з катом на руках.
Кот — адкормлены, чорны, з белымі кончыкамі лап, белай пыскаю, белымі вусамі і белай плямаю на грудзях. Гаспадар — худы, няголены, у чорным спартыўным касцюме з трайнымі белымі лампасамі і ў некалі белых, а цяпер шэра-брудных красоўках.
Чалавек спусціў жывёліну на падлогу каля прылаўка і стаў купляць чарніла. Спадарожнік цёрся аб яго ногі, не адыходзіў.
— Што гэта такое, з жывёламі нельга! — усё ж вырашыла зрабіць заўвагу прадаўшчыца, аддаючы тавар і рэшту (да гэтага моманту, відаць, вагалася, запратэставаць ці нічога не заўважыць, а можа, асцерагалася, што наведнік акажацца паслухмяным, вынесе ката на двор і праз збег якіх-небудзь абставін не вернецца, — мінус адзін патэнцыяльны продаж*). — Зараз ушчэміцца куды-небудзь пад вітрыну — што тады рабіць?
— Не ўшчэміцца, яна ручная, гэта мая Анфіса, яна ўсюды толькі са мною, на крок не адыходзіць, — з гонарам запярэчыў-заспакоіў п'яны і тым самым удакладніў, што прыйшоў з кошкаю, а не з катом.
![]() |
| Амаль такая была кошка, толькі мела больш белага на пысе і бліскучае футра. |
Заціснуў бутэльку пад левую паху, узяў на рукі гадаванку і рушыў у іншы канец крамы, да хлебных стэлажоў.
— Закусь? — кіўнуў на кошку грузчык, які зрабіў у гандлёвай зале нейкія свае справы і цяпер ішоў насустрач — кіраваў у службовае памяшканне.
— Не, гэта мая Анфіса, яна ўсюды са мною, — сур'ёзна адказаў п'яны, нібыта ў гастраномах сапраўды прадаюць катоў харчовага прызначэння, ды яшчэ і ў жывым выглядзе.
Дапоўніўшы пляшку боханам чорнага хлеба, усклаў набыткі на сагнутую ў локці левую руку, а жывёліну пасадзіў на правую, і выйшаў з крамы.
Тлустай, важкай кошцы цяпер — на адной кашчавай руцэ — было нязручна. Калі п'яны адышоў ад гастранома на якіх метраў дзесяць, верная Анфіса, не вытрымаўшы, саскочыла і ленавата павалаклася абы-куды: працяг банкету яе відавочна не цікавіў.
_____
* Сапраўдны гандляр — дбае найперш пра тое, каб прадаць. Чытайце на гэтую тэму: «І авечкі парваныя, і ваўкі галодныя», «Злодзей у краме — удача для прадаўца».
© Сяргей Абрамовіч, 2025
