22.09.2025

Я спрабаваў уратаваць кіношнікаў ад ляпсусу, але марна

Пра тое, што спроба не дала жаданага выніку, даведаўся нядаўна — праз год пасля свайго высакароднага памкнення.

12.09.2024 я прысутнічаў на закрытым паказе амаль гатовай да выпуску ў пракат навінкі кінематографа — беларуска-расійскай стужкі «Чорны замак» паводле рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі» (кіно рускамоўнае, тут і далей прыводжу назву і цытую рэпліку персанажа ў перакладзе на беларускую). Мерапрыемства адбылося ў сталічным кінатэатры «Беларусь». Пасля дэманстрацыі фільма арганізатары прапанавалі гледачам абмеркаваць яго з удзелам стваральнікаў — прадстаўнікоў кінастудыі «Беларусьфільм» і расійскага ТАА «Нью Арт Синема Продакшн». Мне, жыхару іншага горада, трэба было зрабіць у Мінску яшчэ адну справу і спяшацца на цягнік, таму на абмеркаванне я не застаўся. А на вакзале, атрымаўшы нарэшце з паўгадзіны вольнага часу, знайшоў на сайце «Беларусьфільма» два электронныя адрасы і адправіў на іх паведамленне пра фактычную недакладнасць у стужцы.

Скрыншот з паштовай праграмы на маім смартфоне: два лісты, адпраўленыя на кінастудыю «Беларусьфільм».

Адказу не чакаў (і не атрымаў), бо паводле заканадаўства пасланні праз электронную пошту не з'яўляюцца зваротамі і рэагаваць на іх не абавязкова. Але вырашыў, што пасля выхаду фільма на тэлеэкраны пацікаўлюся, ці выпраўлена памылка (стваральнікі ў дзень закрытага паказу паведамілі пра намер падкарэкціраваць стужку да выпуску ў масы). І крыху пазней чым праз год, 21.09.2025, магчымасць праверыць рэакцыю кіношнікаў на маю заўвагу надарылася.

Валяючыся дома пасля даволі сур'ёзнай хірургічнай аперацыі, я абыякава блукаў па нетрах праграм інтэрактыўнага тэлебачання і натрапіў на той самы «Чорны замак». Пераглядваць цалкам не стаў, бо ніколі не пераглядваю нават упадабанае кіно і не перачытваю нават упадабаныя кнігі (жыццё адзінае, а скарбонка мастацтваў неабдымная: дай бог спажыць усе творы хаця б аднаразова), але дзякуй вынаходнікам інтэрактыўнага ТБ, — я запусціў фільм, хутка знайшоў патрэбны эпізод і зразумеў, што агрэх застаўся.


На вышэйпрыведзеным кадры ўжо шырокадаступнага «Чорнага замка» малады чалавек прыняў тэлефанаванне з незнаёмага нумара. Суразмоўца паведаміў яму літаральна наступнае: «Я з міліцыі, следчы», у той час як следчыя з'яўляюцца прадстаўнікамі Следчага камітэта і да міліцыі не маюць адносін.

У Беларусі СК і МУС — два розныя ведамствы. Калі дзесьці здзейснена злачынства ці адбылося сур'ёзнае здарэнне (з гібеллю людзей або жывёл, пашкоджаннем каштоўнай маёмасці і г.д.), то на месца гэтых падзей выязджае следча-аператыўная група, у якую ўваходзяць наступныя асобы: ад СК — следчы (ён з'яўляецца старшым групы), ад МУС — оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку, ад ДКСЭ (Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз) — судмедэксперт. «Міліцыянер-следчы» тэлефануе герою фільма з месца забойства, дзе ў той момант працуе следча-аператыўная група, г.зн. ён павінен быў назвацца або оперупаўнаважаным (калі з міліцыі), або следчым мясцовага падраздзялення СК (у адпаведнасці з сюжэтам «Чорнага замка» гэта было б Упраўленне СК па горадзе Мінску).

Блытаніна ведамстваў у творы мастацтва, вядома ж, не такая ўжо страшная хіба: на ідэйнае напаўненне фільма не ўплывае, мастацкаму ўзроўню ў вачах масавага спажыўца не шкодзіць — праглыне піпл і не заўважыць, а калі і заўважыць, то значэння не надасць, а калі хтосьці накшталт мяне і надасць, дык што з таго? Нават болей, маю заўвагу можна аспрэчыць: калі жыў Уладзімір Караткевіч, Следчага камітэта ў нас яшчэ не было (следчыя тады сапраўды служылі ў міліцыі). Але дзеянне кінастужкі перанесена ў нашу эпоху (герою, як бачыце, тэлефануюць на смартфон), таму сцэнарысту ўсё ж варта было прывесці сістэму сілавых структур у адпаведнасць сучасным рэаліям.

© Сяргей Абрамовіч, 2025