01.01.2021

І авечкі парваныя, і ваўкі галодныя

31 снежня ў кніжную краму ўвайшоў суб'ект сярэдняга росту, з няўстойлівай паходкаю і чырвоным тварам, у стракатым адзенні спартыўнага стылю, без шапкі, і стаў тэрарызаваць прадаўшчыц — азадачваў іх невыканальнымі патрабаваннямі накшталт «выберыце мне кнігу танную, але каб мне падышла, каб задаволіла мае патрэбы, вы прадаўцы — значыць, абавязаныя знайсці тавар у адпаведнасці з маімі запытамі і плацежаздольнасцю», браў прапанаванае, ішоў разлічвацца, на касе перадумваў і патрабаваў даць што-небудзь іншае, ірваўся следам за прадаўшчыцаю ў службовае памяшканне і г.д. Размаўляў гучней за ўсіх, голас яго быў чутны па ўсёй вялікай гандлёвай зале, а яшчэ па ўсёй зале ад яго разляцеўся смурод нейкага таннага пойла і абы-якой закускі.

З рэплік пеўнепадобнага знешнасцю і паводзінамі назолы можна было зразумець, што прыйшоў ён сюды ў пошуку навагодніх падарункаў жонцы і дзецям.

Гаспадыні крамы прадэманстравалі гасціннасць — не спяшаліся пагражаць міліцыяй, а вытанцоўвалі перад праблемным наведнікам, стараліся яму дагадзіць. Можа, такія талерантныя, а можа, гэта праява высокага прафесіяналізму, гандлярскага майстэрства: кліент заўсёды мае рацыю, гэта па-першае, а па-другое, хоць ён і агідная асоба, хоць і брыдка з такім мець справу, але ў яго кішэнях грошы, а значыць, гонар мундзіра абавязвае зрабіць так, каб гэтыя грошы законным чынам перамясціліся з кішэняў у касу.

У рэшце рэшт гэты паважны грамадзянін і ўзорны сем'янін — клапатлівы муж і бацька — купіў нейкі каляндар і нейкую кніжачку, і ў яго засталася жменя капеек, на якую нічога больш прапанаваць яму не маглі, але ён патрабаваў знайсці яшчэ падарунак дачцэ. Тады яго накіравалі ў канцылярскі аддзел. Там ён некаторы час дурыў галаву прадаўшчыцы, пасля раптоўна змоўк і знік, а праз некалькі імгненняў прадаўшчыца разгублена паведаміла калегам, што разам з ім знік адзін з маркераў, выстаўленых у стакане на касе побач з алоўкамі, ручкамі ды стрыжнямі.

Работніцы гандлю выканалі свае службовыя абавязкі на высокім узроўні — цярпліва ўдаючы добразычлівасць у зносінах з нягоднікам, максімальна спустошылі яго кішэні. Але і ён у даўгу не застаўся — хоць што, ды ўхапіў на халяву.

© Сяргей Абрамовіч, 2021