У кніжнай краме хлапец гадоў дванаццаці (мяркуючы па знешнім выглядзе, зусім не з беднай сям'і) набраў у заплечнік кніжак і пару штук узяў у рукі, каб разлічыцца за іх, а тыя, што ў заплечніку, вынесці задарма. Здарылася гэта напярэдадні 8 сакавіка, і смаркач, магчыма, спрабаваў такім чынам вырашыць праблему падарункаў, якія ў гэты дзень у нашым грамадстве прынята падносіць жанчынам і дзяўчынкам з ліку родных, сяброўкам ды аднакласніцам, але ажыццявіць задумку не змог: адна з прадаўшчыц заўважыла яго маніпуляцыі, дачакалася, пакуль на касе дойдзе да злодзея чарга, і схапіла за руку на месцы злачынства. Вывела з гандлёвай залы ў складское памяшканне і патрабуе тэлефон бацькоў. Ён просіць, каб адпусціла, а яна пагражае, што калі не дасць тэлефон, то выкліча міліцыю.
— Ну даруйце мне, калі ласка, я вас прашу, я болей не буду.
— Не прасі, адразу трэба было думаць. Нарабіў ліха — адказвай за свае ўчынкі.
— Ну не кажыце маім бацькам, мяне будуць моцна біць.
— І правільна зробяць, башку адаб'юць — разумнейшым будзеш, іншым разам думаць будзеш, перш чым рабіць [наконт умацавання розуму метадам адбівання башкі — гэта цытата, менавіта так прадаўшчыца і сказала]. Карацей, даеш тэлефон — ці я выклікаю міліцыю?
— Не трэба міліцыю, адпусціце мяне.
— Ды як жа я цябе адпушчу? Ты ж злачынства здзейсніў, ты ўкраў. Што, думаеш, у мяне дзяцей няма, мне іх карміць не трэба, мне заробак атрымліваць не трэба? Я павінна праз цябе нястачу са сваёй кішэні выплачваць?
У рэшце рэшт дапагнала* нумар, тэлефануе і ставіць перад фактам:
— Ваш сын спрабаваў вынесці ў нас кніг на столькі рублёў, а ў кішэні ў яго — толькі столькі. Будзем выклікаць міліцыю, ці вы прыедзеце?
Забіла адным стрэлам двух зайцаў: бацькі, вядома ж, прыедуць, каб пазбегнуць зносін з праваахоўнымі органамі, а значыць, і злодзей будзе пакараны (башку яму адаб'юць), і выручка вырасце (калі б умяшалася міліцыя, то ўкрадзены тавар проста вярнуўся б на паліцы, а цяпер яго купяць).
__________
*Дапаганя́ць — дабівацца, вымагаць, патрабаваць. Дыялектнае слова, якое я сустрэў у Івана Пташнікава і ўпадабаў. Падрабязнасці — тут.
© Сяргей Абрамовіч, 2020