01.07.2025

Ці не сапсаваць дзеля цікаўнасці тэлевізар?

Тэлевізар пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя.

Аднойчы напрыканцы дзяцінства, калі вучыўся ў дзясятым класе, я ці то выпадкова, ці то праз цікаўнасць прыклаў магніт да экрана ўключанага тэлевізара. Экраны ў іх тады былі не вадкакрышталёвыя ці плазмавыя, як цяпер, а электронна-прамянёвыя: усярэдзіне тэлевізара знаходзілася вялізная прыплюснутая колба з тоўстага шкла, звалася яна кінескопам, і экранам з'яўляўся яе высунуты вонкі фрагмент (унутры кінескопа — вакуум і ўсялякае электронна-аптычнае начынне). Вакол магніта адразу скрывілася выява. Аднёс — выраўнавалася, зноў прыклаў — зноў скрывілася. Бацькі гэтага свавольства не бачылі, былі на працы.

Пра цікавы візуальны эфект я распавёў свайму сябру-аднакласніку. Тэлевізар мая сям'я мела чорна-белы, а яго больш заможная раскашавала з каляровым (у хуткім часе і мы гэткі прыдбалі). Сябар паўтарыў мой эксперымент (таксама быўшы адзін дома) — і падкінуў бацькам турбот: на экране засталіся рознакаляровыя плямы (калі эксперыментаваў я, абышлося без відавочных наступстваў), тэлевізар давялося везці ў рамонт. Пра магнітныя штукарствы вінаваўца заплямленасці прамаўчаў, і дарослыя вырашылі, што прыбор саспасаваўся сам па сабе. Майстар сказаў, што кінескоп размагніціўся (ці намагніціўся, гэтыя дэталі мая памяць не захавала), і хутка ўсё выправіў: павадзіў каля экрана прыстасаваннем, што ўяўляла сабою пластмасавы электронны блок з драцяной рамкай, — плямы зніклі.

Аднакласнік быў хлопцам шкадлівым і схільным да хуліганства, таму сваім новым ведам і ўменням што да кінескопаў знайшоў зламысны ўжытак — вырашыў папсаваць магнітам усе маніторы камп'ютараў у кабінеце інфарматыкі. Ускочыў туды на перапынку, пакуль нікога не было (што дзіўна, бо інфарматык, выходзячы нават на хвіліну, кабінет звычайна замыкаў, а ў канцы працоўнага дня ставіў на сігналізацыю), і кінуўся вадзіць магнітам па экранах. Выявы дэфармаваліся, выраўноўваліся, аднак плямаў, да прыкрасці ліхадзея, не заставалася. Маніторы былі двухколерныя, толькі не чорна-белыя, як мой тэлевізар, а чорна-зялёныя. З гэтай акалічнасці мы з ім зрабілі выснову, што магніта баяцца толькі каляровыя кінескопы (я дыверсанта ў яго вылазцы не суправаджаў, але пазней бачыў, як на ўроку інфарматыкі ён крадком магніціў свой манітор — без наступстваў).

Неўзабаве аднакласнік ізноў чамусьці надумаў павадзіць магнітам па тэлевізары ў сябе дома. Можа, бацькам за што-небудзь помсціў (яны былі суровыя, шалапут часам распавядаў мне пра крыўду і злосць на іх), а можа, проста праз неўтаймоўнасць сваю (меў халерычны тэмперамент, вызначаўся мітуслівасцю, няўрымслівасцю, жулікаватыя вочы пастаянна бегалі, рукі што-небудзь круцілі-церабілі-ламалі). Гэтым разам тэлевізар у рамонт не пацягнулі, а папрасілі ў майстра рамку, прынеслі дахаты і самі ўсё зрабілі.

Прыкладаць магніт да сучасных тэлевізараў і манітораў я не спрабаваў. Падазраю, што нічога не адбылося б, але рызыкаваць не хачу, бо сорамна будзе прызнавацца майстру, што здзяцінеў.

© Сяргей Абрамовіч, 2025

__________