Калі я хадзіў у дзіцячы сад і пачатковыя класы, мой бацька працаваў шафёрам на свінакомплексе (цяпер яго ўжо не існуе) у нашай вёсцы. Кожны дзень ён выконваў аднолькавую задачу — на аўтамабілі МАЗ з прычапным фургонам вазіў свіней са свінакомплексу ў райцэнтр на мясакамбінат, за 20 кіламетраў. Часам браў у рэйс мяне — проста пакатацца (мне такое баўленне часу падабалася) ці з нейкай патрэбы, напрыклад, каб звазіць у раённую бальніцу.
Свінакомплекс размяшчаўся за некалькі кіламетраў да вёскі, людзей туды і назад дастаўлялі службовыя аўтобусы. Задумаўшы паездку, бацька мог, у залежнасці ад абставін, забраць мяне з дому на ўжо загружанай машыне, а мог павесці з сабою раніцай на аўтобус. Аналагічна і пасля працы часам прывозіў дахаты, а часам мы ўдваіх накіроўваліся з горада на свінакомплекс, а адтуль ехалі службовым аўтобусам.
У тыя дні, калі мне выпадала апынуцца на комплексе, я, пакуль бацька рашаў нейкія пытанні, цікаўна лазіў па спісаных напаўразабраных аўтамабілях на тэрыторыі мехдвара: садзіўся за руль і ўяўляў сябе кіроўцам, вышукваў сярод дэманціраваных запчастак і забіраў сабе ўсялякія жалезкі (падшыпнікі, клапаны, кранікі і інш., аднойчы нават прыцягнуў дахаты руль ад 53-га ГАЗа).
Знайшоў я такую самую забаву і на мясакамбінаце. У адрозненне ад свінакомплексу, дзе спісаная тэхніка была бессістэмна раскіданая па мехдвары, усе незваротна выведзеныя з эксплуатацыі машыны камбіната чакалі свайго далейшага лёсу разам, на прызначанай для іх пляцоўцы. І, пакуль бацька разгружаўся на двух пунктах прыёму (на адным здаваў здаровых свіней, на іншым — хворых), я чарговы раз прагна, захоплена, з надзеяй зноў чым-небудзь пажывіцца, даследаваў гэтыя аўтамогілкі.
Асартымент ламарэндзя тут цешыў мяне значна большаю разнастайнасцю: айчынныя грузавікі ГАЗ і ЗІЛ, трактарок Т-16М (з кузавам спераду), польскі мікрааўтобус «Ныса», савецкі РАФ, нейкі вілачны пагрузчык (ва ўжытку — «кара», не ў сэнсе «пакаранне», а, напэўна, ад англійскага слова «car», ці, магчыма, ён быў выраблены балгарскаю кампаніяй «Балканкар». Зрэшты, іх нярэдка і цяпер так называюць). І гэта не поўны пералік, а толькі машыны, якія мне запомніліся.
Ужо не памятаю, у якой з іх на панэлі з правага боку ад руля, прыкладна на ўзроўні паміж вадзіцельскім і пасажырскім сядзеннямі, размяшчаўся круглы механічны гадзіннік. Гэта быў штатны элемент камплектацыі, корпус гадзінніка знаходзіўся ўнутры, пад панэллю, а вонкі, на адным узроўні з яе паверхняю, глядзеў цыферблат са стрэлкамі пад плоскім шклом у металічным белым абадку, і ці то зверху, над лічбаю 12, ці то знізу, пад лічбаю 6, тырчала белая металічная галоўка для накручвання спружыны і кіравання стрэлкамі. Гадзіннік функцыянаваў: я накручваў яго, ён цікаў, секундная стрэлка бегла. Прыязджаў наступным разам — гадзіннік стаяў, і я зноў накручваў яго, і ён зноў ішоў.
Я прагнуў завалодаць ім, марыў пра гэты скарб, але дастаць нясцерпна жаданую цацку было не з маімі сіламі: гадзіннік сядзеў мёртва, не круціўся, не хістаўся, і я ўвогуле не цяміў, як ён там прымацаваны.
Пару разоў падчас такіх паездак бацька зазіраў да мяне на пляцоўку, цікавіўся, чым я займаюся, тлумачыў штосьці наконт марак і тэхнічных характарыстык тых транспартных сродкаў. Чамусьці мне не прыйшло ў галаву папрасіць у яго дапамогі з гадзіннікам. А можа, я і папрасіў, але ён не адважыўся свавольнічаць на чужой тэрыторыі, ужо не памятаю. Упэўнены, што ў яго машыне знайшліся б інструменты, каб лёгка дастаць прадмет маіх летуценняў.
І яшчэ ў нейкай машыне мяне зачаравала булавешка рычага пераключэння перадач з арганічнага шкла з ружаю ўнутры. Мне ў тым узросце ўвогуле падабалася ўсё аздобленае аргшклом: бранзалеты, дзяржанні нажоў, рычагі ў машынах… Як ні шкада, і гэтую сімпатычную забаўку я не ўратаваў, не выцягнуў з мясакамбінатаўскага аўтахламу.
Пасля пляцоўку сталі паціху вызваляць, з кожным маім прыездам машын на ёй заставалася меней. Разам з вывезенымі ў невядомым напрамку адзінкамі тэхнікі зніклі і дзве мае няспраўджаныя мары — гадзіннік і асуджаная на вечнае зняволенне ў празрыстасці ружа. У рэшце рэшт пляцоўка апусцела і перастала існаваць у выніку рэканструкцыі тэрыторыі мясакамбіната.
© Сяргей Абрамовіч, 2021