Быў у сталіцы — наведаў кнігарню. Меў настрой узяць што-небудзь мастацкае і публіцыстычнае ці пазнавальнае.
Звярнуў увагу на цэлую паліцу расійскіх выданняў пра лад жыцця ў розных краінах. Аформленыя ў аднолькавым стылі, і назвы аднатыпныя: «Францыя знутры. Як насамрэч жывуць у краіне выкшталцонай кухні і высокай моды» (кнігі на рускай мове, тут і далей перакладаю), «Бразілія знутры. Як насамрэч жывуць у спякотнай краіне карнавалаў», «Аўстралія знутры...», «Вялікабрытанія...», «Італія...» і інш., штук пятнаццаць.
Зацікавіўся б гэтай серыяй, калі б не разлічанае на непатрабавальны мяшчанскі густ прэтэнцыёзнае «насамрэч». Маўляў, сенсацыя, выкрыццё, разбураем міф, вас усіх падманвалі, зараз я вам раскрыю праўду (пакажу, як на самай справе жывуць у Францыі, Бразіліі, Аўстраліі...)!
Слоўнымі канструкцыямі, пабудаванымі на адыёзным «насамрэч», стракаціць інтэрнэт, асабліва блогасфера. Гэта спосаб завалодання ўвагай, завецца ён клікбэйтам: клікбэйтныя загалоўкі — сфармуляваныя шматабяцальна, з інтрыгаю, эпатажна, з непрыстойным намёкам, з ілюзіяй навізны і г.д., каб змусіць аўдыторыю клікаць па іх і ў выніку даўжэй заставацца на сайце. Публікацыі, навязаныя чытачу такім метадам, звычайна банальныя і беззмястоўныя (чаканні не апраўдваюцца: чалавек клікнуў і аказаўся падманутым), таму я іх не адкрываю: няхай сабе клікбэйцяць, хоць са скуры вылузнуцца, непісьменныя блогеры, жоўтыя журналісты, беспрынцыпныя гандляры і ўсялякая іншая інфармацыйная шантрапа, а ў мяне на яе імунітэт.
Вядома ж, далёка не кожная адзінка чалавечага кампанента біясферы вызначаецца інтэлектам і самапавагаю, таму нізкагатунковая клікбэйтная лухта таксама знаходзіць спажыўца. Знойдуцца ахвочыя і да вышэйзгаданай друкаванай прадукцыі. Можа, гэта і неблагія кніжкі, але прэзентаваны яны сумніўна — патэнцыяльнаму пакупніку нібыта кажуць: «Ты асоба з прымітыўнай душэўнай арганізацыяй і невысокімі патрабаваннямі, таму купіш і будзеш удзячны нам».
Пахадзіўшы па краме, я выбраў адзін зборнік твораў Ісака Бабеля і два — Анатоля Бутэвіча*.
__________
*Айчынны беларускамоўны аўтар. Нарадзіўся ў 1948 годзе. Вядомы як празаік і публіцыст. Я набыў зборнікі яго прозы. Узровень майстэрства, склалася ў мяне ўражанне, сярэдні: стаўлю 5 балаў паводле 10-бальнай шкалы (шмат банальных і наіўных разваг, невыразная мова, хапае граматычных памылак і стылёвых хібаў).
© Сяргей Абрамовіч, 2025
