14.08.2023

Кручаныя словы для пляцення пустых мудрагелістых тэкстаў

У мае студэнцкія гады на адной з лінгвістычных кафедраў нашага філфака быў выкладчык гадоў пад сорак, які вельмі любіў усялякія мудрагелістыя, кручаныя, знешне складаныя слоўцы, напоўненыя банальным, агульнавядомым, зразумелым сярэдняму чалавеку сэнсам, кшталту «некангруэнтнасць» замест «неадпаведнасць» і інш. Грузіў імі студэнтаў на лекцыях, павышаючы сваю значнасць у вачах аўдыторыі, ціснучы сваім аўтарытэтам, набіваў імі свае навуковыя публікацыі. «Слова» ў яго было толькі «лексемай», «значэнне» — толькі «семантыкай» і г.д. (страшнейшых тэрмінаў ужо не памятаю, цягам дзесяцігоддзяў праз непатрэбнасць выпарыліся з галавы). Але калі заглыбіцца ў сутнасць яго лекцый і публікацый, то нічога асаблівага ў іх не было, ніякіх вынаходніцтваў, прарываў — проста ўскладнены, насычаны тэрмінамі пераказ тэарэтычнага мовазнаўства ў тым аб'ёме, у якім яго выкладалі і год, і два, і дзесяць гадоў таму.

У якасці дакладу на канферэнцыі ці навуковага артыкула ён мог прааналізаваць які-небудзь невялікі літаратурны твор — назваць словы і сінтаксічныя канструкцыі, з якіх твор пабудаваны, адпаведнымі лінгвістычнымі тэрмінамі, сістэматызаваць гэтыя тэрміны (згрупаваць і падлічыць колькасць адзінак у кожнай групе) і завяршыць працу высноваю накшталт «такім чынам, аналіз гэтага твора мае істотнае значэнне для вытлумачэння сучасных тэндэнцый развіцця лексічнага багацця мовы». Ні пра што, але пашчыраваў аўтар дакладу ого як — знайшоў тэрмін для абазначэння кожнага элемента тэксту (для кожнага тыпу слова, кожнага тыпу словазлучэння, сказа, абзаца), фактычна прадубліраваў чужы твор сваёй тарабарскай моваю. Навошта — незразумела, але выглядае ўнушальна, каласальна, вельмі навукова, уражвае, а значыць, пашана і слава, дастаў чарговую зорку з неба.

Аднойчы з яго пажартавалі калегі па кафедры. Пераклалі нейкі яго артыкул з гэтай вычварнай, прэтэнцыёзнай мовы на звычайную, агульназразумелую (г.зн. замянілі ўсе «лексемы» на «словы» і г.д.), на нейкай нарадзе далі яму перайначаны тэкст і сказалі:

— Адзін таленавіты студэнт правёў цікавае даследаванне. Нам здаецца, яно вартае ўнясення ў зборнік работ нашай кафедры. Зірніце, калі ласка, і скажыце, што вы пра гэта думаеце.

Прачытаўшы, ён абурыўся:

— Што за лухта?! Пра што гэта? Гэта ж банальнасць — што бачу, тое спяваю! Што новае сказана ў гэтай працы? Ды нічога! Пералівае з пустога ў парожняе замшэлыя пастулаты, проста жангліруе заезджанымі паняццямі.

Слухаючы разгромны водгук, у нейкі момант калегі не стрымаліся і грымнулі рогатам. Тут ён усё зразумеў і выйшаў, гучна ляпнуўшы дзвярыма.

© Сяргей Абрамовіч, 2023

__________

Чытайце таксама, што вычаўплялі нашы выкладчыкі адной з літаратурных кафедраў: «Калялітаратурнае вар'яцтва на маім філфаку канца 90-х».