Неяк у мае студэнцкія гады (1996 — 2001) кампанія не самых талковых і старанных студэнтак нашага аддзялення (беларускай мовы і літаратуры) надумала пазбавіцца ад нялюбага ім выкладчыка рускай літаратуры шляхам падачы ў дэканат калектыўнай (падпісанай усім аддзяленнем, а гэта 120 чалавек) заявы з просьбаю аб замене гэтага спецыяліста. Прычыны непрыязнасці да яго мы мелі, паколькі ён не вельмі сябраваў з галавою, пра што распавяду ніжэй, але неадэкватнасць яго была хутчэй правілам, чым выключэннем: сярод усіх прадстаўнікоў кафедры гісторыі рускай літаратуры, на якой гэты чалавек працаваў, за гады маёй вучобы я сустрэў толькі траіх без выразных нервова-псіхічных адхіленняў, астатнія вычаўплялі чорт ведае што — замест выкладання прадмета навязліва і агрэсіўна дэманстравалі сябе, цешылі сваё самалюбства, самавыяўляліся, выліваючы на студэнтаў злосць за свае асабістыя нягоды, адыгрываючы на іх свае незадаволеныя амбіцыі, карацей, вампірылі залежных ад сябе людзей, самасцвярджаючыся за іх кошт. Як пачуваюцца ў сценах маёй альма-матэр сённяшнія пакаленні заўтрашніх настаўнікаў і журналістаў, не ведаю: зайшоў на сайт факультэта і на старонцы кафедры гісторыі рускай літаратуры ўбачыў толькі адзін знаёмы твар, якраз з ліку адэкватных.
Прывяду некалькі прыкладаў дэвіяцый, якімі вызначаліся прадстаўнікі гэтай кафедры:
1) Малады выкладчык старажытнарускай літаратуры навязваў усім ідэю пра тое, што цудоўная палова чалавецтва — мужыкі, а не жанчыны: называў хлопцаў найлепшымі прадстаўнікамі курса/групы/аддзялення, да месца і не да месца праецыраваў на сучаснасць са старажытнай літаратуры прыклады нядобрых учынкаў жанчын, зноў і зноў паўтараў, што жанчыны здатныя толькі на выкананне функцыі па нараджэнні і кармленні дзяцей, і, вядома ж, на экзаменах і заліках дзяўчат (а іх на філфаку большасць) за нязначную недакладнасць у адказе адпраўляў на пераздачу;
2) Пажылы дзядзечка прыйшоў замяніць нашага захварэлага выкладчыка (крыху маладзейшага за сябе), але замест лекцыі пра Дастаеўскага, якую павінен быў чытаць звалены хваробаю, ад званка да званка лаяў масонаў: яны, паводле яго пераканання, развалілі Расійскую імперыю і па сённяшні дзень перашкаджаюць яе адраджэнню. А той, дарэчы, каго ён замяняў, увесь час настальгіраваў па Савецкім Саюзе і казыраў сваёй камуністычнай непахіснасцю, вернасцю ленінскім ідэалам («Я партбілета не выкідваў!» і г.д.);
3) Выкладчыцы былі вартымі калег-мужыкоў, не адставалі ад іх у дзівакаватасці, цемрашальстве і адыёзнасці. Напрыклад, адна пастаянна істэрыла з прычыны дэвальвацыі літаратуры ў асяроддзі сучаснай моладзі (не цэняць і не разумеюць новыя пакаленні прыгожае пісьменства), аддавала аўдыторыю анафеме за нізкі ўзровень духоўнага развіцця і выганяла з філфака: «Вам тут не месца, ідзіце ў банкіры, астраномы, кухары і куды заўгодна яшчэ, толькі не ў літаратуразнаўцы!»; іншая, бы вышэйзгаданы летуценнік пра адраджэнне імперыі, скрыгатала зубамі з прычыны суверэннасці былых савецкіх рэспублік, толькі масонаў не прыплятала; яшчэ адна лаяла і сучасную нашу ўладу, і савецкую, і часоў царскай Расіі і ўвогуле невядома чаго хацела — карацей, усіх асуджала за ўсё дрэннае і за адсутнасць усяго добрага.
Чамусьці на іншых літаратурных кафедрах (тэорыі літаратуры, замежнай літаратуры, славянскіх літаратур, гісторыі беларускай літаратуры, сучаснай беларускай літаратуры) працавалі людзі цалкам адэкватныя — са здаровым сэнсам, аб'ектыўныя, карэктныя ў паводзінах (хіба што адзін малады выкладчык польскай літаратуры быў схільны да палітыканцтва, непрыстойнасцяў і самазакаханасці, а перадпенсійнага ўзросту спецыялістка па прыбалтыйскіх літаратурах ледзь не да слёз настальгіравала па савецкіх часах і чытала лекцыі празмерна эмацыянальна, нібыта на мітынгу лозунгі выгуквала). Магчыма, прычына ў тым, што ішла другая палова 90-х, а значыць напярэдадні, пасля распаду СССР, ва ўмовах уздыму нацыяналістычных настрояў выкладчыкі рускай літаратуры маглі зведаць дыскрымінацыю і, як вынік, страціць эмацыянальную раўнавагу, пакрыўдзіцца, узлавацца на ўвесь свет. Але гэта толькі маё дапушчэнне.
Ну, а як жа праштрафіўся перад намі той кадр, з якім захацелі разарваць усе дачыненні мае аднакурсніцы? Было яму гадоў пяцьдзясят, чытаў у нас нейкі перыяд XX стагоддзя. Бясконца асуджаў камуністаў і намагаўся шакіраваць аўдыторыю, смакуючы ўсялякія адлюстраваныя ў творах Салжаніцына ліхадзействы служак савецкай сістэмы, на кожнай лекцыі зноў і зноў экзальтавана, ашалела, ледзь не крыкам маляваў слоўную карціну прыгнёту літаратуры камуністычнай партыяй і нібыта зайздросціў чорнай зайздрасцю нам, студэнтам, за тое, што мы жывём у вольным грамадстве, не пакутуем так, як пакутавалі савецкія пісьменнікі ва ўмовах цэнзуры, ідэалагічнага прэсінгу: нейкая рэўнасць, асуджэнне, папрок у наш адрас пастаянна гучалі ў яго інтанацыях, таму ад экзамена большасць з нас не чакала нічога добрага. Звяртаўся да студэнтаў на «ты» і размаўляў з імі грэбліва-пагардлівым або паблажліва-насмешлівым (падкрэслена як з малымі дзецьмі) тонам і здзеклівымі мудрагелістымі намёкамі. А падставаю для напісання заявы стаў яго расповед пра наведванне Мікітам Хрушчовым выставы мастакоў-авангардыстаў: выкладчык паведаміў, што генсек тады нецэнзурна выказваў абурэнне карцінамі, і працытаваў адзін з выразаў Хрушчова, да таго ж артыстычна, натхнёна, пракрычаўшы яго два разы. Вось за гэты выкрык нашы актывісткі і ўхапіліся, надзеўшы маскі зняважаных высакародных чыстаплюек, хаця самі нярэдка выказваліся яшчэ мацней.
І вось сяджу я на перапынку ў аўдыторыі, і па руках ідзе, набліжаецца да мяне напісаная на выдраным са сшытка аркушыку ў клетку заява, і ўсе яе падпісваюць. Я прыкладна ў сярэдзіне аўдыторыі, нас, як я ўжо казаў, 120 чалавек, г.зн. да мяне падпіша амаль палова. Напружана чакаю сваёй чаргі: падпісваць не хачу (які сэнс, калі ўсе выкладчыкі псіхі: аднаго адменяць, другога прызначаць?), але і пайсці супраць большасці не ведаю ці хопіць духу. Нарэшце заява ў маіх руках. Даслоўна зараз не прыгадаю, але пастараюся зымітаваць яе, перадаўшы жалю варты змест і няўклюдны стыль: «Просім замяніць нам выкладчыка [прозвішча, ініцыялы] з прычыны нецэнзурнай лаянкі і прыніжэння» (з фармуліроўкі нават не было зразумела, хто каго аблайвае і прыніжае). Знаходжу ў гэтых гаротных двух радках дзве-тры памылкі (дакладна памятаю, што адна з іх была граматычная — няправільны канчатак слова), абвяшчаю пра знаходку на ўсю аўдыторыю і выношу вердыкт: падпісваць такі тэкст філолагу сорамна. Галоўная актывістка (дзяўчына, якая падала ідэю, напісала заяву і мелася несці яе ў дэканат) з прыкрасцю мацюкаецца, бярэ ў мяне паперу і пачынае выпраўляць памылкі — у адным месцы ледзь не прадзірае дзірку, сашкрэбваючы няправільнае напісанне лязом, у іншым тлуста-тлуста наносіць правільны варыянт на памылковы... Пасля пускае гэтую пародыю далей па руках. Я кажу, што падпісваць такую пэцканіну мне як філолагу не менш ганебна, чым да выдрапвання-замалёўвання памылак, і з мяне бярэ прыклад большасць.
Заява пайшла ў дэканат з няпоўным наборам подпісаў (меней за палову аддзялення), але, відаць, нейкія меры па выніках яе разгляду былі прынятыя, бо выкладчык з таго часу стаў больш стрыманым, нейтральным. Свой курс лекцый ён у нас дачытаў і экзамены прыняў (не лютаваў, хаця і без пераздач не абышлося — карацей, усё стандартна, сярэднестатыстычна). А ў 2004 годзе (праз тры гады пасля заканчэння ўніверсітэта) я даведаўся ад студэнтаў журфака, што ў іх гэты выкладчык таксама чытае лекцыі і па-ранейшаму не знаходзіць сабе месца і не дае іншым спакою, да таго ж яшчэ і пафарбаваў валасы ў фіялетавы колер (але гэта нібыта памылкова атрымалася: хацеў схаваць сівізну і ці то памыліўся ў выбары фарбы, ці то схібіў падчас яе нанясення).
© Сяргей Абрамовіч, 2022