09.08.2023

Лётае, як я ў дзяцінстве ездзіў на ровары


Нагадаў ён мне пра мой дзіцячы ровар. Але зусім не таму, што ў Беларусі раней выпускалі ровары маркі «Аист» (выпускаюць іх і цяпер, толькі пішуць гэтае рускамоўнае слова ўжо лацінскімі літарамі: Aist). Яны, дарэчы, былі для дарослых, а дзіцячыя ішлі пад маркаю «Орленок» (калі ў мяне такі з'явіўся, ён быў выпушчаны ўжо не ў Беларусі, а ў Літве, куды да таго моманту перамясцілася іх вытворчасць).

Яшчэ не навучыўшыся як належыць ездзіць на сваім атрыманым на дзень нараджэння «Арляняці», няўпэўнена трымаючы раўнавагу, я, каб крануццца і не грымнуцца, перакідваў нагу праз раму, пераводзіў педаль уверх і крыху ўперад, станавіўся на яе, іншай нагою адштурхоўваючыся ад долу, і пад маёй вагою ровар хутка стартаваў, а па-іншаму (напрыклад, стаўшы на педаль, што знаходзіцца ў ніжнім становішчы, да зямлі) я не паспяваў набраць хуткасць і валіўся.

Прыстасоўваецца, хітруе дзеля паспяховага ўзлёту і гэты бусел, якія нядаўна навучыўся лётаць, — спачатку раскідвае крылы, пасля саскоквае з гнязда, пару метраў падае, але дае рады абаперціся аб паветра і вынырвае, узносіцца. Цікава было б паглядзець, як ён пачынае палёт з зямлі.

© Сяргей Абрамовіч, 2023