29.10.2016

Жывуць небагата, чубяцца заўзята

Пахмурным асеннім днём каля старога, савецкіх часоў, панурага аблезла-шэрага пяціпавярховага дома нічым не адметны малады чалавек у паношаным і выцвілым сінім спартыўным касцюме (было дастаткова цёпла, каб знаходзіцца на дварэ ў такім адзенні) з напружаным, заклапочаным тварам калупаўся ў маторы таксама сіняй і гэткай жа не пашкадаванай жыццём, абшарпанай, мятай і бруднай легкавой машыны. Побач тапталася, соваючы ўперад-назад вазок з двайнятамі, спадарожніца жыцця гэтага беднага аўтамабіліста, да пары яму невыразная, несамавітай знешнасці, няхітра апранутая і таксама не ў гуморы. Зрэшты, гэта мякка сказана, «не ў гуморы». Яна проста кіпела і несупынна даймала маладога чалавека папрокамі і патрабаваннямі:

— Ну, колькі ты будзеш корпацца? Доўга мне яшчэ чакаць? Мы як дамаўляліся, ты дзеля чаго ў водпуск ішоў — каб з рахаллем* гэтым важдацца, ці дзяцей глядзець, каб я адпачыла?

Выразы не выбірала, шчодра абсыпала гаротніка ўсялякімі нецэнзурнымі тэрмінамі, нібыта не заўважаючы ні прахожых, ні суседзяў, што сядзелі на лавачцы. А ён рабіў выгляд, што не звяртае ўвагі, але на самай справе, вядома ж, гэтае гранне на нервах яго раздражняла, і час ад часу ён зрываўся — кідаў якую-небудзь пагардлівую рэпліку накшталт «дзеля цябе ж стараюся, дурніца, на чым жа мы ездзіць будзем?», «ды заткніся ты нарэшце», «не твая справа» і г.д. Што да падбору выразаў, у даўгу не заставаўся і мацюкоў таксама не шкадаваў. Пасля кожнага яго агрызання спадарожніца жыцця ятрылася яшчэ мацней і насядала з новай сілаю.

— Ты праўда зусім не разумееш, што табе кажуць, ці дурнем прыкідваешся? — пайшла яна пасля непрацяглай паўзы ў сварцы на чарговы прыступ. — Карацей, я больш чакаць не збіраюся, я табе сур'ёзна кажу, кідай сваё ламарэндзе** і бярыся за справу, я адпачыць хачу, а машына твая мне сто гадоў не патрэбна.

— А мне — ты! — выдаў малады чалавек адчайна, злосна і крыўдліва, больш эмацыйна, чым агрызаўся дагэтуль. Напэўна, так бязлітасна выказаная пагарда да машыны, якой ён аддаваў столькі часу і сілы, нежартоўна закранула самалюбства.

Спадарожніца жыцця на радыкальную заяву адрэагавала не менш рашуча — перайшла ад слоў да дзеянняў. Ашалела рынулася да пад'езда, раз'юшана рванула дзверы, ледзь не абярнула, перацягваючы праз парог, вазок, а ўжо праз хвіліну-другую высунулася з акна на чацвёртым паверсе і са словамі «гэй, ты, вось твае манаткі, і каціся на ўсе чатыры бакі» шпурнула два поліэтыленавыя пакеты (невялікія, з якімі ходзяць у краму), напоўненыя, відавочна, шмаццём, бо прызямліліся яны мякка, чмякнуліся, бы падушкі.

— Ты дурная?! — ці то спытаў, ці то канстатаваў малады чалавек (крыкнуў нібыта адначасова запытальнай і сцвярджальнай інтанацыяй), падняў пакеты, кінуў у салон і зноў схіліўся да матора.

Прайшло два гады. Някідкую сінюю машыну па-ранейшаму часта можна назіраць каля гэтага дома. І ездзяць на ёй той самы малады чалавек з той самай сваёй спадарожніцаю жыцця і двума дзецьмі. Відаць, саюз іх, з улікам таго, што хто каго любіць, той таго чубіць, змацаваны вялікім каханнем, іначай пасля той, у асенні дзень, чарады ўзаемных кампліментаў не захаваўся б ён на такі працяглы час.

__________

* Ра́халле — слова, паводле маіх назіранняў, распаўсюджанае ў Талачынскім раёне. Ужываецца ў адносінах да чаго заўгодна (аўтамабіль, будынак, прадмет мэблі і інш.), што знаходзіцца ў гаротным тэхнічным стане, вельмі зношанае, паламанае. На самай справе гераіня гэтага апавядання назвала машыну неяк па-іншаму («ламачча», «хлам», ці яшчэ як, не памятаю), але я свядома ўводжу ў свае тэксты некаторыя дыялектызмы, якія мне падабаюцца.

** Ламарэ́ндзе, ламарэ́ндзіна — словы з твораў Сакрата Яновіча, ужытыя ім у адносінах да транспартных сродкаў, якія знаходзяцца ў неналежным тэхнічным стане, часта псуюцца, старыя, паламаныя, ненадзейныя. Таксама ў гэтага пісьменніка сустракаецца дзеяслоў «ламарэ́ндзіць», які абазначае язду такога транспартнага сродку. Як і ў выпадку з рахаллем, у гэтым эпізодзе гераіня на самай справе таксама назвала машыну нейкім іншым, больш звыклым, банальным словам.

© Сяргей Абрамовіч, 2016