Кожны герой гэтых замалёвак незадаволены сваім фінансавым становішчам: у першага супчык рэдзенькі, у другога — дастаткова густы, але ад пуза наесціся не даюць, а трэцяга прымусілі сваім далёка не дробным жэмчугам перад натоўпам трэсці.
Роздум паэта пра нікчэмны метал
Аднойчы ў студэнцкія гады ў мяне адбылася гутарка на філасофскія тэмы з адным так сабе (сярэдняй рукі) паэтам. Ён быў на пяць гадоў старэйшы за мяне, але нейкі ці то больш наіўны, ці то больш эмацыянальны, сентыментальны. Зачытаў ён мне свой верш пра тое, як цяжка жывецца ў грамадстве спажыўцоў, сярод хціўцаў і скнараў, і задуменна спытаў:
— Вось як ты мяркуеш, што нам з гэтым рабіць? Як нам, простым людзям, жыць у гэтым свеце, у якім усё вымяраецца і вырашаецца грашыма?
— Трэба імкнуцца як мага болей здабыць іх, — адказаў я жартоўна, але з доляй паблажлівай павучальнасці (я, маўляў, больш практычны і ўстойлівы да нягодаў, не ныю, на скаргу тваю бадзёра адказваю заклікам да дзеяння).
З часоў той гутаркі мінула няпоўных 22 гады, а сфармуляваную тады мною рэкамендацыю сам я дагэтуль не ўвасобіў: жыву сціпла.
Колькі ні зарабі, на рукі — толькі порцыя курыва
У тыя часы, калі заробак выдавалі наяўнымі, калгасны трактарыст распавёў мне пра сваю сям'ю: жывуць яны ў цешчы, якая ў тым самым калгасе робіць бухгалтарам, і жонка разам з ёю — таксама кімсьці ў канторы.
— Таму цяжкі ў мяне лёс, прыходжу дахаты, а мне кажуць: сёння была зарплата, твае цыгарэты — у шапіку, — падзяліўся ён нібыта іранічна, але з большым ухілам у бок трагізму, чым гумару.
Перад банкаматам усе роўныя
Калі ў Беларусі сталі масава ўводзіць ва ўжытак зарплатныя банкаўскія карткі (нярэдка тым самым выклікаючы насцярожанасць і незадаволенасць работнікаў: людзі жадалі па-старому шапацець купюрамі ды распісвацца ў ведамасці), большасць крамаў яшчэ не былі аснашчаныя тэрміналамі, а ў тых, дзе паспелі ўсталяваць гэтыя прылады, прадаўцы часам слабавата ўмелі імі карыстацца, ды і сувязь падводзіла — тэрміналы часта завісалі. Таму пакуль інфраструктура для безнаяўных разлікаў знаходзілася на стадыі фарміравання, людзі ў дзень заробку выстройваліся ў чэргі каля банкаматаў. Здаралася і такое, што грошай усім не хапала: уставіць чалавек картку, а банкамат ужо спустошаны…
Аднойчы ў тыя вясёлыя часы я выпадкова апынуўся ў кампаніі моцных гэтага свету і стаў сведкам іх прыватнай гутаркі пра тое ды сёе, пра справы штодзённыя, клопаты надзённыя. У нейкі момант зайшла гутарка пра пашырэнне практыкі выплаты заробкаў у безнаяўнай форме, і дырэктар аднаго буйнога прадпрыемства, дэманструючы выразам твару прыкрасць, пагарду і грэблівасць, паскардзіўся:
— Не люблю я гэтых картак. Раней, калі іх не было, мне зарплату ў кабінет прыносілі, а цяпер я з усімі ў адну чаргу станаўлюся.
© Сяргей Абрамовіч, 2022