05.03.2022

Хоць неданоскі, абы брэндавыя

«Бабуля, можаш даць мне 45 рублёў?» — такое тэкставае паведамленне адправіў на смартфон сваёй бабулі падлетак. Напісаў ён яго на рускай мове з памылкаю: замест «рублей» атрымалася «рублец». Няправільны канчатак слова крыху ўзлаваў бабулю: унук або паленаваўся выправіць апіску (літары «й» і «ц» раазмешчаны на клавіятуры смартфона побач, таму хлапчук мог проста ціскануць не туды), або свядома сказіў слова на пагардліва-паблажлівы манер паводле аналогіі з формамі «фільмец», «супец» і інш. — і ў любым выпадку такое напісанне характарызавала яго як легкадумную, нясталую асобу.

Аднак, разумеючы, што ў падлеткавым узросце ўсе людзі звычайна нясталыя і легкадумныя, бабуля не стала засяроджваць увагу на граматыцы, не стала даймаць унука натацыямі наконт «рублецов», а перайшла адразу да сутнасці справы — патэлефанавала нашчадку (да інфантыльнага перакідвання тэлефоннымі запісачкамі ды смайлікамі яна ставіцца з пагардаю і аддае перавагу больш інфарматыўнаму каналу камунікацыі) і спытала, навошта яму грошы. Той адказаў, што нагледзеў сабе спартыўную кофту. Ну, што ж, трэба ўнуку дапамагчы, вырашыла бабуля і сказала, каб прыходзіў па тое, чаго просіць.

Доўга чакаць сябе ён не прымусіў і з'явіўся праз паўгадзіны. А яшчэ праз гадзіну бабулі патэлефанавала яе дачка — маці гэтага хлапчука — і пацікавілася:

— Ты сапраўды дала яму 45 рублёў?

— Сапраўды.

— А ведаеш, на што ён іх патраціў?

— Казаў, што кофту нагледзеў.

— Так, кофту, але ведаеш якую? Звычайную такую, някідкую, спартыўную кофту на маланцы, з надпісам «Adidas», кошт ёй ад сілы рублёў дваццаць, а яна яшчэ і ношаная! У сэканд-хэндзе купляў! Абдурылі неразумнага: падумалі, відаць, ай, адзін, малы — і аблапошылі!

Бабуля адразу зноў патэлефанавала ўнуку:

— Распавядай, што ты там за нумар з гэтай кофтаю адкалоў. Навошта ношаную браць уздумаў?

— А я хіба табе не сказаў, што ў сэкандзе збіраюся купляць? — удаў той наіўнае здзіўленне. — А, напэўна, забыў сказаць. Так, бабуля, я яе ў сэканд-хэндзе знайшоў, я адразу ведаў, што яна патрыманая.

— Ты хоць разумееш, што за гэтыя грошы можна было такую самую новую купіць? Або — дзве такія ношаныя, ці штаны разам з ёй, бо гэта, хутчэй за ўсё, камплект быў калісьці, касцюм. Абвялі цябе вакол пальца, тры скуры злупілі за абы-што! — бедавала бабуля.

— Але мне гэтая спадабалася, я гэтую захацеў. Яна дакладна арыгінальная, не падробка, у гэтую краму з Еўропы прывозяць.

Бабуля абурылася, і гэтым разам, у адрозненне ад сітуацыі з літарай «ц», трымаць абурэнне ў сабе не стала — дала яму выліцца ў радыкальнае рашэнне, якое адразу і агучыла:

— Ну, дык ведай жа, што з гэтага моманту грошай у мяне не атрымаеш, калі абыходзіцца з імі не ўмееш. Спатрэбіцца штосьці — кажы, параімся з бацькамі і, калі будзе такая неабходнасць, зводзім цябе ў краму і купім усё самі. А проста грошай не прасі.

— Бабуля, ты пакрыўдзілася? — паспрабаваў унук сыграць на пачуццях, але беспаспяхова.

— Не, няма за што мне на цябе крыўдзіцца, ты проста яшчэ не ведаеш кошту грашам, і я засцерагу цябе ад новых памылак, — няўмольна абвясціла бабуля, пазбаўляючы шалапута надзеі, адназначна даючы яму зразумець, што больш ён у сваіх прыхамацях і дзівацтвах няхай на яе не разлічвае.

© Сяргей Абрамовіч, 2022