«Слухай бабу і рабі наадварот», — вучыць паўнародная мудрасць (узятая на ўзбраенне толькі адной паловаю чалавецтва). А што, калі маеш справу не проста з прадстаўніцаю супрацьлеглага полу, а са сваёй начальніцай, якая штосьці табе даручае?
2006 год. Я не здолеў выбавіцца з расстаўленых вакол мяне нягоднікам-лёсам шматлікіх неспрыяльных абставін і, нягледзячы на свой філалагічны чырвоны дыплом, працую ў нейкай мутнай будаўнічай шаразе сталяром з дадатковымі абавязкамі брыгадзіра. Шарага базіруецца ў Мінску, а мая брыгада рамантуе будынак пошты ў аграгарадку пад Жодзінам. Брыгада — гэта, акрамя мяне, тры п'янюгі, якія толькі і цікуюць, каб, скаапераваўшыся з такімі самымі боўдзіламі з суседняга аб'екта (рамонт бальніцы), сперці што-небудзь у нас ці ў іх і прапіць.
Начаваць ездзім у Жодзіна. Наша мінскае начальства наведвае нас раз на тыдзень — прывозіць камандзіровачныя і абяцанкі забяспечыць нарэшце, вось-вось, заўтра-паслязаўтра, матэрыяламі, якіх не хапае для завяршэння таго ці іншага напрамку работ, і спецыялістамі, без якіх гэтыя работы самі мы не выканаем. Але калі праз пару дзён я, стаміўшыся чакаць, тэлефаную, мне адказваюць у такім духу: цэглы накалупайце з кучы будаўнічага смецця, што ўтварылася пасля дэмантажу перагародкі, мех цэменту пазычце на суседнім аб'екце, пасля вернем, зваршчыка найміце за бутэльку ў мясцовай кацельні, па дыскі для балгаркі злётайце аўтастопам у Жодзіна і г.д. і г.д.
Часам да нас заязджае прадстаўнік заказчыка — начальніца раённага вузла паштовай сувязі, — каб пацікавіцца перспектывамі здачы аб'екта, ці ўкладзёмся ў тэрмін. Тэрмін заканчваецца, а тэмпы працы такія, што з кожным візітам надзея начальніцы на шчаслівы фінал слабее.
Я крыху пасябраваў з яе шафёрам, часам балбочам, пакуль яна рашае нейкія свае пытанні ў сельсавеце. Неяк шафёр стаў скардзіцца, што на працы яго апанавалі ўсялякія злыбеды, штосьці там у яго не складвалася, не даваў ён рады выбавіцца са шматлікіх праблем, узніклых не праз яго віну, і між іншым вымавіў сакраментальнае:
— Усё ў нас праз зад робіцца, усё праз зад. А чаму так? Ды таму, што баба начальніца!
Нашую шарагу ўзначальваў мужык, але рабілася ўсё таксама зусім не праз перад.
© Сяргей Абрамовіч, 2020