15.03.2020

Дзве ўласніцы нічыйнай апранахі

— Дзецьмі клянуся! — бухнуўшыся на калені, перажагналася прадпрымальніца. — Не прадавала я ёй паношаную, новенькую я прадала, хлусіць яна!

— Ну ты і бессаромніца! І паварочваецца ж язык такое плявузгаць! І не баішся дзецьмі клясціся?! — не саступала ініцыятарша разбіральніцтва — пакупніца, якая набыла на базары блузку, а праз тыдзень паспрабавала вярнуць, заявіўшы, што рэч ёй падсунулі няновую, ношаную.

Да прыходу сюды, у аддзел эканомікі райвыканкама, які займаецца, акрамя ўсяго іншага, пытаннямі абароны правоў спажыўцоў, яны доўга і беспаспяхова высвятлялі адносіны на базары. Забіраць тавар і вяртаць грошы прадпрымальніца адмаўлялася, адказвала, што цяпер, пасля тыднёвай носкі,  блузка сапраўды выглядае пацёртаю і расцягнутаю. А пакупніца настойвала, што выраб у яе цэлы тыдзень праляжаў неапранатым і што купіла яна яго патрыманым праз няўважлівасць, а факт патрыманасці выявіла толькі калі праз тыдзень вырашыла апрануць. Бачачы непахіснасць гандляркі, не менш непахісная пакупніца перайшла да пагроз, заявіла, што пойдзе скардзіцца ў райвыканкам. Тая падхапіла:

— А воcь, значыць, разам і пойдзем, мне баяцца няма чаго, гэта я на цябе паскарджуся, што ты мяне тэрарызуеш!

І цяпер яны стаялі перад дзвюма спецыялісткамі аддзела і наперабой даводзілі кожная сваю рацыю. Дакладней, не даводзілі, абгрунтоўваючы фактамі, а проста крычалі ў сэнсе «не верце ёй, яна на мяне нагаворвае», бо ніякіх доказаў ні ў той, ні ў іншай не было. Не стала пераканаўчым аргументам і здзейсненае прадпрымальніцаю на каленях жагнанне, яно толькі змусіла спецыялістак прыкласці намаганні, каб стрымаць усмешкі. Не маючы службовых інструкцый для вызначэння, хто ў дадзенай сітуацыі кажа праўду, а хто хлусіць, яны не ведалі, што рабіць, муліліся, зніякавела пераводзячы позіркі з адной апаненткі на іншую і бездапаможна пераглядваючыся паміж сабою.

Нарэшце прадпрымальніца не стрывала, шпурнула блузку ў пакупніцу і са словамі «ды рабіце вы тут, што хочаце, я не вінаватая, а анучу сваю ты забяры, насі далей!» вылецела з кабінета. Пакупніца таксама доўга не затрымалася — кінула блузку на стол («ну, і мне яна не патрэбная, я неданоскі насіць не буду!») і ляпнула дзвярыма з таго боку.

Апранасе вызначылі месца на шафе: нікому не бачная, не замінае і нікуды не дзенецца, не прападзе, у любы момант можна дастаць, калі раптам хтосьці перадумае, прыйдзе і запатрабуе аддаць. Праўда, хоць і не стварае высока закінутая ануча ніякіх нязручнасцей, у спецыялістак усё ж неспакойна на душы, ёсць прычына пабойвацца: страціць рэч таварны выгляд, паліняе, запыліцца, і раптам заявіцца адна з дзвюх патэнцыяльных гаспадынь, каб забраць сваю маёмасць, і ўчыніць новы скандал:

— Э, дык вы ж яе насілі, хто колькі хацеў! Яе ж цяпер ужо не апранеш на людзі! Патрабую вярнуць мне грошы за сапсаваную рэч! Кампенсаваць матэрыяльны і маральны ўрон! Іначай буду скардзіцца ў аблвыканкам!