09.04.2026

Хтосьці пераблытаў сквапнасць са страхам

Слоўнік
Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў. Мінск, «Універсітэцкае», 1993.

У беларускім шасцімоўным слоўніку прыказак, прымавак і крылатых слоў 1993 года (на вышэйпрыведзеным здымку) ёсць выраз «Вочы страхачэ, а рукі грабачэ», які вытлумачаны зусім няправільна: ён размешчаны ў раздзеле «Хцівасць, скупасць, зайздрасць, хвальба, форс», а значыць, на думку ўкладальнікаў, характарызуе сквапнага чалавека.

Выслоўе
Фрагмент слоўнікавага артыкула з выслоўем «Вочы страхачэ, а рукі грабачэ».

Мабыць, гэтае выслоўе выклікала ў аўтараў выдання асацыяцыі з рускім «Очи завидущие, руки загребущие». Але чаму не «Глаза боятся — руки делают»? Аналагам менавіта гэтай прыказкі з'яўляецца выказванне «Вочы страхачэ, а рукі грабачэ». Бо хіба «страхачэ» — гэта сквапнасць? Вядома ж, не, гэтая лексема паведамляе пра тое, што хтосьці чагосьці баіцца, а не пра тое, што ён прагне памножыць сваю маёмасць.

Змадэліруем сітуацыю, у якой можна ўжыць выслоўе «Вочы страхачэ, а рукі грабачэ». Хтосьці шакіраваны аб'ёмам працы, якую мае выканаць: выкасіць луг, або перабраць гару свежавыкапанай бульбы, або прапалоць моцна зарослы агарод і г.д. Але, пабедаваўшы з той прычыны, што на яго зваліўся гэткі клопат, чалавек энергічна, жвава бярэцца за справу — і яго рукі рытмічна мільгаюць, робячы безліч аднастайных аперацый. Гэтае мільганне нагадвае грэбанне: калі, напрыклад, хтосьці заўзята выдзірае пустазелле ці корпаецца ў грудзе бульбы, то траекторыя яго рук уверх — ад сябе — уніз — да сябе нагадвае траекторыю зубчастага элемента грабляў у момант зграбання імі сена. Іншымі словамі, грэбанне, «грабачэ» — вобразнае абазначэнне руплівай працы. Працы, якой канца-краю не бачна, але якую ўсё ж трэба выконваць. На карысць такой версіі гавораць і словы «разграбаць», «разграбацца», ужытыя ў значэнні «наводзіць парадак; паступова вырашаць комплекс праблем».

Пры стварэнні слоўніка выкарыстаны іншыя друкаваныя выданні, гэта значыць, што ўкладальнікі не нясуць адказнасці за яго змест на 100%. І незалежна ад таго, самі яны няправільна праінтэрпрэтавалі выслоўе «Вочы страхачэ...» ці проста перадрукавалі яго аднекуль разам з памылковай інтэрпрэтацыяй, вінаватымі ў аблудзе могуць аказацца не яны і не іх папярэднікі. Дапускаю, што гэтую моўную адзінку запісалі падчас дыялекталагічнай ці фальклорнай экспедыцыі ад ненадзейнага рэспандэнта. Тупаватыя або дзівакаватыя людзі часта маюць скажонае ўяўленне пра агульнавядомыя ісціны. Менавіта такі рэспандэнт мог паведаміць лінгвістам выслоўе і па-свойму яго вытлумачыць, а тыя добрасумленна і бяздумна, некрытычна, у адпаведнасці з алгарытмам збору звестак, зафіксавалі ўсё пачутае.

© Сяргей Абрамовіч, 2026