26.10.2025

Я вымаўляю [сшытак], а не [шшытак] — і правільна раблю

У адпаведнасці з нормаю арфаэпіі сучаснай беларускай літаратурнай мовы слова «сшытак» неабходна вымаўляць з падоўжаным [ш] у пачатку: [шшытак], бо нібыта ў ім адбываецца асіміляцыя гука [с] гукам [ш], які стаіць побач. Норма зусім недарэчная, уведзеная фармальна, схаластычна, у адрыве ад фанетычных законаў мовы.

Аксіёма, хрэстаматыйная ісціна: гукавому ладу беларускай мовы ўласціва агульная ненапружанасць артыкуляцый. Ніжэй прыводжу фотаздымак гэтага сцверджання, змешчанага на стар. 34 падручніка па беларускай мове для ВНУ (Камароўскі Я. М., Красней В. П., Лазоўскі У. М., Сямешка Д. І., Шчарбакова І. М. Сучасная беларуская мова. Мінск, «Вышэйшая школа», 1995).


Падоўжаны [ш] лёгка вымавіць у сярэдзіне слова паміж галоснымі: Замошша (назва населенага пункта), падстрэшша і інш. А паспрабуйце, напрыклад, агучыць сказ «Сшытак ляжыць на стале» ў двух варыянтах: вымаўляючы першы гук так, як таго вымагае арфаэпія, і, другі варыянт, агучваючы кожную літару ў слове «сшытак». Як лягчэй?

У некаторых людзей атрымліваецца (маю на ўвазе розныя маўленчыя сітуацыі, а не вышэйпрыведзены сказ) вымаўленне [шытак] — з кароткім, звычайным гукам [ш]. І гэта нядзіўна: падоўжаны [ш] у пачатку слова супярэчыць фанетычнаму ладу беларускай мовы (бо патрабуе напружанага вымаўлення), а гаварыць натуральна, так, як хочацца, [сшытак], чалавек баіцца (бо думае, што тым самым парушыць правіла) — вось і атрымліваецца гэткі калека, слова «шытак».

А я смела казаў і буду казаць [сшытак], ведаючы, што маю рацыю.

© Сяргей Абрамовіч, 2025