![]() |
| Даведнік па пунктуацыі, 2006 год выдання. Ніжэйпрыведзеныя фотафрагменты — з яго. Аўтар — Таццяна Рамза, чытала ў мяне на філфаку БДУ пунктуацыю. |
Прааналізую самы складаны (на мой погляд) выпадак, калі большасць людзей тыркае замест двукроп'я працяжнік. Больш простыя выпадкі, накшталт двукроп'я пасля абагульняльнага слова («На прылаўку шмат выпечкі: хлеб, батон, булачкі і інш.») ці накшталт працяжніка перад словам «гэта» ў тлумачальных канструкцыях, вызначэннях («Бензін — гэта лёгкая на загаранне вадкасць»), разглядаць не буду: з імі і так усё зразумела, а каму незразумела, таму мае тлумачэнні не дапамогуць.
Такім чынам, самы цяжкі выпадак (на самай справе ўсё ў ім элементарна, проста людзі лянуюцца думаць) — гэта бяззлучнікавы складаны сказ, паміж часткамі (граматычнымі асновамі) якога існуе вынікова-прычынная сувязь (звычайна вядуць гаворку аб прычынна-выніковай, але ў дадзеным выпадку патрэбна менавіта так, значэнне гэтай нязвыклай фармуліроўкі растлумачу ніжэй). «Прайшоў дождж — на зямлі лужы», у гэтым сказе бачым прычынна-выніковую сувязь паміж граматычнымі асновамі: першая частка сказа паведамляе прычыну таго, пра што ідзе гаворка ў другой, і паміж імі трэба ставіць працяжнік. Каб лягчэй запомніць гэтае правіла, прапаную ўявіць, што працяжнік — гэта стрэлка, матэматычны знак «адсюль вынікае» (→), толькі ад яго «адвалілася» ўказальная частка. Сэнсавую структуру гэтага сказа можна сфармуляваць так: «Прайшоў дождж — адсюль вынікае наяўнасць луж». Калі ж другая частка складанага сказа называе прычыну таго, пра што ідзе гаворка ў першай, то паміж імі ставіцца двукроп'е: «На дварэ лужы: нядаўна прайшоў дождж», але шмат якія людзі ў такога кшталту выпадках ставяць недарэчны тут працяжнік. Пра сказы з такой сэнсавай структурай я кажу, што ў іх мае месца вынікова-прычынная сувязь, г.зн. у першай частцы сказа вядзецца гаворка пра вынік, а ў другой — пра прычыну (значок «адсюль вынікае» можна было б павярнуць улева).
![]() |
| Прычынна-выніковая сувязь (праўда, першы прыклад, «Цішыня — ані гуку», няўдалы: не адсутнасць гукаў вынікае з цішыні, а, наадварот, цішыня абумоўлена адсутнасцю гукаў). |
І на развітанне я вас крыху заблытаю (а ў кагосьці, магчыма, ужо і без таго галава закружылася). Бо як жа без блытаніны? У правілах пунктуацыі (зрэшты, і арфаграфіі) абавязкова павінны быць выключэнні, супярэчнасці і ўсялякія асаблівыя выпадкі, каб лінгвісты, якія іх прыдумалі, цешыліся сваёй перавагай над простымі смяротнымі: я, маўляў, больш пісьменны, чым вы, разумею тое, што вам зразумець не дадзена. У сказе «Прайшоў дождж — на зямлі лужы» можа мець месца не прычынна-выніковая, а вынікова-прычынная сувязь, і тады давядзецца ставіць двукроп'е. Калі вы пішаце камусьці (у мэсэнджары напрыклад), што прайшоў дождж, і прадбачыце, што адрасат спытае вас, адкуль вам вядома, што прайшоў дождж, то можаце адразу так і напісаць: «Прайшоў дождж: на зямлі лужы», г.зн. другая частка сказа («на зямлі лужы») у дадзеным выпадку тлумачыць, чаму вы напісалі тое, што ў першай («прайшоў дождж»), толькі першую частку ўжо трэба разглядаць не як канстатацыю факта атмасферных ападкаў, а як паведамленне пра вашае веданне гэтага факта («Прайшоў дождж: на зямлі лужы» = «З прычыны таго, што на зямлі лужы, я ведаю, і пішу пра тое табе, што прайшоў дождж»).
© Сяргей Абрамовіч, 2025



