02.09.2025

Старому — падлячыцца, маладому — нагуляцца

У тры гадзіны дня па калідоры прыватнага медцэнтра ў напрамку блока магнітна-рэзананснай тамаграфіі бадзёра крочаць дзядок і дзяўчынка гадоў чатырнаццаці.

— Дзед, я пакуль з табою ўсюды паезджу, мяне мама гуляць не выпусціць, — кажа дзяўчынка зусім будзённым, без ценю злосці або прыкрасці, тонам.

— Што? Гуляць не пусціць? — няўцямна пытаецца стары, выцягнуты са сваіх думак ці бяздумнага забыцця.

— Так, — пацвярджае дзяўчынка.

— Хэй, вось дык праблема, — паблажліва і дабрадушна, без іроніі ці крыўды, ацэньвае продак турботу нашчадка, і абодва знікаюць за дзвярыма МРТ-блока.

Праз паўхвіліны з'яўляюцца, кіруюць да выхаду. Дзядок трымае тоненькую папяровую папачку з лагатыпам медцэнтра, у такіх тут пацыентам даюць вынікі даследаванняў. Дзяўчынка гаворыць па тэлефоне:

— Ён жа не можа зрабіць, што кажуць, і пайсці, а пачынае адразу праблему ствараць на роўным месцы: во, а што гэта, а навошта, а як, а я ж такога ніколі не рабіў... Так што не ведаю, калі вызвалюся. Зараз вось вынікі МРТ забралі і збіраемся ў... — усё гэта па-ранейшаму спакойна, ураўнаважана, з нейтральным, не пазначаным ніякімі эмоцыямі, мяккім тварам.

Гэткія самыя позірк і міміка ў яе падапечнага — ні пакут, ні хвалявання, ні імкнення якога-небудзь, поўная гармонія з сабой і наваколлем.

Любімыя адно адным і адно з адным шчырыя родныя людзі.

© Сяргей Абрамовіч, 2025