Жнівеньскім адвячоркам тапчуся каля машыны: раптоўна ўзніклая патрэба выцягнула з кватэры і вымусіла ненадоўга ад'ехаць.
Амаль бязлюдна. Калюча-прахалодна, нібыта на мароз бярэцца. Скрозь яшчэ густую, але ўжо з жоўтымі лапікамі лістоту бярозы, каля якой прыпаркаваўся, бачу паміж двух пяціпавярховікаў, што стаяць амаль усутыч тарцамі, бы вагоны цягніка, чырвоны далягляд: неба яснае, сонца садзіцца.
Газоны і клумбы напаўняюць паветра густым пахам роснай травы. Аднекуль пікантна падмешваецца дымны дух, які бывае ўвосень, калі на гародах паляць усялякую непатрэбную расліннасць (а мо і сапраўды хтосьці тут, на ўскраіне горада, даглядае нейкія соткі і цяпер пазбаўляецца спрадвечным спосабам ад бульбоўніку ці яшчэ якога бацвіння, лісця, кустоўя?).
Заход сонца, подых восені — кранальнае імгненне, робіцца шчымліва, апаноўвае сентыментальнасць: пазіраў бы і пазіраў на гэты шчодра і няхітра, прымітыўна-брутальна заліты барваю далягляд, каштаваў бы бясконца гэтае важкае, канцэнтраванае, не надта вытанчанае паводле водару, але непаўторнае і цудоўнае, бо насычанае жыццём, паветра. Дзень пры дні з ранку да вечара: машына — казённыя сцены, паперы, твары і гамонка — машына — абрыдлыя аднастайныя гаспадарчыя клопаты або знясілены адпачынак у гарызантальным становішчы. А сапраўднае жыццё тым часам — вось яно: паветра, неба і сонца, за якія не трэба плаціць, да якіх не трэба даслужвацца, на якія не трэба падаваць заяўку і чакаць дазволу, бо яны — для ўсіх, заўсёды і ў любым аб'ёме.
Трэба карыстацца. Узяць за правіла штовечаровы шпацыр — хоць на якіх паўгадзіны, пазбыўшыся ролі ад усіх залежнага і ўсім абавязанага службоўцы, выканальніка, карыстальніка, заказчыка, партнёра ці чорт ведае каго яшчэ, адчуць сябе вольным жыхаром Сусвету і аднаасобным, выключным уладальнікам кожнай адлічанай табе лёсам хвіліны.
© Сяргей Абрамовіч, 2025