Каля банкамата было бязлюдна — толькі чалавек сярэдняга веку паўляжаў у інваліднай калясцы. Калі я, не маючы патрэбы тут прыпыняцца, параўняўся з гаротнікам, ён папрасіў зняць яму наяўныя, бо сам не мог дацягнуцца. Я без роздуму згадзіўся, але пакуль просьбіт даставаў картку, засумняваўся: навошта паперкі, калі цяпер усюды ёсць тэрміналы і чалавек чалавеку таксама можа перавесці грошы на карту? Абставіны, вядома ж, могуць скласціся розныя, але калі яму сапраўды спатрэбіліся купюры, то няхай бы рашаў гэтае пытанне з роднымі ці з сацыяльнай службаю, а не з нейкім мінаком... Ці няма ў яго просьбе злога намеру?
За пару тыдняў да гэтай сустрэчы я напісаў у сваёй газеце пра крымінальную справу з вось якім сюжэтам: зламысніца таемна перавяла грошы з карткі адной сваёй знаёмай на картку іншай і папрасіла яе (іншую знаёмую) зняць адпаведную суму наяўных у банкамаце; просьбу абгрунтавала тым, што нібыта грошы адправіў яе (зламысніцы) мужык, які знаходзіцца за мяжой на заробках і праз нейкія тэхнічныя праблемы не можа перавесці іх ёй (зладзейцы) наўпрост. Акрамя таго, колькі гадоў таму да мяне дайшлі чуткі аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці інваліда-калясачніка за выраб непрыстойных відэа на продаж. І цяпер на фоне гэтых звестак, што прыйшлі мне на памяць, пакуль чалавек у калясцы кешкаўся з партманетам, мяне сталі грызці сумненні.
Браць працягнутую мне картку я не паспяшаўся, замест гэтага паведаміў пра свой страх:
— Штосьці мяне насцярожвае. А раптам як-небудзь так усё павернецца, што мяне абвінавацяць у крадзяжы чужых грошай? Цяпер жа шмат усялякіх такіх гісторый адбываецца, кібермахлярствы ўсялякія, схема «Алё, мама»...
— Не турбуйцеся, гэта мая картка, — запэўніў суразмоўца. — Вось, зірніце, на ёй імя і прозвішча, і магу пашпарт паказаць.
— Не трэба, — адмахнуўся я, гатовы ўжо выканаць просьбу без папярэдняй праверачнай працэдуры, але зноў уключыў заднюю: — А дзе гарантыя, што грошы на картцы законныя? А калі іх туды перавялі зламыснікі і вы не ведаеце, што вашу картку выкарыстоўваюць для транзіту фінансаў у махлярскіх схемах? Вы, напрыклад, раней папрасілі кагосьці, як мяне цяпер, грошы вам зняць, а ён не толькі зняў, а яшчэ і картку вашую сфатаграфаваў.
— Ай, глупства, не наганяйце вы сам сабе страху! Ну які з мяне махляр?
— Можа, і ніякі, але я ж кажу: вы можаце і самі не ведаць, што хтосьці карыстаецца вашымі рэквізітамі. Я збянтэжаны: сацыяльная рэклама на кожным вуглу заклікае не давяраць нікому свае персанальныя дадзеныя і плацежныя сродкі, а вы раптам звяртаецеся да мяне з такой...
— Добра, усё, ідзіце! Да пабачэння! — раздражнёна перабіў ён мяне, але я за гэтую няветлівасць не пакрыўдзіўся: няхай сабе, у чалавека ж няпросты лёс, а мне галоўнае — што размова скончана.
І пакрочыў я далей, усцешаны тым, што ўстрымаўся ад рызыкоўных дзеянняў, і ахоплены сумневам, ці не паддаўся празмернай падазронасці.
Жорсткі наш час і неразумны, усё дагары нагамі...
© Сяргей Абрамовіч, 2025