28.05.2025

Косці пад рунню

Вясна ўбіралася ў сілу марудна: нават у апошняй дэкадзе мая лістота была разгорнута яшчэ сціпла, нясмела, не да канца. І рунь на калгасным полі, куды я выехаў з рэдакцыйным заданнем, ледзь паспела вылезці — пыльна-шэрую глебу (некалькі дзён без дажджу) зеляніна аздобіла вельмі скупа.

Тут працаваў пошукавы батальён Міністэрства абароны — у планавым парадку вёў раскопкі на месцы баёў. На ўскраіне поля сярод падзялененай шэрасці жаўцелі свежараскалупанай пясчана-гліністай масай дзве ямкі, кожная плошчай з адзіночную магілу і глыбінёю, на мой погляд, меней за метр. З дна абедзвюх выступалі рэшткі шкілетаў: вайскоўцы да іх толькі-толькі дабраліся і далей асцярожна працавалі ўжо не рыдлёўкамі, а адмысловымі пэндзлямі — літаральна змяталі зямлю па міліметры. Позы палеглых (калі можна ўжыць такую фармуліроўку ў адносінах да не злучаных паміж сабою і яшчэ да канца не раскапаных сатлелых касцей) — бязладныя: адкінутая ўбок рука, сагнутая ў калене нага... У адной яме чэрапа не было відаць, у другой ляжаў ужо добра ачышчаны, і мне кінулася ў вочы, што з цэлымі, усімі на месцы, зубамі: чалавек у росквіце сіл. Спецыяліст міністэрства паведаміў, што целы падчас бою прысыпала зямлёй у варонках. Паводле яго слоў, гэта чырвонаармейцы, якія загінулі ў 1941 годзе.

Цяжкае відовішча. А займацца такой працаю дзень пры дні з году ў год — не ведаю, якімі нервамі і асабовымі якасцямі трэба валодаць. Я не здолеў бы.

© Сяргей Абрамовіч, 2025