У гады майго дзяцінства на Радаўніцу нашы вясковыя могілкі ажывалі і напаўняліся весялосцю. На кожнай магіле — бяседа: сустракаліся людзі, якія доўга не бачыліся, і радасна гутарылі, распавядалі адно аднаму пра сваё жыццё, елі і пілі. Пасядзеўшы каля месца спачыну сваіх родных, маглі наведаць іншыя магільныя застоллі: нібыта самі нябожчыкі — былыя суседзі, сябры, калегі — атрымлівалі такім чынам магчымасць ізноў сустрэцца ў асобах сваіх дзяцей і ўнукаў.
На мой погляд, найменне свята звязана з паняццем роду, а суаднясенне Радаўніцы з радасцю спароджана нейкімі рамантычна-паэтычна-фантазёрскімі парываннямі, але гэты рамантычны кампанент радаўнічнага настрою мае права на існаванне, і ў маім дзяцінстве Радаўніца была сапраўды ад слова «радасць». А цяпер гэтым некалі ўзнёслым, жыццесцвярджальным днём на могілках паныла і ціха, маркотна, усе з поснымі і строгімі тварамі, у лепшым выпадку з лёгкай сентыментальнай усмешкаю, вітаюцца кіўком ці ўвогуле ніяк, на магілу кладуць цукерку і букецік. Намаганнямі прапагандыстаў імпартаванай да нас рэлігіі, маладзейшай за спрадвечна наша язычніцтва, Радаўніца ператварылася ў Жалобніцу, другія хаўтуры па тым, па кім яны ўжо спраўлены. Чым ім замінала наша радасць? Чаму нас прымусілі замест святкавання жыцця сумаваць з нагоды смерці? Чаму шчасце сустрэчы з продкамі нам замянілі на горыч развітання з імі?
У 1895 годзе ў Гродзенскай губернскай тыпаграфіі надрукаваны этнаграфічны нарыс Адама Багдановіча «Перажыткі старажытнага светасузірання ў беларусаў» (кніга на рускай мове, тут і далей — мой пераклад на беларускую). Электронная копія выдання свабодна даступная ў інтэрнэце. Вось цытата з яго: «Радаўніца, або "нябожчыцкі Вялікдзень" (аўторак на Фамовым тыдні) адрозніваецца ад іншых Дзядоў тым, што ў гэты дзень хаўтурная бяседа ладзіцца абавязкова на магілках. У гэты дзень гаспадыні абавязкова пякуць "грыбкі", г.зн. тоўстыя бліны з пшанічнай мукі на масле і яйках, запасаюцца гарэлкай, да гэтага дадаюцца булкі, яйкі, сыр, масла і іншыя рэшткі велікодных страў. Усё гэта, завязанае ў абрус, нясуць на могілкі, там накрываюць абрусом магілу, якая да гэтага дня прыводзіцца ў парадак, і расстаўляюць на ёй прынесенае. Што не з'ядуць, пакідаюць на магіле; на яе таксама льюць гарэлку, калі нябожчык любіў выпіць, сыплюць тытунь, калі ён быў курэц ці нюхальшчык» (стар. 56-57). Як бачыце, абрад прыдумалі не мы. Але нам сёння дадзена вырашаць, берагчы самабытныя традыцыі продкаў ці адракацца ад іх.
У гэтым абрадзе няма нічога недарэчнага, неэтычнага, небяспечнага, абуральнага. Нашчадкі прыйшлі на месца пахавання продкаў, каб прыгадаць іх, падзякаваць ім за падоранае жыццё і парадавацца гэтаму жыццю. Калі існаванне чалавека працягваецца ў нейкай форме пасля смерці, то продкі, убачыўшы на сваіх магілах вясёлую бяседу нашчадкаў, парадуюцца і будуць удзячныя за такі візіт: дзеці, унукі, праўнукі праведалі іх і паказалі ім, што самі жывуць не бядуюць.
Вышэйпрыведзеныя развагі я апублікаваў на адным інтэрнэт-рэсурсе як каментарый да чужой публікацыі пра Радаўніцу. Нейкая жанчына ў сувязі з гэтым каментарыем адзначыла, што ўдовам на могілках няма радасці ніколі, у любы дзень толькі жалоба. Мабыць, яна мела на ўвазе той выпадак, калі муж памёр заўчасна, і я з ёю згодзен. Аднак няшчасце можа здарыцца з любым чалавекам, і гэта будзе яго асабістая трагедыя, якою нельга абцяжарваць астатніх. Хто-небудзь можа, да прыкладу, зламаць 31 снежня нагу і сустрэць Новы год на бальнічным ложку — і хіба ўся краіна з гэтай нагоды павінна адмовіцца ад карагодаў вакол ёлкі? Мастак, які страціў зрок, не можа болей маляваць, а танцор, які застаўся без ног, — танцаваць, аднак іншыя мастакі і танцоры працягваюць займацца сваім мастацтвам, а тыя, каго лёс пазбавіў такой магчымасці, не патрабуюць, каб увесь свет перастаў захапляцца жывапісам і харэаграфіяй.
© Сяргей Абрамовіч, 2025
