01.04.2025

Як змарнаваць грошы — прапіць ці праспяваць?

Дзве дзяўчыны ў сталічным караоке-бары доўга чакалі сваёй чаргі ўзяць мікрафон і, страціўшы цярпенне, заплацілі 150 рублёў за магчымасць выканаць дзве песні пазачаргова (у бары такія расцэнкі: першая пазачарговая песня — 50 рублёў, наступная — 50 плюс яшчэ 50, і далей, здаецца, таксама нейкая градацыя існуе, але я не стаў у ёй разбірацца). Гэта з сюжэта, прадэманстраванага 31.03.2025 у тэлеперадачы «Белорусское времечко» (канал «Беларусь 1»), куды людзі звяртаюцца з усемагчымымі скаргамі і па юрыдычную кансультацыю (у дадзеным выпадку адна з вышэйназваных спявачак засталася незадаволеная сэрвісам бара і коштамі яго паслуг і вырашыла пашукаць праўды на тэлебачанні).


Я рады за людзей, якія могуць дазволіць сабе такое глупства і марнатраўства — некапеечныя выдаткі на пустую і кароткую, хвілінную забаву. Толькі ніякавата робіцца, калі задумаюся, што за вецер гуляе ў галовах некаторых суграмадзян і наколькі істотнае эканамічнае расслаенне нашага грамадства. Да прыкладу, мне 150 рублёў лёгка хапіла б на тыдзень, калі не больш: еў бы ялавічную тушонку Бярозаўскага мясакамбіната (болей за ўсё кладуць мяса ў параўнанні з іншымі вядомымі мне вытворцамі аналагічных кансерваў), памідоры, хлеб, грэчку і малочныя прадукты (ведаю, што кажу: амаль увесь сакавік правёў у Мінску ў камандзіроўцы на вышэйпрыведзеным рацыёне). Угледзьцеся ў фотаздымак: столькі каштуе радасць праспяваць песню без чаргі (адну, першую ў дзень наведвання бара), але ж ёсць альтэрнатыва, за гэтыя самыя паперкі ў гастраноме можна ўзяць 3-4 пляшкі гарэлкі — і цудоўна табе будзе спявацца ды танцавацца дома, без усялякіх там мінусовак, мікрафонаў і публікі.

© Сяргей Абрамовіч, 2025