07.04.2025

Хаўтуры па жонцы — нагода пахваліцца халасцяцкімі свавольствамі

Сонечным і цёплым красавіцкім днём на вясковых могілках пахавалі бабульку. Пакінуты ёю дзядок плакаў і, развітваючыся на краі магілы, пацалаваў спадарожніцу жыцця ў лоб, абедзве шчакі, абедзве рукі і абедзве нагі — у наскі сініх плюшавых тапак.

Дома, калі пасля хаўтурнага стала людзі збольшага разышліся і засталіся толькі родныя ды найбліжэйшыя сябры, удаўца пацягнула на ўспаміны пра перажытае разам з нябожчыцай. Пачаў з апошніх гадоў, паступова сягнуў у часы маладосці, настальгічна-замілаваны настрой перацёк у гарэзлівы, і дзядок раптам уздумаў пахваліцца адным сваім халасцяцкім выбрыкам.

Адчуваў, што з'яўляецца аб'ектам нежартоўнай закаханасці дзяўчыны, да якой сам рамантычных памкненняў не меў, і паспрачаўся з двума сябрамі на літр гарэлкі, што тая пагодзіцца выйсці за яго. Завіталі да падвопытнай утраіх.

— Калі сватоў адпраўлю, прымеш?

Дзяўчына пачырванела, затрапятала і дала згоду.

— З вас па бутэльцы! — пляснуў шалапут у далоні і зухавата тупнуў, пераможна зірнуўшы на сябрукоў.

У хуткім часе пра гэты візіт ведала ўся вёска. Дзяўчына з'ехала кудысьці на поўнач СССР і больш на радзіме не паказалася.

— Вось дык дзед! Ну і хват! Ой, малайчына! — рагатаў з яго расповеду мужык гадоў сарака пяці, які жыў недалёка ад вёскі ў гарпасёлку, а з дзядком і пахаванай бабулькаю меў пэўныя гаспадарчыя дачыненні — браў у іх малако (пакуль былі мацнейшымі і трымалі карову), што-небудзь вырашчанае на агародзе, а ў якасці падзякі дапамагаў нарыхтаваць сена ды выканаць якую-небудзь іншую працу.

Дома ў рагатуна згасала знясіленая анкалогіяй і змучаная пролежнямі жонка: «Гніе...» — адказваў, калі пыталіся пра яе стан. Прыводзіў, не хаваючыся ні ад хворай, ні ад пятнаццацігадовай дачкі, іншую жанчыну — прыбірала, гатавала, проста бавіла час. Тая, што дажывала апошнія дні, глядзела на новую гаспадыню без крыўды, нават з палёгкаю: будзе каму дбаць пра сямейную ўтульнасць — мужык не страціць сэнс жыцця і не апусціцца, дачка не застанецца без бацькоўскага клопату.

© Сяргей Абрамовіч, 2025