04.03.2025

Спадзяваўся на шоўк, атрымаў наждачку


Купіў я тры кніжкі, дзве з якіх выбраў свядома, а трэцюю — зборнік прозы Міколы Адама «Шоўк» (364 старонкі: тры аповесці і раман) — узяў з цікаўнасці і таму, што каштавала яна зусім смешна: 3 р. 63 к. Мабыць, дэмакратычнасць цэнніка абумоўлена заляжаласцю тавару: выданне пабачыла свет аж у 2013 годзе.


Да набыцця «Шоўку» я быў знаёмы з творчасцю яго аўтара па двух-трох (дакладна не памятаю) апавяданнях, змешчаных у калектыўным зборніку маладых літаратараў (М. Адам нарадзіўся ў 1978-м). Тыя опусы (маю на ўвазе вышэйзгаданыя два-тры творы, а не ўвесь зборнік) я ацаніў як вельмі слабыя — пустыя і наіўна-непраўдападобныя (хаця змест — бытавога характару, не фантастыка), быццам створаныя шляхам нядбайнага скідвання ў груд вобразаў і сюжэтных хадоў, свядома ці міжволі запазычаных з прымітыўнага, нізкагатунковага кіно для непераборлівай аўдыторыі: алкаголь, бойка, спроба згвалтавання…

З першых старонак зборніка «Шоўк» я ўбачыў тую самую наіўнасць, нерэалістычнасць, прымітывізм, намаганне захапіць чытача таннымі нерваказытальнымі сцэнамі: мужык чапляецца ў электрычцы да дзвюх дзяўчынак-падлеткаў, адна з іх выкідвае яго з тамбура падчас прыпынку; гэтыя дзяўчынкі расчараваліся, калі даведаліся, што ён не маньяк (меркавалі пахваліцца сяброўкам небяспечнымі прыгодамі); урач хуткай дапамогі прыехаў на выклік у кватэру і ўводзіць непрытомнаму чалавеку шпрыцам у галаўны мозг праз патыліцу антыбіётык (для тых, хто зусім ужо далёкі ад асноў медыцыны: антыбіётыкамі лечаць інфекцыйныя хваробы, а ўвядзенне лекаў у мозг наўпрост праз чэрап калі і практыкуецца, то дакладна не ў хатніх умовах).

Думаю, вышэйпрыведзеных прыкладаў дастаткова, каб пераканацца, што на патрабавальнага, інтэлектуальнага чытача, якому даспадобы высокія матэрыі, аўтар кнігі не арыентуецца.

У дадатак да ўсяго тэкст багаты на лінгвістычныя памылкі і стылёвыя агрэхі. Стар. 3: «на дзіва» ў сэнсе «надзіва», «растаптаць нагамі» (а чым яшчэ топчуць, акрамя ног? Плеаназм: слова «нагамі» лішняе); стар. 5: «нёба» ў сэнсе «паднябенне», «удар […] атаясамліваў сабою […] помсту» («атаясамліваў сабою» — як і вышэйпрыведзенае «растаптаць нагамі», плеаназм, у дадзеным кантэксце варта было ўжыць канструкцыю накшталт «увасабляў помсту» ці «атаясамліваўся з помстай»); стар. 6: «галава расколвалася на запчасткі» (запчасткі — гэта запасныя часткі для рамонту чаго-небудзь, у адносінах да галавы правільна — «на часткі», «на кавалкі», а то і проста «расколвалася», бо яно ж і так зразумела, што раскол вядзе да вылучэння частак з цэлага)…

Ледзь адолеўшы 20 старонак, я згарнуў гэтую кніжку назаўсёды: такое чытанне — сапраўднае самакатаванне, здзек са свайго інтэлекту, мастацкага густу, эстэтычнага пачуцця. Словам, і назва зборніка, і пяшчотная кветка на яго вокладцы мае чаканні падманулі — не шоўк я атрымаў, а наждачную паперу. І дзіўна мне, што выпусціла яе на рынак паважнае выдавецтва «Мастацкая літаратура».

© Сяргей Абрамовіч, 2025