Па-вясковаму апранутая мажная баба, марудна, стомлена перакідваючы чорныя гумовыя шкробалы* з плямістымі розна-зялёнымі на манер ваеннага камуфляжу балоневымі халявамі па голым, нягледзячы на люты, асфальтавым тратуары дробненькага правінцыяльнага райцэнтрыка, у падсунуты пад хустку да вуха смартфон нізкім і рыклівым, бы хворая на грып, голасам (яшчэ такі бывае ў мужыка назаўтра пасля грунтоўнай п'янкі) брэша камусьці на нейкую асобу жаночага полу:
— ... а сто ў казіно прайграла! Я ёй кажу: «Куды ты лезеш?! Груля** гэткая знайшлася! Для цябе яно, казіно тое?! Якая з цябе груля перціся туды?!» І чаго цяпер далей ад яе чакаць? Каб ізноў не пасунулася: паспытае раз-другі ды і ўцягнецца… Груля гэткая…
Хто ж яна, тая загадкавая груля, што праз уласную легкадумнасць страціла сотню невядома чаго — рублёў, долараў, еўра? Калі б не ўзроставыя абмежаванні (у казіно пускаюць толькі з 21 года), фантазія падказала б, што гэта ўнучка, якая пасля школы паехала вучыцца ў сталіцу і без бацькоўскага нагляду, агаломшаная маштабамі і аслепленая гламурнай выкшталцонасцю вялікага горада, зачараваная ніколі дагэтуль не каштаванай раскошай нязвыкла камфортнага асяроддзя чалавечага існавання, наіўна паверыўшы, што ўсе без выключэння дзверы гэтай вабнай і шматабяцальнай казкі гасцінна разнасцежаны для ўсіх пагалоўна, у тым ліку для заезджых па дыплом гадаванцаў соннай, няхітрай і непераборлівай глыбінкі, паддалася спакусе. Зрэшты, яна можа быць не першакурсніцай, ды яшчэ і паступіць магла не адразу пасля школы. Але не, у адносінах да ўнучкі занадта жорсткі тон — агіда з ноткамі нянавісці. Хутчэй, гэта нявестка.
Дарэчы, калі б гаворка ў аналагічным кантэксце ішла не пра якуюсьці яе, а пра якогасьці яго, то, мабыць, быў бы гэты недарэка ўшанаваны тытулам «груль», а то яшчэ і прадубліраваным дзеля мацнейшай выразнасці ў рыфму з заменаю першай літары на «с».
__________
* У слоўніках я такога слова не знайшоў, таму на ўсялякі выпадак патлумачу: шкробаламі завуць грувасткі абутак (большага, чым патрэбна, памеру, ці проста такога фасону), бо ён шкрабае па зямлі.
** Аказіяналізм (слова, якога не існуе, на хаду прыдуманае моўцам), пагардлівы сінонім слова «ігрок», ужыты ў адносінах да асобы жаночага полу.
© Сяргей Абрамовіч, 2025


