Нічога не скажаш, сапраўдныя інтэлектуалы і крэатыўшчыкі распрацоўвалі гандлёвую марку для прадукцыі ААТ «Полацкі малочны камбінат»! На пачках масла і тварагу, на бутэльках малака і кефіру, на слоіках смятаны — сілуэт размешчанага ў Полацку Сафійскага сабора і надпіс «Сафійка». Да нядаўняга часу была яшчэ выява сімпатычнай дзяўчынкі (а сабор размяшчаўся на заднім плане, за ёй) — тады можна было падумаць, што пад Сафійкай маецца на ўвазе чалавек, але з канца 2024 года прадукцыя прадаецца з тым самым надпісам, а малюнак — ужо толькі культавы аб'ект і некалькі схематычных кветачак.
Пра тое, што назва брэнда «Сафійка» звязана менавіта з храмам, яшчэ ў 2017 годзе газеце «Витебские вести» паведаміла намеснік дырэктара камбіната (цытата — у перакладзе з рускай мовы): «Сафійкай палачане пяшчотна называюць Сафійскі сабор» (гл. ніжэй скрыншот сайта газеты — адпаведная фраза падкрэслена зялёным колерам). Такім чынам, няма сумнення, вытворца прадукцыі для нашых грэшных тленных целаў публічна заявіў, што вырашыў пазначыць свой тавар старажытным сімвалам духоўнага жыцця.
Я атэіст (зрабіўся ім пасля ўважлівага і няспешнага, на працягу двух гадоў, прачытання поўнай кананічнай Бібліі), але такое змешванне зямнога з узвышаным (а кажучы без лішняй далікатнасці — эксплуатацыя ўзвышанага на карысць зямнога) нават мяне амаль абурае. Сафійскі сабор — элемент культурнага багацця рэспублікі і ўвасабленне высокай ідэі сусветнага маштабу (хрысціянскае веравучэнне). Ці этычна выкарыстоўваць яго як маркетынгавы сродак у гандлёвай дзейнасці суб'екта гаспадарання, ніякім бокам ні да культуры, ні да рэлігіі не датычнага? Такія дзеянні хочацца параўнаць з плагіятам ці нядобрасумленнай рэкламай.
У Бібліі апісаны наступны эпізод (Евангелле ад Іаана, глава 2, вершы 13 — 16): Ісус Хрыстос убачыў, што ў храме ажыццяўляецца гандаль жывёлаю і абмен валют, стаў выганяць адтуль гандляроў і валютчыкаў і пры гэтым між іншым заклікаў іх не ператвараць дом Бога ў дом гандлю (на ніжэйпрыведзеным фотаздымку гэты фрагмент тэксту абведзены бэзавым колерам, а радкі з заклікам падкрэсленыя сінім). Мяркую, няцяжка здагадацца, як ацаніў бы Сын Божы афармленне вышэйзгаданай прадукцыі Полацкага малочнага камбіната.
P.S. Дарэчы, з улікам таго, што Полацк з'яўляецца радзімай шмат якіх выбітных у беларускай гісторыі асоб, не здзіўлюся, калі дзякуючы намаганням такіх вось моцных крэатыўшчыкаў на паліцах гастраномаў з'явяцца іншыя не менш экстраардынарныя найменні прадуктаў, вырабленых у гэтым горадзе, — якая-небудзь сыракваша «Фроська», ёгурт «Франак» (а што, Скарына ж быў доктарам медыцынскіх навук — вось, значыць, прадукт для паляпшэння стрававання) ці яшчэ што-небудзь у такім духу.
P.P.S. Прадукцыю маркі «Сафійка» я прадэгуставаў. Уражаннямі падзяліўся тут.
© Сяргей Абрамовіч, 2025



