Пісьменнік родам з Мазырскага раёна (нар. у 1944 г.), а значыць, і словы, хутчэй за ўсё, аднекуль з тых мясцін, бо і дзеянне асобных твораў адбываецца там. Прыводжу з указаннем у дужках старонкі, на якой адпаведнае слова ці выраз сустракаецца ў зборніку прозы гэтага аўтара «Правінцыялка» (Мінск, «Харвест», 2015):
хамхадэра (хамхадэра-п'яніца, 29; хамхадэра вулічная, 30) — жанчына, якая вядзе бязладнае жыццё (не працуе, злоўжывае спіртным і г.д);
пусціць у распыл (29) — неразумна патраціць сродкі, нерацыянальна скарыстацца чымсьці каштоўным. Персанаж пусціў у распыл двухпакаёвую кватэру — абмяняў на інтэрнацкі пакой з даплатай і грошы прапіў-прагуляў;
шайморы (35) — нейкая страва з мерзлых бульбін, якія засталіся нявыкапанымі і зазімавалі ў полі (дзеянне адбываецца ў часы пасляваеннай нястачы). А можа, яе гатуюць не абавязкова з мерзлай бульбы, а з любой? Дакладна вызначыць значэнне гэтага слова з кантэксту твора немагчыма: людзі выкопваюць на калгасным полі мерзлую бульбу, дзяруць яе на тарцы і пякуць шайморы (менавіта пякуць, а не смажаць, як дранікі);
чарталоміць (35) — выконваць вялікія аб'ёмы нялёгкай працы. У тэксце чарталомяць будаўнікі — спяшаюцца ўзвесці новы аб'ект;
моўзнуць (41, 45) — паехаць далёка або ў невядомым напрамку. Значэнне слова мае адценні нечаканасці, здзіўлення. Персанаж моўзнуў з роднай беларускай вёскі на поўнач Расіі;
надалабень (345) — бесталковы, безадказны, ненадзейны чалавек, ад якога шмат праблем. У адным з твораў бацькі «выгадавалі надалабня на сваю галаву»;
майнуць (357) — тое самае, што і моўзнуць (гл. вышэй).
Наконт націску ў пяці моўных адзінках з вышэйпрыведзенага пераліку ад слова «хамхадэра» да «моўзнуць» усё зразумела, а вось дзве апошнія пазіцыі выклікаюць пытанне: як правільна? На мой погляд (на мой моўны густ) — «на́далабень» і «ма́йнуць» (паводле аналогіі з «моўзнуць»).
© Сяргей Абрамовіч, 2025