Каля студэнцкага інтэрната сталічнай ВНУ пачуў мімаходзь абрывак гутаркі дзяўчыны і хлопца.
— Як цудоўна, калі дзяўчаты за сценкаю не буяняць і не трэба выклікаць апяроў... — прамовіла студэнтка задаволена і адначасова са скаргаю ў голасе (відаць, мела праблемы з суседкамі, тых нарэшце або выселілі, або прымусілі паводзіць сябе прыстойна, таму дзяўчына адчула палёгку, але яшчэ не паспела паверыць, што жахі мінулі, і пазбыцца цяжкіх успамінаў).
Пад апярамі меліся на ўвазе члены студэнцкага оператрада, прызначанага для падтрымання парадку ў інтэрнаце. Гэтыя хлопцы дзяжураць на прапускным пункце і суправаджаюць каменданта, калі той разбіраецца з парушальнікамі правілаў пражывання.
Я закончыў універсітэт (таксама ў сталіцы) 23 гады таму. Таксама жыў у інтэрнаце, і яго оператрад без справы не сядзеў: інцыдэнты здараліся ледзь не штодня (п'янкі, бойкі, несанкцыянаванае знаходжанне ў інтэрнаце пабочных асоб). Пачутыя цяпер словы дзяўчыны мяне здзівілі: я меркаваў, што сучасныя студэнты (ва ўсялякім разе, прэстыжных — сталічных ВНУ, і тым больш прадстаўніцы цудоўнага полу) — рахманыя і пазітыўныя дзеці, карпеюць над хатнімі заданнямі або сядзяць у смартфонах ці займаюцца справамі сардэчнымі.
© Сяргей Абрамовіч, 2024