Сонечным і цёплым вераснёўскім днём на пад'ездзе да аднаго дробнага райцэнтра, кіламетры за чатыры, я падабраў мужыка прыкладна свайго ўзросту, паміж сарака і пяццюдзесяццю. Ён подбегам ішоў па ўзбочыне, а калі спыніўся і павярнуўся, каб прагаласаваць, я ўбачыў, што выраз яго твару заклапочана-жаласны, таму і вырашыў падвезці (звычайна спадарожнікаў не бяру).
Мужык кіраваўся ў раённую бальніцу, дзе ляжаў у неўралогіі і адкуль самавольна, не адпрасіўшыся, сышоў дахаты памыцца ў лазні.
— Медсёстры трывогу ўзнялі, тэлефануюць, і не мне, а мацеры маёй, маўляў, дзе ваш сын, няхай тэрмінова вяртаецца, — тлумачыў ён брутальным пракураным басам, але вінавата-спалоханай інтанацыяй, бы школьнік, які папаўся на шкодзе і прадчувае непазбежны наганяй. — Ну, дык я хутчэй, бягом. Добра, што хоць памыцца паспеў. А тут як на тое не едзе ніхто, дарога пустая, пашчасціла, што ты зявіўся, — мужык быў з простых і мяне палічыў за свайго (відаць, пад уражаннем ад маёй заезджанай, абшарпанай машыны) — гутарку адразу павёў на «ты». — Зараз як пакажуся, будзе скандал, уваляць мне.
Ад мужыка сыходзіў водар дрывянога дыму і лазневага веніка. Была субота, у гэты дзень вяскоўцы сапраўды звычайна масава ходзяць у лазню.
— А што, у бальніцы няма душа якога? — спытаў я, бо сам жыву ў іншым горадзе і якая тут у іх раёнка, не ведаю.
— Ёсць, але ну яго да д'ябла, там жа ўсе хворыя, заразу яшчэ падчаплю. Мыюць, праўда, санітаркі, але тады хіміяй гэтай дэзінфекцыйнай смярдзіць, так што лепей дахаты адвярнуцца, так смялей.
У стацыянар ён трапіў таму, што доўга не сунімалася плячо, якое ўвярэдзіў, празмерна моцна і рэзка таргануўшы пас запуску мотаблока.
— А лячэнне абы-якое, не дапамагае ні халеры, — скардзіўся ўцякач, тым самым спрабуючы і апраўдацца за самаволку. — Кропельніцы нейкія прызначылі, у мяне ад іх ногі падкошваюцца і рукі дрыжаць, дык я ад іх адмовіўся. І калі б яшчэ хаця б людзі нармальныя ў палаце ляжалі, а то дзяды дзевяностагадовыя — я з імі звар'яцею: адзін сам з сабою размаўляе чорт ведае пра што, другі з галавой праломленаю — крычыць дзень і ноч, трэці ў падгузніку — смурод, вокны адчыненыя не ратуюць.
Мы ўжо ехалі па райцэнтры, і я спытаў, дзе ў іх бальніца.
— Ты не адсюль? — удакланіў ён, і я падумаў, што мой спадарожнік, відаць, не аўтамабіліст, іначай звярнуў бы ўвагу на нумар машыны і адзначыў бы, што я з іншай вобласці (зрэшты, ён хваляваўся, так што яму магло быць не да чужых нумароў). — Вунь каля таго паварота спыні, я задворкамі дабягу.
Відаць, працавіты і гаспадарлівы чалавек, калі мотаблокам карыстаецца. І мяккі, дабрадушны: перажывае, што медсёстры незадаволеныя. А вось сямейнае жыццё, мабыць, не ладзіцца, бо ў расповедзе фігуравала маці, а не жонка. І шкада, што брыдкаслоў: працэнтаў трыццаць яго маўлення складалі мацюкі.
© Сяргей Абрамовіч, 2024