Аднакласнік і сябар дзяцінства папрасіў яго быць шаферам. Ён пагадзіўся.
Не бачыліся дзесяць гадоў — з таго часу, як скончылі школу, зрабіліся студэнтамі і сталі паказвацца ў роднай вёсцы па выхадных ды святах, але не так рэгулярна, каб перасекчыся.
Ён атрымаў у сталічным універсітэце дыплом інжынера-механіка па эксплуатацыі і рамонце аўтатрактарнай тэхнікі, колькі месяцаў парабіў у дарожнай рамонтна-будаўнічай арганізацыі недалёка ад сталіцы (меў высокі бал, таму накіравалі не абы-куды), адслужыў у войску, развітаўся з месцам размеркавання і вярнуўся ў горад свайго студэнцкага юнацтва. Уладкаваўся ў фірму па продажы аўтазапчастак, дзе завёў знаёмствы яшчэ падчас працы дарожнікам (пару разоў шукаў там штосьці для аўтапарку свайго прадпрыемства). Жыў на здымнай кватэры, халасцякаваў, грошай хапала і на шодзённыя патрэбы, і на дэпазіт класці. На пытанні сваякоў, ці не пара жаніцца, нібыта абыякавым і ўпэўненым тонам адказваў, хаваючы няёмкасць у афіцыйна-дзелавы стыль, што спачатку трэба сфарміраваць належную матэрыяльную базу, і пераводзіў размову на іншае, але на самай справе апошнім часам ён часта задумваўся і нават хваляваўся, што шмат якія прыдатныя яму паводле ўзросту дзяўчаты ўжо хто замужам, а хто і разведзеныя, мацеры-адзіночкі, а сваю сапраўдную і адзіную ён яшчэ не сустрэў, і шанцы на сустрэчу з кожным годам няўхільна змяншаюцца...
Аднакласнік жа прыдбаў у правінцыйным універсітэце ў абласным цэнтры на поўначы рэспублікі спецыяльнасць настаўніка матэматыкі і вярнуўся ў родную школу. У войска не трапіў па стане здароўя. Жонку ўзяў крыху маладзейшую за сябе, родам з райцэнтра, размеркаваную ў яго школу выкладаць хімію. Ролю шаферкі нявеста прапанавала сваёй стрыечнай сястры, з якой вырасла ў адным горадзе і мела даволі цесныя стасункі. Тая перайшла на апошні курс сталічнага эканамічнага ўніверсітэта, дзе спасцігала глыбіні бухгалтарскага ўліку, аналізу і аўдыту, але цяпер адпачывала ў бацькоў: вяселле было ў жніўні — вакацыі.
Хоць шафер з шаферкаю дагэтуль не былі знаёмыя і мелі істотную розніцу ва ўзросце, на вяселлі хутка паразумеліся і адчулі ўзаемную сімпатыю — непрыгнечана размаўлялі, трапна жартавалі і шчыра смяяліся, ахвотна ўдзельнічалі параю ў розных дурасліва-непрыстойных гульнях, а калі на дварэ сцямнела, выходзілі з калгаснай сталовай, у якой адбывалася гулянка, і ў атуленай бэзам ды акацыяй альтанцы прыязна і захоплена гутарылі пра жыццё-быццё — пра ўсё і ні пра што. Абмяняліся тэлефоннымі нумарамі і пасябравалі ў сацсетках.
Карацей, паміж імі ўзнікла і мацнела ўзаемапрыцягненне, гучалі ўсё больш пяшчотныя і шматабяцальныя інтанацыі. Хлопец, п'янеючы, усё больш разнявольваўся і расчульваўся, а дзяўчына хоць і амаль не піла, але падпадала пад уплыў яго настрою, адказвала яму ўзаемнасцю.
У чарговай гульні хлопцы пад усеагульны п'яны рогат намагаліся прысесці так, каб усунуць у пастаўленую на падлозе бутэльку аловак, што звісаў на нітцы, прывязаны да пояса са спіны, а напарніцы дапамагалі ім, аберуч трымаючы за плечы і накіроўваючы. Ён купаўся ў водары яе парфумы і ў нейкіх невытлумачальных чароўных энергетычных хвалях, ад якіх плавілася ў грудзях, плыла з-пад ног падлога і адлятала ў невядомую далеч галава. Па заканчэнні гэтай няўклюднай і камічнай гімнастыкі мімаходзь сустрэўшыся з дзяўчынай позіркам, ледзь стрымаўся, каб не абняць і не пацалаваць яе, а яна відавочна гатовая была да такога яго парывання, вочы яе казалі, што прагне апынуцца ў абдымках і пакаштаваць пацалунку. Не даў сабе волі, мабыць, таму, што яшчэ крыху недапіў, не ўвайшоў у стан гатоўнасці да такіх імпульсіўных учынкаў, а ў застоллі прымалі ўдзел маці з бацькам дзяўчыны, і іх прысутнасць таксама крыху стрымала яго, вымусіла да абачлівасці і далікатнасці.
Ноччу маладыя незаўважна зніклі — пайшлі спачываць. Тамада (ён жа дыджэй мясцовага сельскага клуба, мажны хлопец, які ў школьныя гады за сваю камплекцыю меў мянушку Аўтобус) урачыста, узнёсла і замілавана, праз мікрафон, на ўсю сталовую, прапанаваў шаферскай пары ўладкавацца за сталом на месцах жаніха з нявестаю. Прапанова была ахвотна прынятая. Гулянка выбухнула апладысментамі і выгукам «горка!».
Пасля пацалунку Аўтобус прапанаваў тост:
— Ну, што ж, цудоўна, што ў нас утварылася яшчэ адна пара, што месцы жаніха з нявестаю пуставалі зусім нядоўга. Давайце ж вып'ем за тое, каб нам нядоўга давялося чакаць чарговага вяселля.
Казалі, што ў гэтай мясцовасці некалі даўно існаваў звычай шаферу з шаферкай у хуткім часе пасля сыходу маладых таксама кіравацца на начоўку ў нейкае спецыяльна для іх падрыхтаванае асобнае памяшканне з адной пасцеллю на дваіх — вядома ж, пры ўмове ўзаемнай згоды, а каб такая згода была, на шаферскія ролі знарок падбіралі хлопца і дзяўчыну, у якіх таксама адносіны набліжаліся да вяселля. Калі такі звычай сапраўды існаваў і калі ўявіць, што ён дайшоў да сёння, то ў дадзеным выпадку згода, нават нягледзячы на нядоўгае знаёмства шаферскай пары, відавочна мела месца. Была гэтая гатоўнасць да сур'ёзнага і адказнага збліжэння падмацавана нежартоўным жаданнем (прыцягненне паміж шаферам і шаферкаю не слабела) і прылюдна засведчана: прапанову Аўтобуса заняць месцы маладых хлопец з дзяўчынаю не адхілілі, сцверджанне пра ўтварэнне з сябе новай сямейнай пары не аспрэчылі, на выгук «горка!» адрэагавалі адпаведным чынам.
І хто ведае, мабыць, разыграўся б на гэтым вяселлі легендарны старажытны сцэнарый з сумеснай начоўкаю шафера ды шаферкі, калі б патэнцыяльны новы жаніх не перабраў гарэлкі. Спіртным ён ніколі не злоўжываў, нават быў да яго абыякавым, усе выпіўкі свайго жыцця мог пералічыць на пальцах адной рукі: 1) у дзявятым класе на школьнай дыскатэцы напярэдадні Новага года некалькі разоў добра пацягнуў з рыльца прынесенай сябрамі самагонкі, а па вяртанні дахаты ванітаваў, бацькі ўсё зразумелі, быў сямейны скандал; 2) пасля заканчэння першага курса ўніверсітэта, развітваючыся да восені з аднакурснікамі, выцадзіў паўлітра піва; 3) пасля вяртання з войска крыху ўжыў у вузкім сямейным коле (перад адпраўкаю ўстрымаўся, каб захаваць свежую галаву і бадзёрае самаадчуванне ў такі адказны момант).
А цяпер, на вяселлі сябра, ён не разлічыў сілы, страціў адчуванне меры. Прычынай таму стала, акрамя ўсяго іншага, захапленне дзяўчынаю: ап'яненне перамяшалася ў яго з эйфарыяй ад збліжэння з сімпатычнай асобаю супрацьлеглага полу, ён заблытаўся ў гэтых дзвюх нервова-псіхічных з'явах, не заўважаў мяжы паміж імі, увіваўся вакол дзяўчыны і куляў кілішак за кілішкам, і здавалася яму, што гэта імкліва разгортваюцца, прагрэсіруюць, прыносячы ўсё мацнейшую асалоду, адносіны з аб'ектам закаханасці, а на самай справе ён проста мацней п'янеў, губляючы галаву крыху ад пачуццяў да шаферкі і вельмі — ад гарэлкі.
Прачнуўся назаўтра апоўдні дома, у бацькоўскай хаце, адзін. Ляжаў на нерассцеленым ложку ў пінжаку, пры гальштуку, але без штаноў. Падчас гулянкі ён моўчкі ссунуўся пад стол, быў выцягнуты ў непрытомным стане, пагружаны ў машыну і дастаўлены па прызначэнні. На імгненне ажыўшы, спрабаваў распранацца і зноў адключыўся ў такім экстравагантным выглядзе.
Увесь дзень хварэў. Пад вечар сунялася галава, але нават назаўтра яшчэ працягвалі бушаваць вантробы: нішто з'едзенае ці выпітае не затрымлівалася ў іх даўжэй, чым на якую хвіліну, імгненна пераадольвала ўвесь стрававальны маршрут ад уваходу да выхаду (значыць, не толькі перапіў, а яшчэ і грунтоўна пераеў). Падзеі вясельнай ночы помніліся фрагментарна, штосьці аднавіў у тэлефоннай размове з цяпер ужо сямейным аднакласнікам.
Больш-менш ачуняўшы і вярнуўшыся ў сталіцу, вагаўся, разважаў, ці варта звязацца з шаферкаю, ці лепей не нагадваць ёй пра сябе і сваю ганьбу: яна, магчыма, цяпер пагарджае ім і думае, што ён п'яніца.
Наведаў яе старонкі ў сацсетках — ніводнага фотаздымка з вяселля, хаця старонкі актыўныя, абнаўляюцца даволі часта. Значыць, вырашыў, успамін пра тую ноч дзяўчыне непрыемны. Але з сяброў яго не выдаліла — відаць, для зносін усё ж адкрытая. Што рабіць?
Зайшоў на старонку аднакласніка — у таго поўна фотаздымкаў. На адным — некалькі гасцей, сярод іх і шаферка, паўкругам абступілі клумбу каля сталовай. І… што гэта?! Правая рука шаферкі даўжынёю да пояса, а левая — да сярэдзіны сцягна. Можа, аптычная ілюзія з прычыны размяшчэння людзей паўкругам? Але ж у іншых рукі аднолькавыя. Хаця не ва ўсіх: дзяўчына стаіць у адным крыле паўкруга адносна яго цэнтра, а сіметрычна ёй, у іншым, — яе маці, у якую яна пайшла тварам і целаскладам, і правая рука жанчыны таксама да пояса, а левая да сярэдзіны сцягна.
Паўзіраўся ў іншыя фотаздымкі — і зрабілася яму адначасова прыкра і лёгка, балюча і радасна, адчай ахапіў яго і задавальненне. Было невыносна ўсведамляць, што дзяўчына, якая нежартоўна запала ў сэрца і ў адносінах да якой меў сур'ёзны намер, аказалася носьбітам такой фізічнай асаблівасці. Працягваць свой род з уладальніцай нетыповага генатыпу ён не рызыкнуў бы, таму што сам высокі, здаровы, дужы, без ніякіх адхіленняў ад стандарту — і ганарыцца гэтым (калі ў войска забіралі, начальнік аддзялення прызыву ў ваенкамаце пахваліў: годны без абмежаванняў — цяпер такія прызыўнікі рэдкасць!). Праўда, даўжыня касцей звычайна змяняецца пасля пералому, але каб зламалася адна і тая ж рука і змянілася ў аднолькавых прапорцыях у маці і дачкі, гэта наўрад ці. А значыць, усё ж дзякуй богу, што абышлося толькі пацалункам, своечасова адключыўся — крыху абняславіўся, затое будучыня ўратавана.
Так і адпалі ўсе сумненні наконт далейшых адносін з дзяўчынай — не стаў выходзіць на сувязь, заблакіраваў яе ў сацсетках і ў тэлефоннай кнізе.
Праз колькі дзён патэлефанаваў аднакласнік і пасля нешматлікіх дзяжурных беззмястоўных фраз роблена жартоўным тонам, нібыта між іншым, спытаў:
— Дарэчы, як там у цябе адносіны развіваюцца? Ці хутка на вяселле паклічаш? Доўг цяпер за табою: такую нявесту табе падагналі, так што выпіць і закусіць за сваю паслугу хочам, не адчэпімся.
Жартоўнага тону ён не падхапіў. Мабілізаваўшы якія меў артыстычныя здольнасці, з жалем, вінавата і безнадзейна адказаў, што саромеецца сваёй п'янай непрытомнасці, а таму няхай ужо ўсё застаецца як ёсць: пазнаёміліся, весела прабавілі час, выканалі сваю функцыю і разышліся. Пра неаднолькавыя рукі змоўчаў.
Аднакласнік узяўся горача пераконваць яго ў памылковасці такога рашэння:
— Ай, кінь ты, не дуры галаву, ніякага сораму, усё яна разумее, што ж гэта за вяселле, на якім ніхто пад стол не зваліўся? Наадварот, калі не вытрымаў нагрузкі, значыць, не прызвычаены, не злоўжываеш, так што гэта толькі плюс табе ў яе вачах.
Адчувалася, што маладыя ўжо мелі размову з шаферкай пра дзіўнае маўчанне шафера і што дзяўчына жадала працягу адносін. Але ён, шчасліва выскачыўшы з пасткі ў апошні момант, калі механізм ужо гатовы быў надзейна заціснуць яго, нават думаць баяўся пра тое, каб ізноў пачынаць гэтую самую гульню з лёсам: другі раз шанцу на выратаванне не будзе.
Нават узнікла нядобрая думка, што аднакласнік са сваёй жонкаю свядома шукалі, да каго б хітра ўладкаваць дзяўчыну з такой асаблівасцю цела, і што сама яна ацэньвала свае шанцы на замужжа не вельмі высока, таму і трымалася з ім так прыхільна і даступна — падыгрывала, удавала захапленне ім і пяшчоту да яго, гаварыла пра моцнае падабенства свайго і яго светапогляду, пра такое адчуванне, нібыта яна ведае яго ўжо шмат гадоў… Карацей, усё, што падчас вяселля захапляла, зачароўвала, вабіла, акрыляла яго, цяпер паўстала каварствам, фальшам і крывадушнасцю. І на аднакласніка злосць узяла: падставіць захацеў, чыстае дзіцячае сяброўства брудна скарыстаў, каб жонцы сваёй дагадзіць — пра сястру яе паклапаціцца эфектыўна ва ўсіх адносінах, за чалавека забяспечанага ды перспектыўнага аддаць і сталічнай жыхаркаю зрабіць! Напэўна, яшчэ і падлівалі яму знарок, выпіваць да дна заахвочвалі!
Злосць гэтую і згрызоты ніяк не выявіў, стрымаў у сабе. І адчуў, што ранейшай шчырасці паміж ім і сябрам болей ніколі не будзе.
Рашэнне не змяніў і з чорных спісаў дзяўчыну не павыдаляў. А яна чакала тэлефанавання ці хаця б якой весткі ў сацсетках. Наконт спаўзання яго пад стол меркавала толькі ўсміхнуцца, звесці ўсё на жарт.
Недасканаласць будовы сваіх рук яна ніколі не маскіравала, у тым ліку і ў кантэксце ўзаемаадносін з супрацьлеглым полам, — лічыла, што лепш адразу засведчыць усе нюансы, каб патэнцыяльны спадарожнік жыцця ўсвядомлена выбіраў яе такою, якая ёсць, а не рабіў непрыемныя адкрыцці пасля шлюбу.
Убачыўшы, што шафер знік з сяброў у сацсетках, захвалявалася і зажурылася, адчула нейкую страту, разбурэнне нейкіх светлых спадзяванняў. Падзялілася з маці. Тая запанікавала:
— Тэлефануй яму! — загадала дрыжачым голасам, поўным спачування і гатоўнасці на адчайныя ўчынкі дзеля шчасця дачкі.
— Нельга, мама, ты што, ён павінен першым…
— Ты ж бачыш, нешта не тое, трэба ўсё высветліць! Ён жа добры хлопец, разумны, талковы, пазітыўны, і багаты (усе вунь па пяцьдзясят, па сто рублёў на талерку для маладых клалі, некаторыя, мабыць, і меней, у канверцік сарамліва схаваўшы, а ён — сто еўра), і на цябе так паглядаў увесь час, так свяціўся тварам, калі з табою гутарыў. А цяпер вось дагэтуль знаку не падаў, ужо колькі дзён мінула. Патрэбная пэўнасць, тэлефануй!
— Не.
— Ну проста набяры нумар і скінь пасля першага гудка. Перазвоніць — скажаш, незнарок набрала, выпадкова, праігнаруе — што ж, тады ўжо застанецца ўсё як ёсць.
— Ай, не, ну што я буду… Не, не варта так.
— Тады дай я яму набяру, калі ты такая далікатная, — схапіла са стала тэлефон дачкі і палезла ў кантакты.
Тая кінулася адбіраць, а маці адварочвалася, выкручвалася, ухілялася, адначасова робячы спробы пачаць тэлефанаванне.
Дачка ўсё ж дала рады выхапіць. Зірнула на дысплэй і абамлела: маці, аказваецца, паспела запусціць выклік. Праўда, тэлефанаванне высвечвалася як завершанае, значыць, было перарванае адразу, на старце (свядома ці выпадкова, праз валтузню). Але дзе гарантыя, што ў хлопца не паспеў азвацца тэлефон, што не высвеціўся яе нумар? Як няёмка! А калі ён зараз ператэлефануе?! Што адказаць? Як паводзіцца? І дзяўчына хутчэй занесла яго нумар у чорны спіс.
© Сяргей Абрамовіч, 2024