Тэксты сённяшніх СМІ, асабліва ў інтэрнэце, вельмі каравыя лінгвістычна і эстэтычна — утрымліваюць безліч граматычных памылак і стылёвых хібаў. Хтосьці, мабыць, эканоміць на карэктарах і стыль-рэдактарах, нехта ахвяруе граматыкай і эстэтыкай на карысць аператыўнасці (няма калі вычытваць тэксты — хутчэй у друк ці на сайт!), іншыя, магчыма, маюць яшчэ якую прычыну падсоўваць аўдыторыі няякасную прадукцыю.
У ідэальным варыянце (на жаль, толькі ў ідэальным, тэарэтычна) карэктары і рэдактары павінны быць незапатрабаванымі ў штатах СМІ, бо пасада карэспандэнта (стваральнік тэксту) сама па сабе вымагае высокапісьменнасці і валодання літаратурнымі здольнасцямі, дасканалага, бездакорнага абыходжання са словам. Калі прырода адчуваннем мовы не ўзнагародзіла, адустнасць гэтай якасці можна кампенсаваць стараннай працай — штудзіраваннем навучальнай літаратуры, хаця лепей было б такой асобе ўвогуле не перціся ў медыясферу.
Можна запярэчыць у тым сэнсе, што, маўляў, не вялікая бяда, калі тэкст багаты на памылкі, галоўнае — змест, каб народ аператыўна атрымаў карысныя звесткі, да таго ж памылак большасць чытачоў не заўважыць: калі слабаватыя ў граматыцы нават самі журналісты, людзі з вышэйшай профільнай адукацыяй, майстры слова, то што ўжо казаць пра шырокія масы спажыўцоў журналісцкай крэмзаніны? Праглыне піпл і не падавіцца, не заўважыць нічога падазронага.
Але што заспяваў бы прыхільнік такой пазіцыі, калі б яму, напрыклад, прапанавалі купіць іржавую, падрапаную і памятую машыну, суцяшаючы тым, што ў яе вельмі магутны матор і надзейныя тармазы ды рулявое кіраванне? Ці калі б ён замовіў пашыць паліто шэрага колеру, а яму пашылі б са шматлікіх лапікаў зялёнай, сіняй і карычневай тканіны і растлумачылі, што замоўленая шэрая скончылася, але ў гэтым няма нічога страшнага, галоўнае тое, што паліто цёплае і цудоўна села — не абцяжарвае рухаў?
Або калі б у рэстаране яго пасадзілі за не прыбраны пасля папярэдніх наведнікаў стол, і афіцыянт з бруднымі пазногцямі, у замызганым ды пакамечаным адзенні, смаркаючыся і чухаючы пад пахамі, прапанаваў бы меню, запэўніваючы, што ў яго ўваходзяць толькі найлепшыя, найцудоўнейшыя стравы з непаўторным вытанчаным смакам і найкарыснымі для арганізма ўласцівасцямі?
Вас цягне на ваніты выгляд стала і афіцыянта? Не бярыце да сэрца, галоўнае — што трапіць у ваш страўнік. Будзьце ўпэўненыя, кухар сваю справу ведае, прыгатуе хутка і смачна. Ну, а як заказ будзе прынесены і пададзены, хіба істотна? Тут жа не конкурс рэстараннага інтэр'еру ці прафмайстэрства афіцыянтаў, да таго ж большасць кліентаў не з'яўляюцца спецыялістамі ў галіне санітарыі і эпідэміялогіі ці арганізацыі грамадскага харчавання, так што ім без розніцы, мэта візіту кожнага з іх — прагнаць голад, а не задаволіць эстэтычныя патрэбы.
© Сяргей Абрамовіч, 2024