Калісьці прачытаў бы і забыў, ні за якую крамолу вока не зачапілася б: верш як верш, лірыка, шчыра, выразна і пераканаўча выказаныя думкі і пачуцці аўтара, шмат хто з чытачоў убачыць у іх адлюстраванне ў тым ліку і свайго ўнутранага свету — свайго душэўнага стану і поглядаў на той ці іншы аспект рэчаіснасці. Цяпер жа, у маніякальна чыстаплюйскую, стэрыльна паліткарэктную і паталагічна абазнаную эпоху, калі кожная малапісьменная нікчэмнасць упэўнена казырае законам увогуле і сваімі правамі ў прыватнасці і калі ў кожным адрасаваным публіцы слове хто-небудзь з гэтай публікі абавязкова ўбачыць мову варожасці, аб'ектывацыю, сэксізм, знявагу рэлігійнага пачуцця, парушэнне правоў жывёлы і яшчэ чорт ведае на якую святыню замах, чытаеш і спатыкаешся, зноў і зноў адзначаючы, што калі б сучасны аўтар меў неабачліваць або рызыкнуў стварыць такі вобраз, ужыць такі мастацкі прыём, выказаць такую ідэю і г.д., то ў інтэрнэце на яго вывалілі б тону гною, а ў рэальным жыцці нацкавалі б якіх-небудзь праваабаронцаў, а то і праваахоўнікаў паспрабавалі б уцягнуць у свой шабас.
Зрэшты, асобныя пасажы з айчыннай паэзіі другой паловы мінулага стагоддзя (найбольш зразумелы для аўтара гэтых радкоў перыяд мінуўшчыны: тады сфарміраваліся як асобы яго бацькі, з'явіўся і пачаў фарміравацца ён сам, таму цяпер і абмежаваў сваё даследаванне менавіта такімі храналагічнымі рамкамі) сёння сапраўды выглядаюць вельмі неадназначна і ўхвалення не заслугоўваюць. А некаторыя, хоць фармальна адлюстроўваюць нейкае парушэнне заканадаўства або няпісаных нормаў, чалавеку шырокіх поглядаў, жывога розуму ды грунтоўнага інтэлекту ўбачацца даволі бяскрыўднымі і выклічуць у яго хіба іронію.
Ад нізкіх парыжэлых хмар,
Нібыта брага, рыжае паветра. [1, стар. 95]
Нібыта брага, рыжае паветра. [1, стар. 95]
Адкуль Анатоль Сербантовіч (1941 — 1970), які пачаў гэтымі радкамі свой верш «Ліхтар», ведаў колер брагі? Самагоншчыкам быў, ці што?
А яго старэйшы калега па пяры Аляксей Пысін (1920 — 1981) адлюстраваў у вершы «***На лугах зіма туманы сушыць...» такія рысы свайго характару і светапогляду, за якія можна лёгка заслужыць рэпутацыю гіцля. Праявіліся гэтыя рысы, як вынікае з верша, яшчэ ў дзяцінстве. Цешыў яго вока статак снегіроў у садзе, а воран, што кружыў над могілкамі, раздражняў, тугу наганяў, і не знайшоў юны эстэт лепшага спосабу прывесці пейзаж у адпаведнасць свайму густу, чым падстрэліць птушку. Чужымі рукамі:
Вось вярнуся з школы. Без абеда
Пабягу да птушак пад абрыў.
Кружыць воран — папрашу суседа,
Каб з бярданкі ворана забіў. [2, стар. 226]
Пабягу да птушак пад абрыў.
Кружыць воран — папрашу суседа,
Каб з бярданкі ворана забіў. [2, стар. 226]
Дарэчы, трэба яшчэ і наконт суседа высветліць, што за кадр, ці законна зброю захоўваў і на якіх падставах варон страляў, ці меў на тое дазвол прыродаахоўнай інспекцыі (а што страляў, гэта факт, іначай не прыйшло б хлопцу на розум прасіць у яго адпаведнай паслугі).
Гвалтоўныя дзеянні гэты аўтар лічыў дапушчальнымі ў адносінах як да дзікай, так і да хатняй жывёлы:
— Зловім мы яго, зладзюгу,
Пакаштуе ён папругі [3, стар. 87], —
Пакаштуе ён папругі [3, стар. 87], —
кажа бабуля ўнучцы пра ката, які абярнуў рэшата з яйкамі. І гэта ў дзіцячым вершы («Праўду кажуць яе вочкі...») — для аўдыторыі малодшашкольнага ўзросту!
Згадванне папругі наводзіць на яшчэ адно нядобрае падазрэнне — пра жорсткае абыходжанне з дзецьмі. Біць папругаю ката, хутчэй за ўсё, нязручна: не кожны раз патрапіш, спрытная жывёліна будзе ўхіляцца, а экзекутар — па падлозе ляскаць. Папругаю ў даўнія дзікунскія часы лупцавалі дзяцей, і дзяўчынцы з верша, відаць, гэты непедагагічны і незаконны метад выхавання добра знаёмы, бо пра запланаваныя ў адносінах да ката рэпрэсіі бабуля гаворыць ёй коратка, без падрабязнасцей і тлумачэнняў, да таго ж іншасказальна — «пакаштуе ён папругі»: ніколі сам яе не каштаваўшы і не бачыўшы, як частуюць ёю іншых, не зразумееш, пра што гаворка. Карацей, відавочнае апраўданне сямейнага гвалту, аб'юз, дзіця ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Далей разгледзім выпадак рамантызацыі такіх непрымальных фактаў, як парушэнне працоўнай дысцыпліны і Правілаў дарожнага руху.
Сёння дзеля прадухілення ўсялякіх злоўжыванняў з боку шафёраў шмат якія прадпрыемствы арганізоўваюць кантроль за рухам сваіх транспартных сродкаў з выкарыстаннем GPS-маячкоў. Шафёры сталага ўзросту, якім пашчасціла папрацаваць у даўнія часы, калі такіх тэхналогій ніхто ў нас не ведаў, згадваюць тую эпоху настальгічна: зліваць бензін ці салярку на продаж або на ўласныя патрэбы, а таксама калыміць, возячы службовай машынаю ўсялякія левыя грузы, было значна прасцей. Можна і сёння абуць у лапці свайго працадаўцу, але ўжо не заўсёды і не ў такіх аб'ёмах, як хацелася б.
А калі б нехта з гэтай старой шафёрскай гвардыі прачытаў верш Сцяпана Гаўрусёва (1931 — 1988) «***На станах палявых, на пераправах...», то настальгія, бадай, сціснула б яму сэрца так, што з вачэй слёзы пырснулі б. Аўтар апісвае спакойнае і задаволенае, заможнае па тагачасных мерках жыццё грамадства, і ў гэтым апісанні між іншым праплывае вось такі ідылічны малюнак:
Шафёры з незалежнасцю здаровай,
Пералічыўшы сціпла барышы,
Нясуць з сельмага зноў па паўлітровай,
Каб іх апаражніць каля шашы. [4, стар. 86]
Пералічыўшы сціпла барышы,
Нясуць з сельмага зноў па паўлітровай,
Каб іх апаражніць каля шашы. [4, стар. 86]
Падхалтурылі хлоцы, узялі па пляшцы, выехалі за межы населенага пункта, каб не бянтэжыць нікога і лішняй увагі не прыцягваць, спыніліся і парадавалі сябе. Звярніце ўвагу, гэты сцэнарый разыгрываецца не першы раз: «Нясуць з сельмага зноў па паўлітровай»!
П'янаму садзіцца за руль, вядома ж, нельга, але калі б аўтар уставіў колькі слоў на гэтую тэму, то парушыў бы ідылічнасць атмасферы — павучальныя ноткі прагучалі б у кантэксце гэтага верша дысанансам (у канцы твора паэт скардзіцца на горыч памяці аб вайне, але гэты фрагмент не разбурае мастацкую цэласнасць тэксту, а праз кантраст узмацняе ўсведамленне каштоўнасці міру, нагадвае пра грамадска-эканамічную стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні як абавязковыя фактары шчасця для кожнага нармальнага чалавека).
Міжвольнае апяванне, эстэтызацыя службовых злоўжыванняў і п'янства, згадванне гвалту як звычайных праяў штодзённасці і шматлікія іншыя неадназначныя з'явы літаратурнага працэсу, што засталіся за рамкамі гэтага даследчыцкага накіду, — якую рэакцыю грамадства будуць яны выклікаць яшчэ гадоў праз 200-300? Калі, вядома ж, у той час грамадства яшчэ будзе цікавіцца мастацкай літаратурай...
__________
1. Анатоль Сербантовіч. Жаваранак у зеніце: вершы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1989.
2. Аляксей Пысін. Выбраныя творы ў двух тамах. Том I: вершы, 1948 — 1966. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1980.
3. Аляксей Пысін. Выбраныя творы ў двух тамах. Том II: паэмы, творы для дзяцей, пераклады. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1989.
4. Сцяпан Гаўрусёў. Крона: выбраныя вершы і паэмы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 1981.
© Сяргей Абрамовіч, 2024