03.02.2024

Шкілет у шафе знакамітага лінгвіста

Шкілет у шафе знакамітага лінгвіста, або Манаграфія, якую ніхто не павінен быў чытаць


У адной барысаўскай кнігарні трапіла мне на вочы манаграфія Валянціны Русак «Марфаналогія словазмянення і словаўтварэння сучаснай беларускай мовы». Год выдання — 2012, таму, напэўна, кніга і аказалася такой таннаю — літаральна капейкі, дакладна не памятаю колькі, але меней за рубель, хаця аб'ём — 430 старонак.

Выдавецтва — аўтарытэтнае, «Беларуская навука»; на вокладцы — эмблема Нацыянальнай акадэміі навук; аўтар — шаноўнага ўзросту і вядомы, тытулаваны; два рэцэнзенты — не менш знакамітыя ў айчыннай лінгвістыцы (Аляксандр Булыка і Ніна Гаўрош). Карацей, вырашыў кніжку ўзяць, каб асвяжыць сваё ўяўленне аб глыбінях структуры роднай мовы.

Зацікавіла выданне яшчэ і тым, што з часоў вучобы на філфаку БДУ (1996 — 2001) я скептычна стаўляюся да марфаналогіі, бо на першым курсе нам пераканаўча давялі: існуюць марфалогія і фаналогія, а ствараць з іх нейкі гібрыд — марфаналогію — няма патрэбы. Маё асабістае меркаванне на гэты конт: ідэя стварэння лішняга раздзела мовазнаўства даспадобы шукальнікам лёгкіх лаўраў, бо калі возьмешся распрацоўваць нераспрацаваную тэму, то якімі б ні аказаліся твае дысертацыі ды манаграфіі банальнымі, змястоўна беднымі і павярхоўнымі, а слава і пашана табе гарантаваны — станеш ты звацца пачынальнікам, першапраходцам, заснавальнікам, і будуць наступнікі цябе цытаваць ды пісаць, што ты стаіш каля вытокаў.

Пачаў чытаць. На сёмай старонцы спатыкнуўся аб тэхнічны агрэх «чаргання фанем» (тут і далей падкрэсліванні ў цытатах — мае): са слова выпаў склад — відаць, праз недагляд у працэсе камп'ютарнага набору. На дзявятай старонцы вока разанула стылёвая хіба «[...] грамадства зацікаўлена ў адноснай стабільнасці моўных норм, хаця б таму, каб тыя, хто ўспрымае вусныя ці пісьмовыя выказванні, не трацілі лішніх намаганняў [...]»: пасля злучніка «таму» можна гаварыць толькі пра прычыны таго, што ўжо адбылося, а злучнік «каб» адсылае да мэты, г.зн. да таго, што яшчэ толькі павінна адбыцца (такую нязграбную канструкцыю мог змайстраваць чалавек без пачуцця мовы або той, хто не надта клапаціўся пра якасць свайго тэксту, спадзеючыся ці дакладна ведаючы, што нядбайнасць сыдзе яму з рук); увесь гэты сказ павінен быць пабудаваны па-іншаму, напрыклад — такім чынам (можна прапанаваць і іншыя варыянты): «[...] грамадства зацікаўлена ў адноснай стабільнасці моўных норм, хаця б таму, што дзякуючы ёй тыя, хто ўспрымае вусныя ці пісьмовыя выказванні, не трацяць лішнія намаганні [...]».

Далей пачалі выскокваць арфаграфічныя, граматычныя і пунктуацыйныя памылкі, русізмы. На 91-й старонцы ўва мне прачнуўся колішні настаўнік (тры гады мне давялося працаваць у школе) — я не стрываў і ўзяўся падкрэсліваць усе хібы чырвоным колерам і запісваць нумары старонак з памылкамі ў канцы кнігі на чыстым месцы над выходнымі дадзенымі. Рабіць гэта даводзілася так часта, што на 212-й старонцы настаўнік зноў заснуў — фіксаваць памылкі я стаміўся і перастаў (на ніжэйпрыведзеным фотаздымку — спіс старонак з памылкамі і тэхнічнымі агрэхамі ад 91-й да 212-й).


А на 258-й старонцы я ўвогуле кінуў чытаць, бо марнаваць свой час на тэкст такой якасці — гэта проста здзек з самога сябе. Апошняй кропляю, пасля якой я са злосцю шпурнуў кніжку на падлогу, стаў перл «[...] сфарміраваліся пасродкам суфіксаў [...]» (правільна — «пры дапамозе суфіксаў», «праз суфіксы»). Яго з'яўленне можна вытлумачыць хіба тым, што тэкст спачатку быў напісаны на рускай мове, а пасля яго перакладаў хтосьці далёкі ад беларускай і, дайшоўшы да фрагмента «[…] сформировались посредством суффиксов [...]», вынайшаў гэтую гідкую кальку (руск. «средство» — бел. «сродак», руск. «по_средством» — бел. «па_cродкам»). На такую думку (што тэкст створаны шляхам нядбайнага перакладу рускамоўнай першакрыніцы) наводзяць і наступныя памылкі: «кашаль — кашля», «лівень — ліўня» (стар. 96, трэба — «кашлю», «ліўню», канчатак «а» ў родным склоне ўласцівы назоўнікам з такімі семантычнымі і граматычнымі характарыстыкамі ў рускай мове), «перакрэшчанае чаргаванне» (стар. 142, трэба — «перакрыжаванае», у рускай мове — «перекрестное»), «пясок — пяска» (стар. 167, трэба — «пяску», канчатак «а» ў родным склоне ўласцівы назоўнікам з такімі семантычнымі і граматычнымі характарыстыкамі ў рускай мове), «разнае месца націску» (стар. 179, трэба — «рознае», у рускай мове — «разное»), «двух і болей фанем» (стар. 212, трэба — «дзвюх», лічэбнік «двух» у беларускай мове не ўжываецца ў родным склоне ў адносінах да назоўнікаў жаночага роду, у рускай жа ён ужываецца з усімі назоўнікамі) і інш.


Прыклады іншых памылак: «без ўстанаўлення» (стар. 105, патрэбна літара «у»), «падказвае ужываць» (стар. 178, патрэбна літара «ў»), «пры ўтварэнні нуль суфіксальным спосабам» (стар. 189, пішацца праз дэфіс), на стар. 93 адсутнічае коска паміж граматычнымі асновамі складанага сказа.

Ёсць такая показка са студэнцкага жыцця: якісьці абібок пісаў курсавую ці дыпломную работу па нейкай дакладнай дысцыпліне, заблытаўся ў развагах, стаў у тупік, выбавіўся з яго фразаю «Прыйшлі да супярэчнасці. Але паколькі гэтую работу ўсё роўна ніхто не будзе чытаць, то пакідаем супярэчнасць як ёсць і рухаемся далей», а падчас абароны хтосьці з членаў камісіі разгарнуў работу наўздагад, на якой атрымалася старонцы, і позірк яго трапіў якраз на гэтую фразу пра супярэчнасць. Ці не такім самым прынцыпам («усё роўна ніхто не будзе чытаць») кіраваўся аўтар манаграфіі, пішучы яе?

Ацэньваць змест гэтай працы не стану, паколькі не дачытаў яе і дачытваць (займацца самакатаваннем) не збіраюся. Скажу толькі, што хоць кінуў я чытанне, добра пераваліўшы за палову кнігі, але нават на той момант нічога істотнага, новага не спасцігнуў, не ўзнікла ў мяне прадчування, што аўтар падводзіць да якойсьці змястоўнай, прынцыповай высновы: бясконцыя пералічэнні і класіфікацыі (разбіванне на групы) словаўтваральных мадэляў, марфем, з'яў (чаргаванне, усячэнне і інш.) — толькі нуду наганяе гэтае перасыпанне моўнага матэрыялу з пустога ў парожняе. Рыхтуючы гэты артыкул, я сціснуў волю ў кулак і прымусіў сябе яшчэ раз зірнуць у кнігу ды прачытаць апошні абзац уласна даследавання (пасля яго ідзе спіс літаратуры і розныя дадаткі). Дзякуй богу, канцоўка манаграфіі аказалася невялікаю, абзац — аб'ёмам у адзін сказ: «Комплекснае даследаванне марфаналагічных з'яў дало магчымасць глыбей пранікнуць у працэсы дэрывацыі і словазмянення, лепш зразумець унутраныя заканамернасці сучаснай беларускай літаратурнай мовы» (стар. 397). Відавочна, што гэтым сказам можна завяршыць даследчыцкі тэкст на любую тэму, замяніўшы тэрміналогію: «Комплекснае даследаванне мікрабіялагічных з'яў дало магчымасць глыбей пранікнуць у працэсы расшчаплення глюкозы дражджамі, лепш зразумець унутраныя заканамернасці браджэння і выспявання віна», «Комплекснае даследаванне хімічных з'яў дало магчымасць глыбей пранікнуць у працэсы ферментацыі зялёнай травяной масы, лепш зразумець унутраныя заканамернасці тэхналогіі нарыхтоўкі сенажу» і г.д. Карацей, перакананне наконт марфаналогіі, сфарміраванае ў мяне ў 1996-м, гэтая манаграфія ад 2012-га не разбурыла, а ўмацавала.

І галоўнае — крыўдна зрабілася за лінгвістычную галіну айчыннай навукі: на якім жа ўзроўні яна знаходзіцца, чым жыве, калі ў адной з яе знакавых постацей знайшоўся такі шкілет у шафе! Была б кніжка свежай, сёлетняй, — звярнуўся б у Камітэт дзяржкантролю з прапановаю спагнаць з аўтара сродкі за яе друкаванне (тыраж — 400 экз.) і ў пракуратуру — праверыць, ці не прынесла гэтая манаграфія каму-небудзь якіх-небудзь павышэнняў, званняў ды прэмій (а калі прынесла — адабраць).