14.09.2022

Расчараваны дзвюма Маргарытамі

Памятаеце маіх «Салдатаў у генеральскіх мундзірах»? Счакаўшы тры гады, на мінулым тыдні я зрабіў чарговую спробу знайсці што-небудзь вартае ў сучасных аўтараў. Гэтым разам — у моладзі, але не зялёнай, а той, што трывала стаіць на нагах — лічыцца ў шэрагах Саюза пісьменнікаў і мае ў творчым багажы не адну кнігу. Набыў два зборнікі прозы: выдадзены ў 2018-м 350-старонкавы «Наш дом» Маргарыты Латышкевіч (1989 г.н.) і надрукаваны ў 2014-м «Восень у Вільнюсе» (318 старонак) Маргарыты Прохар (год нараджэння высветліць не ўдалося, але, мяркуючы па фотаздымках у інтэрнэце і па тым факце, што ўпершыню я пачуў пра яе праз некалькі гадоў пасля заканчэння ўніверсітэта, пісьменніца, можна сказаць, у росквіце сіл). Выданні, на жаль, не самыя свежыя, але я шукаў аб'ёмістых, тоўстых, каб усмак начытацца ды надумацца над прачытаным, і нічога больш адпаведнага сваім запытам на паліцах райцэнтраўскай кнігарні не знайшоў.


«Наш дом» прачытаў цалкам, з «Восені ў Вільнюсе» адолеў толькі першую аднайменную аповесць і вырашыў болей не марнаваць час тэкстамі такога ўзроўню (першая з вышэйназваных кніг зусім не лепшая за гэтую, але проста я адразу не разабраўся, што да чаго, і з наскоку праглынуў яе).

Знаёмячыся з творамі Маргарыты Латышкевіч, я ніяк не мог пазбавіцца ад уражання, што аўтар, магчыма, думае на рускай мове і перакладае сама сябе на беларускую. Іначай як растлумачыць паходжанне наступных памылак: «на турніке» (стар. 80), «Сонечкіны» (стар. 108), «некалькі слаёў плотнай тканіны» (стар. 199), «мецэнатскія» (стар. 200) і інш. Хапае памылак (рознага кшталту, не толькі абумоўленых уплывам рускай мовы) і ў Маргарыты Прохар: часціца «не» замест «ні» ў сказе з даданым уступкі «І, якім бы гэта не здавалася незвычайным, але так яно і ёсць» (стар. 7), «падыйшла» (стар. 32), «не адчуў бы фальшы» (стар. 46) і інш. Таксама ў абодвух аўтараў я заўважыў некалькі слоў і выразаў, якія фармальна хоць і лічацца беларускімі (прысутнічаюць у слоўніках і падручніках), але добрымі знаўцамі мовы ўспрымаюццца як русізмы і маюць самабытныя сінонімы. Напрыклад, Маргарыта Латышкевіч злоўжывае словам «некалькі» ў значэнні прыслоўя: «Апошняе некалькі нервуе медыкаў» (стар. 164), «некалькі азмрочаны пакутамі» (стар. 174), «некалькі скамячана абвясціў» (стар. 184) — ва ўсіх трох выпадках (а ў кнізе іх значна больш) замест «некалькі» варта было выкарыстаць слова «крыху».

І з мастацкага пункту гледжання ў цэлым мова абедзвюх кніг недастаткова жывая, невыразная, малавобразная, неэмацыянальная, сухая, прэсная, бедная. У дадатак тэксты багатыя на стылёвыя хібы — няўдала сфармуляваныя думкі, няўклюдныя маўленчыя канструкцыі: «Усе Тузавы выбрыкі даставаліся Цімуру» (у сэнсе «Ад усіх выбрыкаў Туза пакутаваў Цімур», зборнік «Наш дом», стар. 11), «Але, гледзячы на яго, у мяне ўзнікала падазрэнне» (у сэнсе «Але, калі я глядзела на яго, у мяне ўзнікала падазрэнне», зборнік «Восень у Вільнюсе», стар. 9) і інш.

Што ж да зместу, то і кніга, і аповесць з іншай кнігі здаліся мне зусім пустымі, адарванымі ад жыцця, інфантыльнымі, угрунтаванымі пераважна на развагах, самакапанні і фантазіях. У «Нашым доме», бадай, адно апавяданне мае нейкую каштоўнасць — «Дом», пра хлопчыка, якога маладая мама-адзіночка сплавіла на выхаванне да бабулі, а сама ўладкоўвае сваё асабістае жыццё. Астатнія апавяданні і аповесці ў гэтым зборніку — перакладванне з кішэні ў кішэню дзіцячых успамінаў, жартоўныя (але па-мойму — не смешныя, банальныя) разважанні пра аратарскае майстэрства ў розных жыццёвых сітуацыях (аўтар вучылася на філалагічным факультэце, таму падазраю, што гэты тэкст пад загалоўкам «Рыторыку ў масы» вырас з выканання яшчэ ў студэнцкія гады нейкага задання па рыторыцы), фантастыка, без лішніх клопатаў і намаганняў пабудаваная на распаўсюджаных у літаратуры і фальклоры вобразах і матывах (узаемадзеянне людзей з нейкім незямным светам, рызыкоўнае выкананне перад магутнай і небяспечнай іншасветнай істотаю трох песень, за якія можна атрымаць узнагароду ці быць пакараным, бітва з цмокам, які спусташае населеныя пункты, і да таго падобнае). Аповесць Маргарыты Прохар — пра неўзаемнае каханне, і месцамі яна захапляе і прымушае рабіць здагадкі наконт далейшага развіцця сюжэта, але ў цэлым схематычная і непраўдападобная (супрацоўніца агенцтва па пошуку зніклых хатніх жывёл атрымлівае замову знайсці чалавека ў суседняй дзяржаве, згаджаецца, знаходзіць, а пасля даведваецца, што заказчык падчас выканання ёю задачы сам сачыў за ёй і што месцазнаходжанне чалавека, якога ён прасіў адшукаць, яму было цудоўна вядомае).

Карацей, зноў мае чаканні падманутыя: па-ранейшаму пераконваюся, што сучасная айчынная літаратура не здольная ўразіць чым-небудзь грунтоўным і значным, узбагаціць унутраны свет чытача, паўплываць на развіццё грамадства.