21.03.2024

Дойшчык прасцякоў і п'яніц

Гадоў пяцідзесяці. Худы, русы з сівізной і лысінай. Расшпілены добра паношаны, выцвілы светла-шэры плашч, не менш бляклы карычневы дзелавы касцюм, таксама вылінялая бэжавая кашуля і некалі, відаць, металічна зыркі, а цяпер невыразны, быццам празмерна разбаўленая вадою акварэль, бэзавы гальштук (усё, нягледзячы на шматгадовасць, цэлае і чыстае — сведчанне ашчаднасці і ахайнасці свайго ўладальніка). У руцэ — вялізны і відавочна цяжкі, шчыльна нечым набіты, жудасна, да брудна-шэрай шурпатасці пашмараваны, але яшчэ відаць, што некалі быў карычневым, скураны партфель.

— Я з духоўнай акадэміі, — паведаміў ён, пераступіўшы парог майго кабінета і павітаўшыся. — Куды мне сесці? Дзякуй, — узяў паказанае мною крэсла, што стаяла каля сцяны (я думаў, прама там і сядзе), і без запрашэння паднёс яго да майго стала, размясціўся амаль твар у твар да мяне, толькі крыху праваруч, бо ў цэнтры стала ў мяне стаіць манітор камп'ютара. — Мы ў вашым горадзе праездам, маем крыху вольнага часу і вырашылі не марнаваць яго — разышліся па розных аўтарытэтных дзяржаўных установах, каб пагутарыць з іх найвышэйшымі валадарамі.

Гэтая фармуліроўка, «найвышэйшыя валадары», і кантрастнае спалучэнне сціплай ветлівасці, нават ліслівасці яго інтанацыі з бесцырымонным пераносам крэсла і беспардонным уварваннем у маю асабістую прастору збянтэжылі і насцярожылі мяне, навялі на думку, што візіцёр або не зусім адэкватная асоба, або добры маніпулятар, з якім зараз мне давядзецца пазмагацца. Збянтэжыла і неканкрэтная назва ўстановы, ад імя якой ён дзейнічаў, — духоўная акадэмія. Што за яна? У Беларусі мне вядомая толькі адна, падведамасная Праваслаўнай царкве, але візіцёр не канкрэтызаваў — дык ці не прайдзісвет ён які-небудзь?

Але я вырашыў не адхіляцца на дэманстрацыю свайго недаверу, а хутчэй даведацца, што неспадзяванаму госцю трэба, і пастарацца як мага больш аператыўна пазбавіцца ад яго, бо рэлігія ў маім светапоглядзе значыцца не сярод каштоўнасцей, а сярод шкодных з'яў. Шкада, што ў той момант адсутнічаў галоўны рэдактар: звалілася б гэтае ліха на яго галаву, а так трапіў пад удар — аказаўся змушаным весці прыём спецыфічнага наведніка — я, намеснік.

— Вы ўплываеце на масавую свядомасць, выдаючы газету, — пачаў ён акрэсліваць прадмет гутаркі, якая мелася ў нас адбыцца. — І ад таго, наколькі гарманічным чалавекам з'яўляецеся вы і вашы падначаленыя, залежыць узровень гармоніі ў грамадстве, што асабліва актуальна ў наш жорсткі і трагічны час, калі праз чалавечую нястрыманасць, безадказнасць, чэрствасць і прагнасць планету скаланаюць войны і губяць экалагічныя праблемы. Калі вы высокадухоўны, светлы чалавек, то вы нават неўсвядомлена, у схаванай форме, на ўзроўні стылю вашых тэкстаў будзеце трансліраваць грамадству духоўнасць, несці святло, умацоўваць гармонію. Вось я і хачу коратка, не забіраючы ваш каштоўны час, пагутарыць з вамі пра духоўнасць, пра імкненне да дасканаласці, даць вам асноўныя арыенціры, а для больш грунтоўнага спасціжэння вамі гэтых пытанняў, для заглыблення ў гэтую тэму і для далейшай працы над сабою падарую вам некалькі кніг — менавіта падарую, бясплатна, пакіну назаўсёды, іх не трэба будзе мне вяртаць і не трэба будзе мне за іх плаціць, яны стануць вашымі і будуць праз вас працаваць на ўсё грамадства. Мы ўсім іх бясплатна раздаём дзеля высокай мэты ўдасканалення чалавецтва, ні ў кога ні капейкі не просім, людзі самі даюць на развіццё нашай акадэміі, хто колькі лічыць патрэбным, у залежнасці ад таго, наколькі ён ці яна з'яўляецца адухоўленай, светлай асобай, наколькі шчыра імкнецца да далейшага самаўдасканалення і хоча дасягнуць поспеху на гэтым шляху: хто трыста рублёў дае, хто дзвесце, кожны індывідуальна.

Чакаючы заканчэння гэтай тырады, я меркаваў, як бы мне далікатна папрасіць яго пакінуць кабінет, а ён паралельна з выліваннем слоўнага патоку даставаў з партфеля і выкладваў мне на стол кнігі. Тоўстыя (з цагліну), танейшыя (з сярэднестатыстычны школьны падручнік) і зусім брашуркі. Усе яны, мяркуючы па вокладках, аказаліся індуісцкага кшталту, харэкрышна-харэрама.

— Пачакайце, вы — адкуль (я, здаецца, недачуў, калі вы прадстаўляліся)? — міжволі спытаў я замест таго, каб развітацца (звычка газетчыка ўсё ўдакладняць, лішні раз перапытваць).

— З ведычнай акадэміі.

— А мне здалося, вы адразу сказалі — з духоўнай…

— Ну, дык гэта адно і тое ж, мы ж праблемамі духоўнасці займаемся, удасканальваем чалавека, дапамагаем яму знайсці сябе і сваё месца ў Сусвеце. Я вось, напрыклад, чаго толькі не паспрабаваў у жыцці, якіх толькі памылак не нарабіў, пакуль нарэшце дзякуючы знаёмству з акадэміяй выйшаў на правільны шлях! Цяпер ужо дваццаць гадоў не п'ю, ні з кім у мяне не бывае канфліктаў, люблю жыццё.

— Дзякуй вам за прапанову, але чытаць вашы кніжкі не змагу, нават не пагартаю іх, катастрафічна не стае часу, газетаю займаюся дзень і ноч без выхадных: штат у нас невялікі, а калі б і быў вялікім, то наўрад ці мы б яго запоўнілі, бо чалавека, адначасова і творчага, і высокапісьменнага, і дысцыплінаванага, здольнага пісаць шмат, хутка і талкова, у правінцыйным гарадку нашых маштабаў паспрабуй знайдзі, так што даводзіцца кожнаму з нас пацець за траіх, газета ж павінна выходзіць рэгулярна, — пачаў я скіроўваць гутарку да развітання, згусціўшы цёмныя фарбы наконт сваіх службовых спраў, каб крыху агаломшыць суразмоўцу, прызямліць яго і паказаць бездань паміж намі. — Так што аддайце вашую літаратуру каму-небудзь больш перспектыўнаму ў гэтым сэнсе, чалавеку, які гарантавана з ёю азнаёміцца і возьме з яе сабе штосьці карыснае. А ў мяне гэтыя кнігі проста прападуць, будуць ляжаць мёртвым грузам.

— О, я цудоўна вас разумею, у вас вельмі адказная праца з вялікім колам абавязкаў і вялікай нагрузкаю, — не стаў ён пярэчыць і ўзяўся хаваць у партфель кнігі, але толькі самы тоўстыя. — А каб мець на выкананне ўсіх абавязкаў дастаткова энергіі і хутка аднаўляць патрачаныя сілы, трэба і харчавацца правільна (вось, дарэчы, рэкамендую, выпушчаная нашай акадэміяй кулінарная кніжка, пра ведычную кухню), і шкодных звычак трэба пазбягаць (я, напрыклад, як ужо казаў, дваццаць гадоў не п'ю), і спрыяльнае асяроддзе вакол сябе неабходна стварыць — каб з вамі непасрэдна кантактавалі толькі людзі, якія дабратворна ўплываюць на вас, а не разбураюць гармонію і выводзяць вас з раўнавагі (вось, дарэчы, наша кніжка на гэтую тэму). Ну, што ж, я жадаю вам працаздольнасці, падтрымкі калег і родных, і вось гэтыя чатыры кніжкі ўсё ж пакіну ў падарунак. Плаціць за іх не трэба, як я і казаў, людзі самі ахвяруюць у адпаведнасці са сваімі фінансавымі магчымасцямі, у адпаведнасці з сілаю імкнення да шчасця, са ступенню сваёй гатоўнасці сустрэць яго і напоўніць ім сваё жыццё: хто дзвесце рублёў, хто сто пяцьдзясят, хто сто…

Я паведаміў, што не выдаткую час на чытанне нават гэтых, не такіх тоўстых, як схаваныя ў партфель, кніжак. Тады ён, забіраючы тры кнігі старонак па дзвесце і пакідаючы на стале адну — брашурку, паўтарыў крыху іншымі словамі спачуванні з прычыны маёй загружанасці, добрыя пажаданні, карысныя парады па павышэнні працаздольнасці, не забыў пры гэтым мімаходзь прарэкламаваць сваё ўменне даваць рады алкагалізму («ужо дваццаць гадоў не п'ю») і, падняўшыся, каб ісці, пакінутую на стале брашурку мне падараваў, запэўніўшы, што грошай ад мяне не трэба ні капейкі:

— Людзі самі ахвяруюць акадэміі хто пяцьдзясят рублёў, хто дваццаць, хто дзесяць — у залежнасці ад таго, наколькі моцна жадае чалавек пазбавіцца ад сваіх праблем і спаткаць нарэшце сваё шчасце. А жаданне, актуалізаванае, прапрацаванае ў гутарцы са мною (хоць агучанае, хоць проста пракручанае ў думках), звычайна спраўджваецца, бо я, трымаючыся вучэння нашай акадэміі, усталяваў гармонію з Сусветам і цяпер станоўча ўплываю на людзей, выпраменьваю духоўнасць, нясу святло, накіроўваю на правільны шлях, дваццаць гадоў не п'ю…

— Рэцэпт супраць алкагалізму мне не патрэбен, не злоўжываю, — перабіўшы, абясцэніў я адну з прынад акадэміка для патэнцыяльных неафітаў. — Ахвяраваць вам нічога не магу, — забраў у яго апошнюю надзею на хоць якую выручку. — У нас апошнім часам упаў тыраж (насельніцтва скарачаецца — дэмаграфічная праблема глыбінкі, ды і ўсёй краіны), рэкламы стала меней (праз сацсеткі прадпрымальнікі самі свае бізнесы прасоўваюць), адпаведна знізіліся заробкі. Я, сямейны чалавек, нясу адказнасць не толькі за сябе і лічу кожны рубель ад зарплаты да зарплаты, — зноў згусціў фарбы, каб у дабрадзея не ўзнікла жадання працягваць тэму, і меў на гэта права: калі высокадухоўная асоба па-езуіцку хітруе, то я гуляю з ёй паводле яе правілаў.

— Што ж, дзякую за гутарку, за ўвагу. Жадаю вам святла, гармоніі, — развітваўся візіцёр, з замілаванай усмешкаю гледзячы мне ў вочы (я таксама падняўся) і забіраючы са стала апошнюю кніжачку, брашурку.

Размова скончылася, акадэмік пайшоў шукаць больш згаворлівых найвышэйшых валадароў. Нягледзячы на дэклараваны намер правесці час у нашым горадзе з карысцю, у маім кабінеце хвілін пятнаццаць ён змарнаваў.