20.02.2024

Кніжка для школьнікаў, якой не месца ў школе

Вядома ж, недарэчна пісаць пра кнігу, якая прыйшла да чытачоў аж 10 гадоў таму (нават калі ты, як аўтар гэтых радкоў, пазнаёміўся з ёю толькі цяпер), ды яшчэ і належыць пяру чалавека, які амаль 5 гадоў таму скончыў свой жыццёвы шлях. Але нельга і пакідаць без увагі такі недапушчальны факт, як прысутнасць у творы для дзяцей вельмі недалікатных эпізодаў, звязаных з палавым жыццём чалавека і гвалтоўнымі дзеяннямі ў гэтай сферы. Немагчыма закрыць вочы і на тое, што тэкст, рэкамендаваны да вывучэння ў школе, напісаны з вялікай колькасцю моўных памылак. Ёсць падставы меркаваць, што вышэйзгаданыя шкодныя з'явы засталіся без увагі грамадскасці, іначай кніга не праляжала б да сённяшняга дня ў кнігарні, у якой была куплена аўтарам гэтых радкоў, а даўно была б знятая з продажу.

* * *


Леанід Дайнека. «Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Фантастычны раман». Мінск, «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», 2014. Выданне пабачыла свет у серыі «Кніжная паліца школьніка», на адваротным баку тытульнага ліста змешчана пазнака «Для сярэдняга школьнага ўзросту», а ў анатацыі ўзрост мэтавай аўдыторыі канкрэтызуецца: «Твор рэкамендаваны для пазакласнага чытання па беларускай літаратуры вучням 7-га класа».

Дзеянне рамана адбываецца ў няпэўнай будучыні, акрэсленай аўтарам як «223 год Вялікай Эры Плюралізму (ВЭП)», і рэтраспектыўна — у няпэўнай сівой мінуўшчыне, дзе славяне яшчэ з'яўляюцца язычнікамі. Вось тут, у старажытнасці, і разгарнуліся падзеі, абмеркаванне якіх на школьных уроках наўрад ці можна лічыць мэтазгодным.

Обры знішчылі мужчын невялікага славянскага племені, а жанчын падзялілі паміж сабою (дзеці не згадваюцца). Правадыр заваёўнікаў запрог у арбу дзесяць славянскіх дзяўчат і выкарыстоўвае іх як цяглавую сілу, а таксама перыядычна — для задавальнення сваіх палавых патрэб (факт пастаяннай палавой эксплуатацыі не канстатуецца, але яскрава вынікае з кантэксту, пра што ніжэй яшчэ будзе гаворка).

Таксама са славянскага племені засталіся жывымі два юнакі. Яны, стаіўшыся ў прыдарожным ельніку, назіраюць, як правадыр чужынцаў едзе на дзяўчатах. На гэтым этапе сюжэта апісваецца эпізод, які ў вышэйзгаданай кнізе 2014 года выдання адсутнічае, але прысутнічае як мінімум у адным з варыянтаў* рамана, апублікаваным у інтэрнэце: чужынец загадаў дзяўчатам спыніцца, злез з арбы, апаражніў прама пры іх мачавы пузыр («смачна памачыўся ў пыльную траву», як піша аўтар) і згвалціў адну з дзяўчат. Факт гвалтавання пісьменнік перадаў праз рэпліку, з якою гвалтаўнік пасля апаражнення звярнуўся да ахвяры: «Твая чарга. Пагляджу, якая ты гарачая. Кладзіся» (фармуліроўка выказвання сведчыць і пра тое, што гэта ўжо не першы такі ўчынак заваёўніка).

Відаць, з улікам мэтавай ўдыторыі кнігі рэдактары выкінулі з яе гэты занадта дарослы фрагмент, але тым самым не зрабілі кнігу прымальнаю для вывучэння ў школе, бо ў ёй застаўся яшчэ адзін вельмі спецыфічны эпізод. Назіраючы з ельніку за пакутамі дзяўчат, адзін з юнакоў ліхаманкава думае, што ён мог бы зрабіць, як паўплываць на сітуацыю, і, з нянавісцю ўяўляючы, як адпомсціў бы ворагу, між іншым пракручвае ў думках такое памкненне: «Ягоны струк, якім ён пластаваў нашых дзяўчат, я кіну ў жорны і буду круціць іх усю ноч» (стар. 212 — 213, тут і далей цытаты з указаннем старонак прыводзяцца паводле вышэйзгаданага друкаванага выдання).

Як выходзіў бы са становішча настаўнік, калі б вучні спыталіся, што значыць «пластаваць дзяўчат струкам», і што гэта за струк, і навошта яго малоць у жорнах? Відаць, узгадняючы з аўтарам выкідванне фрагмента пра мачу і гвалтаванне, на струк рэдактары забыліся, іначай пазбавіліся б і ад яго, бо гэты кампанент твора не іграе істотнай ролі ні ў пабудове сюжэта (логіка паслядоўнасці падзей без яго не парушыцца), ні ў перадачы ідэйных задумак аўтара (нейкай адной, цэнтральнай ідэі раман хутчэй не мае, але прасочваюцца ўхваленне пэўных высокіх агульначалавечых маральных якасцей, сцвярджэнне сямейных каштоўнасцей, накіраванасць на выхаванне беражлівых адносін да прыроды, павагі да гісторыі роднай зямлі і свайго радаводу і іншыя выхаваўчыя тэндэнцыі).

Нават калі б раман не быў адрасаваны дзецям, струкова-жорнавы фрагмент адназначна трэба прызнаць сумніўным з этычнага пункту гледжання, творчай хібаю. Наўрад ці наш продак, з яго пашанаю да хлеба, здольны быў апаганіць жорны палавым органам, ды яшчэ і ворага, забойцы, нелюдзя. Жорны — не проста гаспадарчая прылада, у нашай культуры іх можна разглядаць і як сакральны сімвал, увасабленне дабрабыту, сытага жыцця (ёсць што і чым малоць), незалежнасці (не трэба кланяцца млынару), упэўненасці ў заўтрашнім дні.

Здольныя шакіраваць юнага чытача і змешчаныя ў кнізе сцэны расправы заваёўнікаў над мужчынамі славянскага племені (з князя жыўцом злупілі скуру і абсыпалі яго соллю, іншых аблілі гаручай вадкасцю і падпалілі). Хаця, з іншага боку, дзеці ведаюць пра інквізіцыю, пра ГУЛАГ, пра Хатынь, так што апісаныя Леанідам Дайнекам катаванні, відаць, не сталі б для іх адкрыццём і прычынаю вялікага ўзрушэння.

І яшчэ, разглядаючы гэты раман у кантэксце дзіцячай літаратуры, адукацыйнага працэсу, нельга не адзначыць вельмі нізкую якасць тэксту з лінгвістычнага пункту гледжання: мноства граматычных, арфаграфічных, пунктуацыйных памылак, стылёвых недарэчнасцей, русізмаў і кáлек з рускай мовы. Некалькі прыкладаў: «Ды даруе Бог вашу душу» (стар. 6) у сэнсе «Няхай даруе Бог вашай душы» (а яшчэ лепш — проста «Няхай даруе вам Бог»); «пераўтварэнняў» (стар. 14) замест «ператварэнняў» (у тэксце маецца на ўвазе ператварэнне чалавека ў іншых істот); «дзевятым» (стар. 17) замест «дзявятым»; «шавяліць» (стар. 18) замест «варушыць»; «пад час» (стар. 37) замест «падчас»; «намнога старэй за нашу цывілізацыю» (стар. 41) замест «намнога старэйшы за нашу цывілізацыю»; «керасін» (стар. 50) замест «газа» і інш.





Такім чынам, гэтай кнізе, якую выдавецтва рэкамендуе сямікласнікам, на самай справе ў школе не месца. Забаўляльны патэнцыял рамана і яго інтэлектуальная ды ідэйная нагружанасць (месцамі чытач будзе толькі здзіўляцца і захапляцца, зведваючы ўсялякія дзівосы, а месцамі задумаецца над сур'ёзнымі пытаннямі) збольшага адпавядаюць узроўню разумовага развіцця і псіхалагічным асаблівасцям мэтавай аўдыторыі, заяўленай у анатацыі (збольшага — бо шмат што патрабуе тлумачэння: той жа плюралізм і інш.), але ўвесці яго ў адукацыйны працэс можна толькі выкінуўшы эпізод пра струк у жорнах і прывёўшы тэкст у адпаведнасць з нормамі сучаснай беларускай літаратурнай мовы.

__________

* «Леанід Дайнека. Чалавек з брыльянтавым сэрцам. Фантастычны раман». Рэжым доступу: https://knihi.com/Leanid_Dajnieka/Calaviek_z_bryljantavym_sercam.html. Дата доступу: 20.02.2024.