Калісьці на тэлеканале «Беларусь 3» выходзілі чатыры тэматычныя перадачы, адна з якіх — пра сучасную беларускую мастацкую літаратуру, аб'яднаныя праектам пад назваю «Ди@блог». Літаратурныя выпускі вялі паэтэса Таццяна Сівец (1982 г.н.) і празаік Стэла Чыркова (год нараджэння мне невядомы, знешне — крыху старэйшая за Таццяну). Вядучыя анансавалі ў блогу тэмы будучых выпускаў, наведвальнікі блога задавалі ім пытанні і выказвалі пажаданні, вядучыя адказвалі адразу або абяцалі адказаць падчас эфіру — і гэты дыялог з аўдыторыяй клалі ў аснову выпуску (адсюль такая назва праекта — дыялог праз блог).
06.01.2024, маючы вольную хвіліну, я гартаў пультам тэлевізар, і мяне зацікавіў выпуск праграмы Навума Гальпяровіча «Суразмоўцы» (таксама на «Беларусь 3»): гэты 75-гадовы паэт гутарыў са сваім 64-гадовым калегам па пяры Уладзімірам Мазго. Выпуск быў прысвечаны 50-годдзю творчай дзейнасці госця эфіру (магчыма, гэта быў паўтор, бо Зэльвенская раённая газета «Праца» згадвала паўвекавы юбілей творчасці Уладзіміра Мазго яшчэ ў верасні 2022-га).
Пачалі Навум Якаўлевіч і Уладзімір Мінавіч гутарку з успамінаў пра тое, хто з іх кім хацеў стаць у дзяцінстве, як паўплывалі на іх творчыя лёсы школьныя настаўнікі, як адрэагавалі аднакласнікі Уладзіміра на з'яўленне яго імя ў друку. А пра што гаварылі далей, не ведаю, бо не здолеў глядзець — хвілін праз пяць пасля пачатку перадачы нервова пераключыў на іншы канал.
Звесткі, якія гучалі ў той гутарцы, магчыма, больш ці менш значныя для аматараў айчыннай літаратуры (цікава, напрыклад, прасачыць эвалюцыю творчай асобы ад школьнай лавы да пенсіі), але як жа нясцерпна патыхнула ад тэлевізара нафталінам! Сядзяць стомлены пахілы дзядуля і яшчэ даволі бадзёры, з агеньчыкам у вачах, сівы новаспечаны пенсіянер (мужыкі ў Беларусі, калі не маюць ільгот, ідуць на пенсію ў 63 гады), замілавана аглядаюць раскладзеныя на століку рарытэтныя часопісы з раннімі публікацыямі паэта і настальгічна (Якаўлевіч — павольна і крыху нараспеў, Мінавіч — усхваляванай скорагаворкаю, якая, наколькі памятаю, была ўласцівая яму заўсёды) перажоўваюць кавалачкі свайго дзяцінства. Гэты кантраст — старасць і дзяцінства — справакаваў у мяне лёгкі прыступ панікі: жыццё кароткае, маладосць хуткаплынная і незваротная, канец непазбежны. У хваляванні маім прысутнічала таксама каліва прыкрасці, раздражнення (падманутыя чаканні: меркаваў атрымаць асалоду ад прыгожага пісьменства, а мяне тут спрабуюць у дэпрэсію ўвагнаць) і гучаў адгалосак жаху, перажытага ў дзяцінстве на кінасеансе, дзе дэманстраваўся дурны замежны фільм пра мерцвякоў: цяпер на фоне старэчых галасоў мне здалося, што замагільны свет спрабуе ўварвацца ў наш і засмактаць мяне, заўчасна забраць з жыцця.
«Жывыя — да жывых, мёртвыя — да мёртвых!» — прамовіла, жагнаючыся, гераіня адной фальклорнай показкі, пачутай мною ў дзяцінстве ад дарослых: жанчына сядзела ноччу каля труны памерлага мужа і заснула, той падняўся і стаў яе душыць, але, дзякуй богу, тут у пакой увайшла яе старая маці і ўратавала дачку — наклала на сябе крыж, прамовіла магічную формулу, і нябожчык вярнуўся на сваё месца. Пераключаючы тэлевізар, каб «Суразмоўцы» перасталі мяне маркоціць, злаваць і палохаць, я адчуваў падабенства сваёй сітуацыі да апісанай у той показцы.
Разумею, калі б яшчэ іх успаміны былі нейкія ўражвальныя, неардынарныя, а то: вучыўся ў школе, аднакласнікі называлі паэтам, настаўнік сказаў, што не быць табе капітанам далёкага плавання, а быць пісьменнікам… Заснуў бы пад такую гамонку, калі б ланцужок асацыяцый не выклікаў у мяне вышэйзгаданага ўзрушэння.
Ці няхай хаця б асобы на экране былі нейкімі легендарнымі, выбітнымі, знакавымі для літаратуры, непераўзыдзенымі майстрамі — з іх вуснаў, можа, і банальнасці гучалі б свежа ды афарыстычна.
Вядучыя «Дыяблога» пра літаратуру таксама не прэтэндавалі на зорны статус, але ўсё ж іх эфіры я глядзеў, не ўцякаў на іншы канал. Можа быць, таму, што мне даспадобы паэзія Таццяны Сівец — за артыстычны, вытанчана-ўскладнены і віртуозна-непрадказальны ход глыбокай і шматузроўневай думкі, насычанай алюзіямі і сінтэзаванай з пачуццём без магчымасці вылучэння, раз'яднання, размежавання гэтых двух кампанентаў — думкі і пачуцця (карацей, гэта менавіта паэзія, у адрозненне ад рамесніцкага рыфмавання шмат якіх іншых сучасных аўтараў).
© Сяргей Абрамовіч, 2024