05.01.2024

Сабачая шчадроўка

Напярэдадні Калядаў крыху прыціснула: тэрмометр за акном паказаў мінус дванаццаць. У даўнія часы такой парою слупок апускаўся і да дваццаці пяці, і ніжэй, але для цяперашняга чалавека, прызвычаенага жыць у пацяплелым клімаце, ужо і мінус дванаццаць не жарты — без патрэбы на дварэ ніхто не сноўдаецца: з машыны — хутчэй у краму, з крамы — не марудзячы ў машыну, а хто пешшу, тыя — пахаваўшыся ў шалікі ды капюшоны, ледзь не подбегам.

У супермаркеце дзверы з датчыкам руху: чалавек набліжаецца — раз'язджаюцца, чалавек адыходзіць — з'язджаюцца. Зграя сабак, штук восем розных памераў, масцей і даўжыні футра, спынілася каля парога, дзверы рассунуліся, з памяшкання патыхае цяплом — і жывёлы стаяць грэюцца ды глытаюць сліну, каштуючы смачныя пахі. Не ўваходзяць: дысцыплінаваныя!

Плынь пакупнікоў шчыльная (вечар пятніцы, а ў нядзелю яшчэ і Каляды), але сабак ніхто не крыўдзіць: людзі абмінаюць іх (хіба, можа, проста баяцца?) і кіруюцца да размешчаных побач звычайных дзвярэй — на завесах, з даводчыкам і дзяржаннем.

Мажная, бадзёрая і энергічная пенсіянерка, няхітра апранутая, з простым, свойскім, дабрадушным сялянскім тварам, выносіць з крамы дзве добра натаптаныя харчам поліэтыленавыя торбы. Спыняецца, вешае абедзве на сагнутую ў локці левую руку, праваю корпаецца ў адной, у другой — і выцягвае канец каўбаснага ланцуга: каўбаса накшталт хатняй пальцам пханай, толькі зробленая не ў выглядзе кольцаў ці доўгага шланга, а штрыхамі, на манер сардэлек. У кулаку левай рукі заціскае перадапошняе звяно ланцуга, апошняе адрывае і шпурляе сабакам, адразу выцягвае ланцуг яшчэ на адно звяно, паўтарае маніпуляцыю з адрываннем ды кіданнем, зноў напінаецца, аддзіраючы чарговы кавалак (кішка, відавочна, моцная — даводзіцца прыкладаць сур'ёзныя намаганні)...

Сабакі, удзячна матляючы хвастамі, прагна накідваюцца на пачастунак, але паміж сабою не грызуцца, трымаюцца лагодна: да каго бліжэй каўбасіна ўпала, той і спажывае, а іншыя чакальна пазіраюць на пенсіянерку, нібыта ўпэўненыя, што хопіць кожнаму.

Дзверы па-ранейшаму расчыненыя — зграя балюе з камфортам.

Мінакі — і дзеці, і дарослыя — захапляюцца, выгукваюць што-небудзь ухвальнае і заахвочвальнае, здымаюць відовішча на смартфоны. Вечар яшчэ не шчодры, але настрой, відаць, усе ўжо маюць калядны.