29.12.2023

На алкагалічным раздарожжы

Чырвоны твар, шкляныя вочы, запаволенае і няўпэўненае маўленне, марудныя рухі і памылковыя дзеянні (рука пацягнулася па кіпяцільнік, а ўзяла пакладзены побач з ім паяльнік і г.д.) — ужо не аднойчы ў такім стане абслугоўвала мяне гэтая жанчына сярэдняга веку ў кіёску шырспажыву.

Яна іпэшніца, кіёск — яе ўласнасць. Часам прыходжу сюды па ўсялякую гаспадарчую драбязу. Вельмі добра, што засталіся яшчэ дзе-нідзе такога кшталту гандлёвыя кропкі, рудымент дзевяностых, які хутка выціснуць інтэрнэт-крамы з «Алі экспрэсам» на чале. І шкада будзе, калі гэты кіёск сыдзе ў нябыт заўчасна праз алкагалізм яго гаспадыні.

Гадоў пятнаццаць таму знаёмы звёў мяне з уладальнікам фірмы, што праектавала і ўсталёўвала сістэмы відэаназірання. Той замовіў мне сайт для сваёй кампаніі. Я зрабіў. Яшчэ дзесьці на працягу паўгода бізнэсмэн тэлефанаваў мне, удакладняў розныя дэталі, прасіў штосьці дадаць, перарабіць, а пасля знік. І яшчэ праз колькі месяцаў я даведаўся ад чалавека, які звёў нас, што мой кліент спіўся, прадаў фірму, пакінуў сям'ю і стаў бамжом, — проста кіно, аж не верыцца (я быў у яго дома: атмасфера заможнасці і дабрабыту, прыгожыя жонка з маленькай дачкою — чаго не ставала?).

Разам з тым ведаю пажылога іпэшніка, які рамантуе машыны (па ўзросце ўжо сядзеў бы на пенсіі). П'яны ён кругласутачна шмат гадоў запар, і за рулём па горадзе ездзіць п'яным: ад дому да майстэрні яму некалькі хвілін — два-тры скрыжаванні ды павароты, так што паспяхова праскоквае, а калі бачыць здаля ДАІ, то, каб не выпрабоўваць лёс, паварочвае і экстрана карэктуе маршрут.

«Хіба можна працаваць у такім стане?» — здзіўляецца маладая бібліятэкарка, убачыўшы раніцаю праз акно бібліятэкі, як брыгада, што мяняе цеплатрасу, пачынае працоўны дзень: схаваўшыся, наколькі гэта магчыма, паміж экскаватарам і вялізным прычапным кампрэсарам для адбойнага малатка (асфальт курочыць), запраўляюцца чарнілам — закідваюць галовы і заліваюць прама з рыльцаў бутэлек. «Наадварот, яны без гэтага няздольныя, гэта ім, як экскаватару паліва, патрэбна», — тлумачыць ёй больш прыземленая і дасведчаная, вучаная жыццём старэйшая калега.

Якім жа шляхам пойдзе гаспадыня майго любімага кіёска — паўторыць лёс дырэктара фірмы ці прыстасуецца, як аўтамайстар? Пажывём — пабачым. Можа, яшчэ і ўвогуле піць кіне.