Цёмным зімовым вечарам я і адна дзяўчынка засталіся апошнімі двума дзецьмі, якіх бацькі пакуль што не забралі з дзіцячага сада. Мы размаўлялі з ёй, наваліўшыся складзенымі на грудзях рукамі на падаконнік шырокага, метры два, акна, у якім бачылі не вуліцу, а сябе і нашу групу (у памяшканні гарэла святло, а за шыбай панавала цемра).
На падаконніку ляжалі і стаялі (прыхіленыя да шкла) малюнкі нашых аднагрупнікаў (і нашы таксама), намаляваныя фарбамі ў той дзень на занятку. На адным з малюнкаў фарба была накладзена занадта густа ці з празмернай колькасцю вады, і на той момант у адным месцы яна не паспела высахнуць, мокра блішчала. Дзяўчынка цікаўна тыцнула ў бліскучае месца ўказальным пальцам і неасцярожна злёгку размазала той элемент малюнка.
У хуткім часе прыйшла яе маці. Яны штосьці забавіліся ў вопратні, кешкаліся там доўга і ціха, таму выхавальніца, жанчына гадоў пад сорак, займаючыся за сталом нейкімі паперамі, падумала, што дзяўчынка з мамай ужо сышлі. Я працягваў стаяць ля акна, цяпер самотна.
Выхавальніца з нейкай патрэбы падышла да мяне і, убачыўшы размазаны фрагмент малюнка, раздражнёна спытала, ці не ведаю я, хто гэта зрабіў. У адказ я наіўна вымавіў два словы — імя і прозвішча той дзяўчынкі.
— Даць бы па мазгах! — злосна кінула выхавальніца павышаным тонам свайго нізкага, гулкага і сіплага голасу (магчыма, яна курыла, магчыма, мела такую будову маўленчага апарата і дыхальных шляхоў, а магчыма, у яе быў лішак мужчынскіх гармонаў). Прамовіла менавіта гэтую фразу, слова ў слова (калі, вядома ж, з гадамі той эпізод не сказіўся ў маёй памяці).
Дзверы паміж групай і вопратняй былі адчынены, таму шанцаў застацца непачутаю выхавальніца не мела.
— Можна вас на хвіліначку? — спытала нечакана ўзніклая ў дзвярах маці дзяўчынкі.
Выхавальніца выйшла ў вопратню, і паводле галасоў, якія чуліся адтуль на працягу некалькіх хвілін, я зразумеў, што да яе ёсць прэтэнзіі і яна апраўдваецца і просіць прабачэння. Відаць, маці дзяўчынкі падалікатнічала высвятляць адносіны пры чужым дзіцёнку, таму і выклікала апанентку на гутарку ў вопратню.
Пасля сыходу дзяўчынкі з мамай выхавальніца злёгку паўшчувала мяне:
— Ты што, не мог сказаць, што яны яшчэ тут?
Мог, вядома ж, але навошта? Я ж не ведаў, што наша агульная, усіх выхаванцаў групы, другая мама адрэагуе на мой адказ так мазгабойна.
Зрэшты, здагадацца мог бы. Гэтая выхавальніца заўсёды была строгая, грозная, напружаная, гатовая ў любы момант сарвацца і ашалець, істэрычна-крыклівая, дзеці яе не любілі і баяліся — акрамя ўсяго, напэўна, і таму, што ў дадатак да цяжкага характару і агіднага для жанчыны голасу мела яна не самую прывабную знешнасць: нізкая, з квадратнымі плячыма (паміж шыяй і плячом — прамы вугал), зусім несімпатычная тварам (можа, таму, што з яго не сыходзіў пануры і гнеўны выраз, а можа, проста ўвогуле ён меў безнадзейна няўдалую будову, якую не атрымлівалася скарэкціраваць касметыкай). Манера зносін з дзецьмі ў яе была пыхліва-раздражнёная, у духу «якія ж вы ўсе таўкачы, ну колькі можна тлумачыць». Яшчэ яна нярэдка давала волю рукам, аднак у тыя часы, пры Саюзе, гэта, мабыць, успрымалася як штосьці ледзь не ў норме рэчаў, таму і дарабіла выхавальніца без асаблівых праблем да сыходу па ўласным жаданні ў сувязі з пераездам пасля смерці мужа ў Германію на ПМЖ (карані яе былі адтуль, засталіся нейкія сувязі, і ўладкавала яна там, на сваёй гістарычнай радзіме, сваё далейшае асабістае жыццё). У тым ліку і мне аднойчы на фізкультурным занятку, раззлаваўшыся за нейкую маю хібу, яна шпурнула і трапіла ў скроню мяшочкам з пяском ці нейкай іншай сыпучаю субстанцыяй (быў дзеля чагосьці такі спартыўны снарад у форме падушачкі велічынёю з далонь дарослага) — скроня тады пачырванела, выхавальніца крыху спалохалася і ненадоўга пацішэла, але ўсё скончылася без далейшых узрушэнняў, чырвань знікла, і я нават дома не распавёў пра інцыдэнт.
З нашага садаўскага выпускнога мне запомніўся наступны эпізод. Заканчваецца афіцыйная частка ў музычнай зале, хутка пойдзем на салодкі стол у групу. Стаім шарэнгаю, і наша мужыкаватая выхавальніца ідзе ўздоўж нас і са слязамі на вачах абдымае і цалуе кожнага выхаванца. Хлопцы дзіка, істэрычна рагочуць, бо цягам усіх гадоў у дзіцячым садзе ні разу не бачылі гэтую звычайна жорсткую, злосную асобу такой расчуленай і мяккай, нават не здагадваліся, што гэтай страшнай цётцы могуць быць уласцівымі такія эмоцыі, і я заходжуся ад смеху разам з імі і баюся, саромеюся: зараз жа і да мяне дойдзе і мяне пацалуе, а як жа гэта мужыку, салдату будучаму, цалавацца, што за сантыменты дзявочыя, слінапусканне цялячае…
А пасля яна зарумзаная выступала з развітальным словам, у кантэксце якога, між іншым, прамовіла штосьці такога кшталту:
— Ой, шаноўныя бацькі! Колькі ж я за гэтыя гады на іх пакрычала, колькі ж я іх за вушы і валасы пацягала, колькі аплявух панадавала! Божа мой, як жа я да іх прывязалася! Як жа я іх палюбіла! Як жа я цяпер без іх застануся?
Хто каго любіць, той таго чубіць?
© Сяргей Абрамовіч, 2023