03.08.2023

Хварэй за чужых, каб свае не расчаравалі

Дзесьці ў сярэдніх класах (гэта пачатак 90-х) усе мае аднагодкі захапляліся футболам — самі гулялі, па тэлевізары глядзелі і назаўтра ў школе заўзята абмяркоўвалі ход матча. Я гэтага інтарэсу не падтрымліваў і не разумеў, быў салідарны з Кашпіроўскім*, які аднойчы на крытыку сваёй тэлеперадачы адказаў штосьці ў сэнсе «каму не падабаецца, пераключайце на футбол і глядзіце, як дваццаць два дурні ганяюць адзін мяч» (цяпер я ведаю, што гэта ён свядома ці міжволі Райкіна перафразаваў, а тады не ведаў і доўга прыпісваў аўтарства гэтага, скажам так, разгорнутага эпітэта выключна Кашпіроўскаму).

Глядзець футбол, хакей, тэніс, біятлон, баскетбол, валейбол і нават бокс ці барацьбу мне было нудна, а самому бегаць па полі хутка надакучвала: раздражненне ахоплівала, прыкрасць, калі не даваў рады пераняць, дагнаць, абагнаць, трапна ўдарыць і г.д., узнікала адчуванне марнавання часу — лепей на ровары пагойсаць і ўбачыць што-небудзь цікавае, пашныпарыць у пошуках прыгод дзе-небудзь па завуголлі, прадпрыемствах і будоўлях нашай вялікай, з насельніцтвам тады дзесьці пад 7000, вёскі, памайстраваць што-небудзь...

Сябры адчувалі маё стаўленне да іх любімай гульні, і калі мне даводзілася прымаць у ёй удзел, то ставілі мяне ў абарону. На гэтай ролі меней за ўсё трэба было бегаць, і асаблівага спрыту, пранырлівасці яна не вымагала: стой сабе на сваім баку поля, тачы лясы з брамнікам, пакуль сапернік не пачне набліжацца да брамы, а як пачне, кідайся насустрач, машы рукамі, крычы, карацей, дэмаралізуй, каб збіўся з тропу, стукнуў па мячы абы-як і паслаў яго міма варот. Выконваў я гэтую функцыю нібыта добра, ва ўсялякім разе калі дзяліліся на каманды, то ўсе хацелі атрымаць мяне ў якасці абаронцы.

Калі пасля гульні асобныя найбольш эмацыйныя прадстаўнікі нашых камандаў спрачаліся, сварыліся, а то і біліся, прызнаючы або не прызнаючы вынік («Мы выйгралі!» — «Не, нічыя, ваш апошні гол не лічыцца!»), я назіраў за гэтымі сутычкамі з пэўнай цікаўнасцю проста як за канфліктамі, зусім не заглыбляючыся ў іх ідэалагічную сутнасць, не бачачы ганьбы ў пройгрышы і падставы для гонару ў выйгрышы: панасіліся па полі, прабавілі, як маглі, вольны час, не болей за тое.

Дзяцінства маё праходзіла ў Мінскай вобласці, напэўна таму хварэлі ў нас тады ўсе за каманду «Дынама Мінск» (ці больш правільна сказаць, што гэта быў клуб, і, магчыма, праз дэфіс трэба назву пісаць, не ведаю, спартыўнаю тэрміналогіяй, усялякімі лігамі, фіналамі, паўфіналамі і г.д. ніколі не забіваў сабе галаву). Каманда гэтая, наколькі памятаю, у той перыяд заўсёды прайгравала «Дынама Кіеву». Напярэдадні матчаў усе хваляваліся: няхай бы выйгралі, хаця б аднойчы... А назаўтра дзяліліся адзін з адным смуткам: «Ну, што, глядзеў?» — «Глядзеў...» — «Блін, ну як так, ну хаця б аднойчы...» — «Эх...»

Неяк пасля чарговай паразы мінскай каманды адзін мой аднакласнік прыйшоў у школу радасны, урачысты: ура, перамаглі! Яго не зразумелі, і ён растлумачыў, што хварэў за «Дынама Кіеў». «Во дурны», «Ну, блін, прыдурак», — ацанілі ўсе яго заяву. «Затое мая каманда выйграла, а ваша прайграла, мы вас перамаглі! — парыраваў ён зларадна і пыхліва. — І я цяпер заўсёды буду за іх хварэць! А гэтыя недарэкі мне надакучылі, няма чаго іх падтрымліваць!»

Добра, што я ні за кога не хварэў, — не балелі мне паразы, не абураў мяне здраднік, меней засмучэнняў, меней канфліктаў.

__________

* Анатоль Кашпіроўскі. У канцы 80-х — пачатку 90-х праводзіў на тэлебачанні сеансы дыстанцыйнага ўздзеяння на няпэўнае кола асоб (тэлегледачоў) з мэтай, як сцвярджалася, лячэння розных захворванняў.

© Сяргей Абрамовіч, 2023