11.04.2023

Сляза ка́та, пакаранага ахвяраю

Малады вясковец вельмі піў і біў жонку, а пасля неяк пашкодзіў сабе спіну і перастаў хадзіць. З таго часу жонка ўзялася ў якасці адплаты за прынесеныя ёй пакуты штодня праводзіць вось якое мерапрыемства: сцягвала мужыка з ложка за ногі, валакла на ганак і там пя́рыла, што на мясцовым дыялекце значыць «лупцавала, таўкла, дубасіла». Ён роў на ўсю ваколіцу, і ўсе суседзі ведалі, што і чаму ў той хаце робіцца, і ніхто не ўмешваўся, як не ўмешваўся ніхто і раней, калі пярыў ён яе.

Зарос той мужык, кажучы мясцовым фразеалагізмам, як леснікоў сабака: кудлаты, барадаты — не пазнаць.

Неяк, ідучы міма, вырашылі праведаць яго сябры. У адказ на традыцыйнае пытанне «як жыццё?» іх былы сабутэльнік ледзь чутна выдыхнуў: «Ай» і безнадзейна махнуў рукою, а з левага вока выкацілася і схавалася ў зарасніках сляза.

© Сяргей Абрамовіч, 2023