15.06.2023

Не выканаць абы-які загад хопіць розуму, але ці хопіць духу?

Чакаючы сваёй чаргі на замену пасведчання ў МРЭА ДАІ Аршанскага РАУС, пачуў ад бадзёрага, энергічнага дзядка з Талачынскага раёна расповед пра тое, як у яго падчас тэрміновай службы адабралі правы праз п'янага камандзіра:

— Ехаў я на 131-м ЗІЛе. Пуцёўка ў мяне перакрэслена чырвонай паласою: небяспечны груз вязу — выбуховыя рэчывы. Побач са мною — капітан з пісталетам, адну бутэльку гарэлкі выжлукціў, другую адкаркаваную паміж каленяў трымае. Набліжаемся да сумеснага ваенна-міліцэйскага дарожнага паста, стаіць знак «40». Ён мне: «Глядзі, каб ніжэй за 80 не ехаў! І не спыняйся нізавошта, нават калі махаць будуць: спыняць нас не маюць права, у нас небяспечны груз». Ну, я і цісну 80. Яны жэзлам машуць, а я ганю. Мінулі пост — бачу ў люстэрка, даганяе нас «Волга». Дагналі, падрэзалі, спынілі, за рулём — ваенны маёр, побач з ім — міліцэйскі. Мой капітан — дзверы на замок, і мне загадаў замкнуць. Яны торгаюць, а ён пісталет выхапіў. Ну, павалтузіліся, не памятаю ўжо, як дзверы адчынілі, пісталет у яго адабралі, рукі заламілі, скруцілі… У мяне пасведчанне адабралі і прымусілі экзамен пераздаваць разам з нейкай групаю, якая іх яшчэ не мела. А мне што, я тыя правілы ведаў, як «Ойча наш», ад зубоў адскоквалі, пераздаў. Дасталі мне адразу маё пасведчанне з сейфа, вярнулі. А з групы той палова людзей не здала.

Калі я летам далекаватага ўжо 2003-га вучыўся ў адной з аўташкол Барысава, у маёй групе было шмат студэнтаў (а сам я быў маладым спецыялістам): у той час закон дазваляў атрымліваць правы за два месяцы і многія студэнты запісваліся ў аўташколы на летніх вакацыях. Адзін з выкладчкаў, былы ваенны, павучаў аўдыторыю:

— Многія з вас будуць служыць тэрміновую, і хто-небудзь, не выключана, у якасці шафёра. Памятайце: ніколі нельга выконваць незаконныя загады, хто б вам іх ні аддаваў і чым бы ні пагражаў за невыкананне. У маёй практыцы быў выпадак: загрузілі «Урал» з кузавам бярвеннем у лесе, салдаты паселі наверх, па дарозе «Урал» абярнуўся, салдаты ссыпаліся, іх заваліла бярвеннем, і ў выніку шафёра пасадзілі. Таму калі вам будуць загадваць штосьці незаконнае, смела аддавайце такому камандзіру ключы і кажыце: «Ты разумны? На, вязі!»

Яшчэ не паспеўшы атрымаць правы, я адступіў ад гэтай яго рэкамендацыі, выканаўшы сумніўнае распараджэнне інструктара па ваджэнні — сухенькага, нізенькага і па-кавалерыйску крываногенькага мужычка няпэўнага ўзросту, але яўна за трыццаць. Ехалі мы па вуліцы Арджанікідзэ, на якой стаяць знакі «40», пасля дажджу. Я ўзяў улева, каб аб'ехаць вялізную лужыну. У гэты момант нас прама па гэтай лужыне (г. зн. з правага боку) апярэдзіла на шалёнай хуткасці нейкая «Аўдзі». Праз адчыненае акно інструктара абдало, бы з вядра, вадою, да мяне даляцела толькі некалькі пырскаў. Праціраючы залітыя вочы, інструктар зароў:

— Даганяй, даганяй яго! Педаль у падлогу і гані!

Я так і зрабіў. Несліся мы 110 км/г (болей старэнныя, заезджаныя «Жыгулі» шостай мадэлі выціснуць не змаглі), я трымаў педаль газу да канца націснутаю і руліў, а інструктар пераключаў перадачы і прытарможваў (счапленне і тармазы былі і на маім, і на яго баку: вучэбны аўтамабіль). «Аўдзі» знікала з выгляду, прыпынялася, нібы дражнячы, на святлафорах, і зноў адрывалася. Мы ўсё ж дагналі яе каля павароту на раддом (гэта ўжо іншая вуліца, не памятаю якая), і я нават неяк даў рады эфектна, бы ў кіно, з заносам перагарадзіць ёй дарогу.

Інструктар выскачыў, падбег да шкодніка (малады мужык) і стаў чытаць яму маралі: вы мне ўвесь салон забрудзілі, вы правілы парушылі і г.д. Той слухаў, слухаў, а пасля адчыніў дзверы і стаў перад інструктарам з пытаннем накшталт «ну, і што далей?». Ростам ён аказаўся ў два разы вышэйшым, і ў плячах шырэйшым, целаскладу спартыўнага, біцэпсы напампаваныя. Інструктар адразу абвяў і, як пабіты сабака з падціснутым хвастом, вярнуўся ў машыну.

— Паехалі, я з ім яшчэ разбяруся, па-іншаму, — кінуў мне, намагаючыся не губляць твару. А на наступным занятку сказаў, што нявеста гэтага мужыка вучыцца ў нашай аўташколе і цяпер яна нізавошта яе не скончыць. Можа, праўда, а можа, спроба аднавіць растаптаны аўтарытэт.

© Сяргей Абрамовіч, 2023