02.12.2022

Кропля паэзіі ў аўтамеханіцы, або Хто забіў кропку?

Як паэтычна апісваецца ў тэхнічнай літаратуры работа рухавіка ўнутранага згарання з яго «мёртвымі кропкамі»! Верхняя мёртвая кропка, ніжняя мёртвая кропка... Чаму яны мёртвыя? Хто іх забіў? Ці самі памерлі? Калі хтосьці мёртвы, то лагічна, што спачатку ён быў жывым. Чаму нельга сказаць проста «верхняя кропка» і «ніжняя кропка», ці хаця б «канцавая верхняя кропка» і «канцавая ніжняя кропка»? Кропкі мёртвыя таму, што далей за іх поршань не ідзе? Але ж ён у іх не спыняецца, а праз няўлоўную долю імгнення кідаецца ў супрацьлеглым напрамку — і спыніцца толькі калі рухавік заглухне. Нават у халастым рэжыме калянвал аўтамабільнага рухавіка звычайна робіць не меней чым 800 абаротаў за хвіліну — уявіце, з якой частатою пры гэтым скача поршань ад ніжняй да верхняй кропкі, і скажыце, ці здолееце заўважыць момант яго нерухомасці, прастою зверху ці знізу. А хтосьці ж вось заўважыў — і ўзбагаціў аўтамеханіку кропелькай паэзіі. Напэўна, каб нікчэмныя гуманітарыі не ганарыліся: здольныя і тэхнары прыгожым слоўцам фарсануць!