12.11.2022

Савецкі бездарожнік нагадвае пра школьную закаханасць

Спакойным, цёплым і сонечным вераснёўскім днём наш, як цяпер мне здаецца, дзявяты клас (калі так, то ішоў 1993 год) прагнаў з канца ў канец бульбяное поле і рассеўся-разлёгся на ўзлеску, чакаючы, пакуль трактар адвязе ў калгас насыпаны намі прычэп не захопленай бульбакапалкаю драбязы, апарожніць яго і вернецца, каб мы працягнулі аднастайны, нудны і пыльны занятак, які, тым не менш, задавальняў нас болей, чым сядзенне на ўроках.

Ззаду-справа ад мяне гулліва балбатала пара — хлопчык і дзяўчынка, паміж якімі даўно ўжо была заўважана ўзаемная сімпатыя (хадзілі разам, на ўроках сядзелі за адной партаю і заўвагі атрымлівалі за парушэнне дысцыпліны і г.д.).

— Вунь паехала машына маёй мары, гэта мара ўсяго майго жыцця — пракаціцца на такой, — жартоўна-манерна, з дурасліва ўдаваным летуценнем прамовіла яна, паказаўшы пальцам удалячынь, дзе па асфальтавай дарозе ўздоўж супрацьлеглага краю поля імчаў, ззяючы на сонцы нікеляванымі талеркападобнымі накладкамі на дысках колаў (іх звычайна называюць каўпакамі, з чым я катэгарычна не згодзен: не каўпакі гэта, а дыскі, талеркі, накладкі...), крыты брызентам легкавы УАЗ ваеннага колеру.

Я таксама быў крыху закаханы ў гэтую аднакласніцу — злёгку, а крыху мацней — у іншую, яшчэ мацней — у яшчэ адну, і ў яшчэ адну — вельмі моцна, па вушы: карацей, паклонніца савецкага бездарожніка падабалася мне менш за трох іншых прыгажунь (менавіта прыгажосць з'яўлялася для мяне галоўным крытэрыем: ступень закаханасці была прама прапарцыянальнаю ступені прыгажосці аб'екта), але больш за ўсіх астатніх. Не памятаю, што адказаў ёй хлопец наконт яе мары, а я пасля міжвольнага падслухоўвання гэтай рэплікі стаў часам пракручваць ва ўяўленні наступны сцэнарый: стаўшы дарослым, набываю такога УАЗа і завалодваю сэрцам дзяўчыны.

У хуткім часе яна стала кепска вучыцца, курыць, сустракацца са старэйшымі хлопцамі, і ў дзясяты клас не пайшла, паступіла ў нейкае вучылішча. З прычыны яе аддалення ад нас (равеснікаў) і наступнага знікнення я не надта бедаваў, бо ў маёй амурнай іерархіі яна, як я ўжо казаў, займала чацвёртую прыступку з чатырох (былі, праўда, аб'екты і з іншых класаў, але іх, каб не ўскладняць і нагрувашчваць, я зараз у разлік не бяру). Фантазіі пра катанне на УАЗе на час знікнення яе з майго кругагляду мяне ўжо не наведвалі, але асацыяцыі такія застаюцца па сённяшні дзень: прыгадаю тую аднакласніцу — уяўляецца УАЗ, трапіць на вочы гэтая машына (сустракаюцца ў наш час яшчэ нават і брызентавыя: напрыклад, бачыў менавіта такое аўто 05.11.2022 г. ў Барысаве на вул. Арджанікідзэ) — паўстае вобраз дзяўчынкі.

Не абышлася без адпаведных асацыяцый і такая прыемная падзея, як атрыманне вадзіцельскага пасведчання. Навучаючыся ў аўташколе, я праглядваў у газеце аб’явы аб продажы машын. Ішоў 2002 год, і рынак патрыманых транспартных сродкаў быў яшчэ вельмі насычаны вырабамі савецкага аўтапраму: людзі прапаноўвалі за 200 — 300 долараў (а я меў у загашніку каля 700) «Жыгулі», «Запарожцы», ЛуАЗы, УАЗы, «Волгі»… На шчасце, хапіла розуму ўстрымацца ад такога набытку, бо на той час я мала што петрыў у абслугоўванні і рамонце аўто, а таму, зачытваючыся аб'явамі, рызыкаваў стаць уладальнікам груду металалому, які нізавошта не прайшоў бы тэхагляд. І вось нарэшце шчаслівы спякотны жнівеньскі дзень. Я, паспяхова здаўшы экзамены (тэорыю і ваджэнне) у ДАІ, не крочу, а плыву па хвалях натхнення гарадской вуліцаю і пазіраю на плынь машын ужо неяк па-іншаму, не так, як раней: дагэтуль машына была для мяне забароненым плодам, а цяпер я роўны з тымі, хто сядзіць за рулём! І раптам у гэтай шматколерна-шматгалосай разнастайнасці бачу ГАЗ-69 (так званы «Казёл», падобны да УАЗа) са скінутым брызентам. Кіруе гэтым шыкоўным кабрыялетам сярэдзіны мінулага стагоддзя хлопец дзесьці майго ўзросту. І мне адразу прыходзіць думка: вось і я магу выкапаць нешта такога кшталту ў аб’явах, і тады застанецца толькі адшукаць аднакласніцу...